Майстар-класы для студэнтаў філалагічнага факультэта БДУ

6 снежня 2017 года на базе ДУА «Сярэдняя школа № 135 г. Мінска» прайшлі тры майстар-класы для студэнтаў філалагічнага факультэта БДУ, якія правёў намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце, настаўнік беларускай мовы і літаратуры Баравік Максім Валер’евіч. Трэба адзначыць, што М. В. Баравік – выпускнік філалагічнага факультэта 2014 года, аднак ужо ў 2016 годзе па выніках гарадскога конкурсу педагагічнага майстэрства Максім Валер’евіч Баравік быў прызнаны лепшым настаўнікам года. Вядучая ідэя яго педагагічнага вопыту заключаецца ў стварэнні цэласнай сістэмы ўяўленняў аб шляхах фарміравання моўных, камунікатыўных і лінгвакультуралагічных уменняў і навыкаў навучэнцаў сродкамі тэкстацэнтрычнага падыходу.

Апошнім часам Максім Валер’евіч паспяхова сумяшчае адміністрацыйную, педагагічную і навуковую працу. Кіраўніком яго дысертацыйнага даследавання з’яўляецца доктар педагагічных навук прафесар кафедры рыторыкі і методыкі выкладання мовы і літаратуры філалагічнага факультэта БДУ Вольга Уладзіміраўна Праскаловіч. Па яе ж ініцыятыве і былі арганізаваны майстар-класы.

На майстар-класах прысутнічалі і прынялі актыўны ўдзел настаўнікі з розным педагагічным вопытам: пачаткоўцы (студэнты 4 курса, у якіх неўзабаве пачынаецца педагагічная практыка) і сапраўдныя прафесіяналы сваёй справы, аднак усе змаглі яшчэ раз пераканацца, якім павінен быць сапраўдны ўрок беларускай мовы і літаратуры. Усе прысутныя адзначылі, што сучасная школа якасна аднаўляецца, выкарыстоўваючы традыцыйныя і інавацыйныя падыходы да арганізацыі адукацыйнага працэсу. Але ж нязменнай формулай поспеху ў прафесійнай справе была і ёсць… ЛЮБОЎ! Любоў да таго, што выкладаеш, і да тых, каму выкладаеш.

Варта адзначыць, што адміністрацыяй школы былі створаны спрыяльныя ўмовы для арганізацыі і правядзення такога важнага для студэнтаў мерапрыемства, у сувязі з чым дэкан філалагічнага факультэта БДУ, доктар філалагічных навук, прафесар Іван Сямёнавіч Роўда накіраваў падзячнае пісьмо. Яшчэ з большай прыемнасцю хочацца падкрэсліць, што дырэктар ДУА «Сярэдняя школа № 135 г. Мінска» Вікторыя Віктараўна Крупень – выпускніца філалагічнага факультэта БДУ 2000 года. 

Як бачым, повязь пакаленняў філолагаў розных гадоў не перарываецца, а майстар-класы ў межах супрацоўніцтва «школа-БДУ» стануць добрай традыцыяй. Лічым, што такое цеснае супрацоўніцтва са школай дазволіць выкладчыкам факультэта пераарыентаваць навукова-метадычную падрыхтоўку студэнтаў з засваення ведаў і фарміравання ўменняў менавіта на дзейнасныя характарыстыкі будучай педагагічнай прафесіі, што асабліва запатрабавана на сучасным этапе адукацыі.

Справаздачу аб праведзеным мерапрыемстве можна ўбачыць на сайце школы: http://sch135.minsk.edu.by/ru/main.aspx?guid=19913.