Мерапрыемства, прымеркаванае да Міжнароднага дня дзіцячай кнігі

Кожнаму з нас знаёмы афарызм: "Усе мы родам з дзяцінства". Гэта выслоўе можна працягнуць так: "Усе мы родам з дзіцячай і юнацкай кнігі", бо ўсе мы раслі разам з ёю.

Пра свае самыя любімыя з дзіцячых гадоў, самыя запаветныя старонкі – і пра іх чароўныя "маўленчыя сакрэты", не прытойваючыся, у жывым палілогу распавялі адзін аднаму замежныя студэнты-філолагі, у межах мерапрыемства, прымеркаванага да Міжнароднага дня дзіцячай кнігі і арганізаванага кафедрай рыторыкі і методыкі выкладання мовы і літаратуры. Была прадстаўлена займальная мадэль імітацыйна-ролевай гульні – "Кніжны кірмаш дзіцячых і юнацкіх кніг". Пачэснае месца ў размове было адведзена жанру казкі – таго "золата", якое, як выказаўся імяніннік гэтага тыдня, Ганс Хрысціян Андэрсан, дорыць чытачу бляск цікавасці ў вачах. Пры гэтым любыя з даўніх часоў творы, з прафесійна-філалагічнага і метадычнага пункту гледжання, выступалі для студэнтаў як культурна-гістарычныя аналагі-прататыпы ў няпростым майстэрстве дасягнення выразнасці мовы, стварэння асаблівай маўленчай атмасферы. Работу магчыма працягнуць стварэннем калектыўнага творчага партфоліо замежнай вучэбнай групы па спецыяльнасці "Рамана-германская філалогія".