Навуковая стажыроўка студэнтаў спецыяльнасці «Класічная філалогія» ў Варшаўскім універсітэце

Трэці год запар студэнты-класікі з філалагічнага факультэта БДУ праводзяць май на акадэмічных «вакацыях» у Варшаве. Гэтыя навуковыя стажыроўкі – плён ужо сталага супрацоўніцтва кафедры класічнай філалогіі БДУ з факультэтам «Artes liberalеs» («Вольныя мастацтвы») Варшаўскага ўніверсітэта і міжнародным праектам «Our Mythical Childhood… The Reception of Classical Antiquity in Children’s and Young Adults’ Culture in Response to Regional and Global Challenges» («Наша міфічнае дзяцінства… Рэцэпцыя антычнасці ў дзіцячай і моладзевай культуры як адказ на рэгіянальныя і глабальныя праблемы»). Як і раней, вынікам такой паездкі стаў не толькі адукацыйны досвед. Студэнты прывезлі ў Беларусь і больш свежы погляд на звыклыя заняткі, і заразлівы энтузіязм замежных калег.

Чарговы раз трапіць у Варшаву ў якасці гасцей факультэта «Artes liberalеs» – асалода. Бо гэта магчымасць прымераць на сябе – няхай і на нядоўгі час – іншую сістэму адукацыі. Тыя самыя дысцыпліны, якія штодзённа вывучаюцца ў межах спецыяльнасці «Класічная філалогія», паўстаюць пад іншымі, часам нечаканымі, ракурсамі. Хіба такое не стымулюе паглядзець на свае веды па-за звыклымі рамкамі? Досвед замежнай стажыроўкі, безумоўна, дапамагае рассунуць свае акадэмічныя гарызонты: новымі тэхнікамі, новымі падыходамі ці новым фарматам.

Дзейнасць студэнтаў на стажыроўцы была разнастайнай. Ад лекцыйных і семінарскіх заняткаў на факультэце альбо працы над уласнымі дыпломнымі праектамі ва ўтульнай бібліятэцы ўніверсітэта – да даволі інтэнсіўнага тыдня навукова-практычнай канферэнцыі «The Present Meets the Past» («Сучаснасць сустракаецца з мінулым»). Праект «Наша міфічнае дзяцінства…» сёлета функцыянаваў менавіта ў такім фармаце: больш камерным, але зусім не менш насычаным.

На пасяджэннях канферэнцыі, якія зрэдку дзяліліся на тэматычныя секцыі, студэнты не толькі даведаліся пра ўплыў тэкстаў Светонія на моладзевыя коміксы пра Калігулу ці Нерона, пра культурную матрыцу Камеруна альбо гісторыю неапублікаванага ў камуністычныя часы перакладу «Метамарфоз» Авідзія. Асобныя практычныя заняткі былі прысвечаны старажытнагрэчаскім танцам і стварэнню ўласных чорна- ці чырвонафігурных ваз на папяровым шаблоне. А пасяджэнне на тэму «Mythology and Autism» («Міфалогія і аўтызм») наогул прайшло ў кавярні, якую адкрылі людзі з аўтызмам і з дапамогай якой яны забяспечваюць уласную фінансавую самастойнасць; гутарка там ішла пра тое, як, напрыклад, міфы пра Геракла дапамагаюць падчас псіхатэрапіі працаваць з агрэсіяй хлопцаў-падлеткаў. Студэнтам таксама пашанцавала не толькі прысутнічаць на прэзентацыі новай анімаванай вазы брытанскага праекта «Panoply Vase Animation Project», але і атрымаць інсайд ад кіраўніцтва Нацыянальнага мастацкага музея Варшавы, як будуць выглядаць залы, прысвечаныя Старажытнай Грэцыі і Рыму, якія цяпер рэстаўрыруюцца.

Для студэнцкай секцыі канферэнцыі студэнты-класікі з БДУ, напэўна, самыя малодшыя са сталых удзельнікаў, рыхтавалі персанальныя выступленні, тэмы якіх злучалі антычнасць з сучаснай беларускай моладдзю: «Лацінскія надпісы як элементы антычнай і сучаснай культуры» (А. Ціхановіч і Н. Мужыла), «Ажыўшыя класічныя міфы ў творчасці сучаснага беларускага графіка Рамана Сустава» (А. Лявончык), «Навуковая фантастыка, музыка, антычная астраномія: іх уплыў на беларускую моладзь» (Я. Піпко) і «Антычныя карані сацыяльнага актывізму» (А. Герус). Асабліва прыемнымі былі кампліменты і падбадзёрванні ад ужо сталых і вядомых даследчыкаў, якія звярталіся па-лацінску з падзякай не толькі за прэзентацыю, але і за па-лацінску сказаную прывітальную прамову.

Студэнцкая навуковая стажыроўка такога кшталту – гэта магчымасць не толькі зарадзіцца навуковым запалам ці даведацца, чым жывуць замежныя даследчыкі. Гэта не менш цудоўны шанец праверыць свае веды і нарэшце дазнацца, што іх якасць не змяншаецца і не знікае са зменай адзнакі тваёй геалакацыі.