Семінарскія заняткі “Станаўленне і развіццё метадычнай думкі на Беларусі”

10 кастрычніка студэнты 1-га і 4-га курсаў спецыяльнасці “Беларуская філалогія” наведалі Нацыянальную бібліятэку Беларусі. У рамках Міжнароднай выставы “Беларусь і Біблія” адбыліся семінарскія заняткі па тэме “Станаўленне і развіццё метадычнай думкі на Беларусі”, арганізаваныя прафесарам кафедры рыторыкі і методыкі выкладання мовы і літаратуры Праскаловіч Вольгай Уладзіміраўнай і дацэнтам Саматыя Ірынай Мікалаеўнай. Удзел у мерапрыемстве прыняла загадчык кафедры, кандыдат педагагічных навук, дацэнт Таяноўская Ірына Уладзіміраўна.

Беларуская методыка навучання мове і літаратуры мае сваю гісторыю і багатую спадчыну. Дзейнасць Францыска Скарыны правамоцна разглядаць не толькі як пачатак кнігадруку, але і як дзейнасць, якая заклала асновы арганізацыі мэтанакіраванага навучання грамаце (чытанню і пісьму).

Беларускі інтэлектуал характарызаваў “Біблію” як аснову ўсіх сямі вызваленых навук. “Бивлия руска, выложена доктором Франциском Скориною из славного града Полоцька” служыла галоўнай мэце – “людем посполитым к доброму научению”. Нават загаловак паказвае, што сучасны асобаснаарыентаваны падыход у навучанні ідзе ад нашага знакамітага асветніка.

Ф. Скарына выступае як моцны аўтарытэт, які шмат ведае, а таму і робіць. Ён навучае ўсяму, што лічыць патрэбным, абапіраючыся на свае веды і навуку. Гэта своеасабліва выказанае “я” асветніка можна было адчуць праз грунтоўны аповед экскурсавода.

Заняткі ў Музеі кнігі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі былі арганізаваны з выкарыстаннем метадаў актыўнай камунікацыі, інтэрактыўных і эўрыстычных метадаў навучання.

Студэнты-філолагі сталі не толькі слухачамі, якія ўспрымаюць інфармацыю, назіральнікамі, якія глядзяць на ўнікальныя экспанаты, але таксама актыўнымі ўдзельнікамі працэсу пазнання Кнігі Кніг – Бібліі. Актыўнае і інтэрактыўнае навучанне – гэта, перш за ўсё, дыялогавае навучанне, падчас якога ажыццяўляецца ўзаемадзеянне і эмацыянальная еднасць усіх удзельнікаў суразмоўя. Студэнты мелі магчымасць праявіць і свае крэатыўныя здольнасці. У рамках выставачнага праекта “Беларусь і Біблія” студэнты-філолагі асвоілі тэхніку ксілаграфіі, змаглі сваімі рукамі стварыць адбіткі на паперы, зробленыя з гравюр Скарыны. Змаглі ўявіць сябе праз фотаздымак самім Францыскам Скарынам.

Падчас музейна-бібліятэчных заняткаў адбылася творчая сустрэча з Алесем Аляксандравічам Сушам, намеснікам дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі па навуковай і выдавецкай дзейнасці, кандыдатам культуралогіі, даследчыкам і папулярызатарам спадчыны Францыска Скарыны.

У выніку арганізаванага эўрыстычнага дыялогу чацвёртакурснікі, якія цяпер засвойваюць методыку выкладання мовы і літаратуры, змаглі наглядна пераканацца ў тым, што дыдактычныя прынцыпы, закладзеныя Ф. Скарынам, вельмі сучасныя. Пры стварэнні вучэбнай літаратуры для школы выкарыстоўваюць яго прыёмы: а) прэзентацыя новай літары адпаведным малюнкам-асацыяцыяй; б) выкарыстанне невялікага фармату вучэбнай кнігі; в) даступнасць у падачы матэрыялу; г) выкарыстанне перакладных і тлумачальных слоўнікаў у падручніках па мове; д) падача літар не толькі ў прамым, але і адваротным парадку з мэтай іх хутчэйшага запамінання і інш.

У студэнтаў таксама з’явілася ўнікальная магчымасць пазнаёміцца з факсімільным узнаўленнем першага ў свеце “Буквара”, беларускага “Буквара”. 2018-ы праходзіць у Беларусі пад знакам 400-годдзя “Буквара”. Як адзначыў Алесь Суша, амаль ні ў аднаго з беларускіх даследчыкаў раней не было магчымасці ўбачыць унікальнае выданне на свае вочы. На радзіме ні аднаго асобніка не захавалася: іх проста “зачыталі да дзірак”, як часта бывае з вучэбнымі выданнямі.

Прафесар кафедры рыторыкі і методыкі выкладання мовы і літаратуры Праскаловіч Вольга Уладзіміраўна (дарэчы, адзін з удзельнікаў міжнароднага праекта “Буквар”) засяродзіла ўвагу студэнтаў на значэнні першага “Буквара” ў развіцці сучаснай букварыстыкі, методыкі пачатковага навучання.

Праведзеныя заняткі не ў звыклай абстаноўцы аўдыторыі, а ў Музеі кнігі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі вызначаюцца навізной, міждысцыплінарнасцю, накіраваны на крэатыўнае развіццё студэнтаў, стымуляванне іх чытацкай актыўнасці, фарміраванне гонару за дасягненні і багатыя традыцыі айчыннай кніжнай, метадычный і акадэмічнай культуры.

Сімвалічна і тое, што першакурснікі, якія толькі пачынаюць авалодваць культурай акадэмічнай вучобы, змаглі пазнаёміцца з храмам ведаў, адчуць аўру гэтага храма, каб на працягу сваіх студэнцкіх гадоў знаходзіць там сучасныя веды і натхненне на іх прымяненне ў будучай прафесіі – беларускага філолага.