КУЛЬТУРНАЯ АКЦЫЯ «МОЙ РОДНЫ КУТ…» ДА ГОДА МАЛОЙ РАДЗІМЫ Ў БЕЛАРУСІ

Лістапад месяц распачаўся на філалагічным факультэце шэрагам мерапрыемстаў, прысвечаных Году малой радзімы ў Беларусі. Рэалізацыю культурнай акцыі «Мой родны кут…», ініцыятарам якой стала кафедра сучаснай беларускай мовы, распачалі студэнты малодшых курсаў пад кіраўніцтвам дацэнта А.Л. Садоўскай.

Брукаваныя вуліцы Мінска, велічныя касцёлы Гародні, старыя сады ля Сафіі ў сівым Полацку... Маленькія гарадкі і ціхія вёсачкі, дзе ўсё нагадвае пра дзяцінства... Людзі, якія ствараюць адчуванне ўтульнасці і бяспекі... Гэта –  наша малая радзіма, мясціны, дзе жыве сэрца. Мерапрыемствы да года малой радзімы сталі сапраўдным святам для ўсіх удзельнікаў. Гэта было шчырае памкненне даведацца больш пра розныя куткі Беларусі, распавесці пра свой родны кут і аддаць даніну павагі зямлі, якая ўскарміла…

Студэнтамі першага курса спецыяльнасці «Славянская філалогія» быў рэалізаваны праект «Зямля, на якой пашчасціла нарадзіцца: падарожжа па малой радзіме». Праз свае мультымедыйныя праекты і шчырыя апавяданні студэнты падзяліліся разнастайнымі цікавосткамі, паданнямі, сваімі думкамі пра малую радзіму. Выступленні суправаджаліся незабыўнымі эмоцыямі і вызначаліся крэатыўным падыходам да падачы матэрыялу: студэнты прапанавалі аўдыторыі падрыхтаваныя ўласнымі намаганнямі відэаролікі і прэзентацыі, вершы сваіх знакамітых землякоў і ўласныя паэтычныя і празаічныя мініяцюры.

Леся-Стэфанія Міхалевіч з пяшчотай распавяла пра дзяцінства ў родным Мінску і пра людзей, якія стварылі гэты цуд – адчуванне шчасця і захаплення жыццём. Менавіта яны для Лесі-Стэфаніі – яе малая радзіма. Юлія Шлемен пазнаёміла аднагрупнікаў з родным Бабруйскам: гэта было незабыўнае падарожжа па вулачках і скверах, знаёмства з адметнымі скульптурнымі і архітэктурнымі збудаваннямі, з цікавымі звычкамі жыхароў горада і гісторыяй сваёй сям’і. Вікторыя Янушкевіч распавяла гісторыю Гальшан ад імя Белай Панны, Уладзіслаў Тарановіч зацікавіў слухачоў духоўным жыццём Драгічына, а Ніна Мяшкова пазнаёміла з адметнасцямі Белаазёрска. Марына Кекелева захапляльна расказала пра Уваравічы, а Яна Іванюк і Наталля Карнацэвіч – пра чароўны Мінск. Удзельнікам спадабаліся і мінскія цікавосткі Святланы Дзірвук, шчырыя словы Валерыі Леу пра Капыль, легенды Мінска Лізаветы Шаховіч. Кожнае выступленне было непаўторным, вельмі крэатыўным і захапляльным.

 На базе другога курса спецыяльнасці «Беларуская філалогія» адбылася пазнавальная гульня-віктарына «Паклон табе, мой родны краю!..». Кожны тур гульні быў напоўнены разнастайнымі звесткамі пра знакамітыя месцы Беларусі, іх гісторыю і традыцыі рэгіёнаў. У першым туры пад назвай «Мясціны, якімі можа ганарыцца Беларусь», удзельнікі павінны былі з дапамогай цікавых фактаў вызначыць мясціну ці славуты будынак, якія з’яўляюцца бясспрэчнай каштоўнасцю Беларусі. Студэнты падзялілія на дзве каманды: «Гражына» і «Дзяўчынкі з мінулага і Павел». Абедзве каманды з вялікім азартам давалі адказы на пытанні, але па выніках першага тура каманда «Дзяўчынкі з мінулага...» ўсё ж вырвалася наперад. Другі тур быў прысвечаны архітэктурным помнікам нашай краіны. Ён асабліва ўразіў студэнтаў, бо абудзіў успаміны пра малую радзіму ў сэрцы кожнага з прысутных. Надалей удзельнікам віктарыны былі прапанаваны цытаты з твораў, якія славутыя паэты і пісьменнікі прысвяцілі сваёй малой радзіме – гарадам  і вёскам Беларусі. Пераможцамі віктарыны сталі «Дзяўчынкі з мінулага і Павел», аднак абедзве каманды прадэманстравалі глыбокія веды пра гісторыю і сучаснасць сваёй краіны. Удзельнікі атрымалі вялікае задавальненне ад гульні і  ўзбагацілі свой кругагляд.

Акцыя «Мой родны кут…»  на філалагічным факультэце БДУ працягваецца да канца лістапада.