Вынікі конкурсу творчых работ студэнтаў «Культурная спадчына антычнасці і сучаснасць»

Падведзены вынікі традыцыйнага агульнаўніверсітэцкага конкурсу творчых прац студэнтаў «Культурная спадчына антычнасці і сучаснасць», арганізаванага ГА «Саюз жанчын БДУ» і кафедрай класічнай філалогіі БДУ. Мэтай конкурсу з’яўляецца развіццё асобы студэнта, актывізацыя яго творчага мыслення і пазнавальных здольнасцей, развіццё ўменняў разглядаць вывучаныя з’явы і пытанні з розных пунктаў погляду. Аналізуючы ўплыў антычнай спадчыны на еўрапейскую і беларускую культуру, студэнты, якія вывучаюць лацінскую мову і антычную літаратуру, падрыхтавалі ўласныя творчыя «адукацыйныя прадукты», якія патрабавалі ад іх як пошукавай дзейнасці, так і намаганняў творчага ўяўлення. Мерапрыемства выклікала вялікую цікавасць сярод навучэнцаў. Свой погляд на рэцэпцыю антычнасці ў сучасным культурным асяроддзі прадставілі студэнты філалагічнага, юрыдычнага, гістарычнага, біялагічнага факультэтаў, факультэта сацыякультурных камунікацый і інш. Папярэдні прагляд прац ажыццяўлялі супрацоўнікі кафедры класічнай філалогіі. Для ўдзелу ў конкурсе было адабрана 90 прац. У склад журы конкурсу ўвайшлі: старшыня ГА «Саюз жанчын БДУ» праф. кафедры гісторыі беларускай літаратуры І. В. Казакова; супрацоўнікі кафедры класічнай філалогіі БДУ: дац. В. Г. Пракапчук, дац. К. А. Тананушка, дац. Я. У. Прыстаўка, дац. К. В. Стрыга, дац. А. У. Кірычэнка, ст. выкл. Ю. А. Сядзініна-Баркоўская, ст. выкл. Н. В. Пратасевіч, выкл. А. У. Давыдава.

Журы адзначыла захопленасць студэнтаў заяўленай тэмай, крэатыўны падыход і выдатныя творчыя здольнасці. Без сумневу, падчас конкурсу прадуктыўна вырашаецца задача пашырэння культуразнаўчых гарызонтаў пазнання студэнтаў. Напрыклад, на плакаце «Ars una, species mille» студэнтка 2 курса філалагічнага факультэта М. Благачынная праілюстравала лацінскі афарызм маляўнічай падборкай выбітных твораў сусветнага жывапісу. Студэнт 2 курса філалагічнага факультэта К. Лазоўскі ў эсэ «Што б Вы зрабілі на месцы Энэя, які пакінуў Дыдону?» дасціпна выкарыстоўвае тэхніку прыняцця рашэнняў «Квадрат Дэкарта». Студэнтка 2 курса філалагічнага факультэта М. Кузняцова ў яскравым і эмацыянальным цыкле вершаў «Недолог век пифийского авлода…» дэманструе выдатнае веданне літаратуры і культуры Старажытнай Грэцыі.

Выстава конкурсных прац і ўзнагароджанне дыпламантаў конкурсу прайшлі на філалагічным факультэце БДУ 21 снежня 2018 г. Уручэнне дыпломаў суправаджалася яскравай слайд-прэзентацыяй, якая дэманстравала працы пераможцаў. У намінацыі «Малюнак» дыплом I ступені атрымала А. Косціна (ФСК, 1 курс), дыплом II ступені – Л. Саліева (юрыдычны факультэт, 1 курс) і Н. Варанько (філалагічны факультэт, 2 курс), дыплом III ступені – А. Сергіенка (ФСК, 1 курс) і А. Базык (юрыдычны факультэт, 1 курс). У намінацыі «Графіка» дыплом I ступені атрымала Г. Герман (філалагічны факультэт, 1 курс), дыплом II ступені – А. Лаўрыненка (юрыдычны факультэт, 1 курс) і П. Цвяткова (юрыдычны факультэт, 1 курс), дыплом III ступені – А. Канановіч (юрыдычны факультэт, 1 курс) і У. Абаева (філалагічны факультэт, 1 курс). У намінацыі «Плакат» дыплом I ступені атрымала М. Благачынная (філалагічны факультэт, 2 курс). У намінацыі «Прыкладная творчасць» дыплом I ступені атрымала Д. Часнакова (ФСК, 1 курс), дыплом II ступені – Д. Кахавец (філалагічны факультэт, 2 курс), дыплом III ступені – У. Грынько, І. Каструкоў (юрыдычны факультэт, 1 курс) і Л. Шыкула (юрыдычны факультэт, 1 курс). У намінацыі «Паэзія» дыплом I ступені атрымалі Д. Вераб’ёва (філалагічны факультэт, 1 курс) і М. Кузняцова (філалагічны факультэт, 3 курс), дыплом II ступені – В. Ускова (філалагічны факультэт, 1 курс) і Г. Бубен (філалагічны факультэт, 1 курс), дыплом III ступені – К. Пашукевіч (філалагічны факультэт, 2 курс) і М. Варанцоў (філалагічны факультэт, 2 курс). У намінацыі «Эсэ» дыплом I ступені атрымаў К. Лазоўскі (філалагічны факультэт, 2 курс), дыплом II ступені – А. Фраленкова (юрыдычны факультэт, 1 курс), дыплом III ступені – Д. Багатка (юрыдычны факультэт, 1 курс).

Самым крэатыўным праектам конкурсу была прызнаная сумесная праца Л. Лойка (ФСК, 1 курс) і К. Швец (філалагічны факультэт, 1 курс) пад назвай «Хвалі», прысвечаная творчасці Сапфо, якая атрымала дыплом I ступені (тут).