Cустрэча з прадстаўнікамі працадаўцаў

Кафедрай сучаснай беларускай мовы 19 сакавіка 2019 г. у 18.45 (аўд. 47) была арганізавана сустрэча «Мы выбіраем, нас выбіраюць…» з прадстаўнікамі патэнцыяльных працадаўцаў Юліяй Алейчанка, беларускай пісьменніцай, літаратурным крытыкам, перакладчыкам, рэдактарам аддзела паэзіі часопіса «Полымя», выпускніцай філалагічнага факультэта, і Настассяй Мядзелка, літаратурным рэдактарам Выдавецкага дома «Сегмент», таксама выпускніцай філалагічнага факультэта.

Сустрэча была прызначана найперш для студэнтаў, якія атрымліваюць кваліфікацыю «Літаратурна-рэдакцыйны супрацоўнік», але былі запрошаны студэнты ўсіх спецыяльнасцей, бо закраналіся вельмі актуальныя для саіскальнікаў вакансій у рэдакцыях і выдавецтвах пытанні:

  • Структура і змест рэзюмэ (абодва запрошаныя спецыялісты падкрэслілі, што біяграфія і рэзюмэ – не тоесныя, хаця і сумежныя тэксты). Н. Мядзелка адзначыла, што недастаткова проста перадаць папяровае рэзюмэ працадаўцу, трэба “абараніць” прадстаўленыя факты, уменні, здольнасці на сумоўі, пры неабходнасці прадэманстраваць навыкі работы з тэкстам (рэдактарская праўка, карэктура, частковы пераклад і пад.);
  • Ю. Алейчанка ў выглядзе міні-віктарыны прадэманстравала студэнтам, што пры працаўладкаванні неабходна ведаць гісторыю і кірункі работы ўстановы, на вакансію якой саіскальнік прэтэндуе (вельмі дарэчнымі былі падрыхтаваныя ў якасці прызоў за правільныя адказы нумары часопіса «Полымя»).

Студэнты прадэманстравалі зацікаўленасць праблематыкай сустрэчы, задавалі дарэчныя пытанні, многія будучыя маладыя спецыялісты далі правільныя адказы на пытанні міні-віктарыны Ю. Алейчанка.

Улічваючы карысны вопыт нашых выпускнікоў, якія наведваюць факультэт ужо ў якасці прадстаўнікоў патэнцыяльных працадаўцаў, у далейшым такія сустрэчы плануецца зрабіць сістэматычнымі.