СХОД СТУДЭНТАЎ-ПРАКТЫКАНТАЎ НА ФІЛФАКУ

27 сакавіка прайшоў установачны сход студэнтаў 3 курса стацыянара і 4 курса завочнай формы навучання спецыяльнасці «Беларуская філалогія» па арганізацыйных і метадычных пытаннях вытворчай (літаратурна-рэдакцыйнай) практыкі. Арганізатар факультэцкай практыкі Алесь Іванавіч Бельскі, загадчык кафедры гісторыі беларускай літаратуры, адзначыў, што стажыроўка ў выдавецтвах і рэдакцыях СМІ дае студэнтам магчымасць далучыцца да прафесійнай дзейнасці, авалодаць пэўнымі практычнымі ведамі і кампетэнцыямі ў літаратурна-рэдакцыйнай працы, прадэманстраваць свае прафесійныя і творчыя здольнасці. У якасці вытворчых пляцовак сёлета абраны Выдавецкі дом «Звязда», выдавецтва «Адукацыя і выхаванне» Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Упраўленне рэдакцыйна-выдавецкай работы БДУ. Кіраваць групамі студэнтаў будуць прафесар А. І. Бельскі, дацэнты кафедры гісторыі беларускай літаратуры Л. В. Алейнік і І. Э. Багдановіч. У выдавецкіх установах за практыкантамі будуць замацаваны вопытныя рэдактары, супрацоўнікі часопісаў «Полымя», «Маладосць», «Беларуская мова і літаратура». Некалькі студэнтаў выказалі жаданне набываць практычны досвед у рэгіянальных СМІ. У канцы красавіка плануецца справаздачны сход па выніках літаратурна-рэдакцыйнай практыкі.