Стараста Мікалай Шульга перамог у фінале конкурсу «Лепшы стараста БДУ»

На працягу месяца старасты Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта змагаліся за тытул лепшага старасты. 2 красавіка адбыўся фінал, у якім выступілі старасты філалагічнага факультэта Марыя Пятрэнка і Мікалай Шульга. Перад тым, як патрапіць на сцэну Ліцэя БДУ, яны прайшлі складаны шлях. Першапачаткова Мікалая і Марыю чакала складанае фізічнае выпрабаванне: кросфіт, з якім яны цудоўна справіліся. Па выніках кросфіта Марыя заняла першае месца, а Мікалай – другое. Надалей іх чакала змаганне за званне самага эрудыраванага. І тут зноў нашых стараст чакаў поспех: Марыя вельмі хутка справілася з заданнямі школьнай праграмы і вырвалася наперад. Але для замацавання поспеху філфакаўцам трэба было прайсці яшчэ адно выпрабаванне – ралёўку, дакладне ралявую гульню з элементамі рэальнасці. У выніку Мікалай і Марыя сталі лідарамі. Акрамя таго, канкурсанты павінны былі прадставіць дэфіле і творчы нумар. Марыя выканала цудоўную песню на беларускай мове, якая вельмі расчуліла журы. Мікалай вырашыў здзівіць залу песняй у суправаджэнні музычных інструментаў. З перавагай у 0,5 бала Мікалай Шульга перамог.

Ганарымся сваімі старастамі, а таксама дзякуем Савету стараст БДУ за дапамогу!