Праект студэнтаў-класікаў у экспазіцыі Рэспубліканскай выставы

17–19 красавіка ў Мінску прайшла XVIII Рэспубліканская выстава навукова-метадычнай літаратуры, педагагічнага вопыту і творчасці навучэнскай моладзі. Экспазіцыя БДУ ўключала каля 20 адукацыйных, прафарыентацыйных і сацыяльных праектаў, у тым ліку даследчы праект студэнтаў спецыяльнасці «Класічная філалогія» на тэму «Лацінамоўныя надпісы ў храмавай культуры Беларусі».

Кіраўніком праекта выступіла заг. кафедры класічнай філалогіі кандыдат філалагічных навук, дацэнт В. Г. Пракапчук. Выставачны стэнд прадэманстраваў створаны студэнтамі адукацыйны прадукт – калекцыю надпісаў з перакладам і навуковым апісаннем. Даследчы праект быў прысвечаны Году малой радзімы. Таксама была прадстаўлена метадычная распрацоўка «Даследчы праект студэнтаў “Лацінамоўныя надпісы ў храмавай культуры Беларусі” як форма адкрытага эўрыстычнага задання арганізацыйна-дзейнаснага тыпу пры правядзенні кіруемай самастойнай работы па дысцыпліне “Уводзіны ў класічную філалогію”» (аўтары – дац. В. Г. Пракапчук, дац. К. А. Тананушка). 17 красавіка студэнты спецыяльнасці «Класічная філалогія» і іх куратар старшы выкладчык Ю. А. Сядзініна-Баркоўская наведалі выставу і азнаёміліся з экспазіцыяй. Студэнтам было вельмі прыемна, што іх даследчая дзейнасць была адзначана так высока. У ходзе вывучэння лацінамоўнай спадчыны нашай краіны яны спадзяюцца прадставіць яшчэ не адзін цікавы праект.