Студэнты-італьяністы ажыццявілі чарговае заглыбленне ў італьянскую культуру

Поўнае заглыбленне ў італьянскую культуру здзейснілі 8 студэнтаў рамана-германскага аддзялення, якія прынялі ўдзел у 14-м сезоне «Курса італьянскай культуры», які праходзіў у г. Гарньяна з 6 па 14 красавіка 2019 г.

Мэта дадзенага курса – азнаёміць слухачоў з рэальным жыццём сучаснага італьянскага грамадства праз іх уключэнне ў розныя віды дзейнасці. Нашы студэнты паспяхова прайшлі ўсе этапы: лабараторыі па выбары (гастранамія, эналогія, гісторыя, кінематограф, танцы і інш.), прагляд фільмаў з наступным абмеркаваннем, наведванне лекцый вядучых выкладчыкаў Міланскага дзяржуніверсітэта па гісторыі Італіі, кінематографе, сацыялінгвістыцы і літаратуры, наведванне ліманарыя, маслазавода, экскурсія на кацеры ў Салò, паездка ў Верону, экскурсія ў Вітарыяле (маёнтак знакамітага італьянскага пісьменніка Габрыэле д’Анунцыа). Кожны вечар ўсе слухачы курса мелі магчымасць непасрэдных стасункаў з жыхарамі горада на арганізаваных з гэтай мэтай тэматычных вячэрах, святах, вечарынах-караоке, што максімальна спрыяла практычнаму авалоданню італьянскай мовай.

Дадзены курс, дырэктарам якога з моманту заснавання з'яўляецца яго стваральнік Давідэ Самуэлі, арганізаваны пад патранажам гарадской адміністрацыі г. Гарньяна сумесна з асацыяцыямі «Gargnano Cultura» і «FilmFestival del Garda». За 14 сезонаў у ім прынялі ўдзел больш за паўтары тысячы чалавек з 33 краін свету, у тым ліку з 2013 года больш за 60 студэнтаў-iтальянiстаў філалагічнага факультэта БДУ. У гэтым годзе, як заўсёды, група з Беларусі вызначылася стараннасцю і захопленасцю пры заглыбленні ў свет італьянскай культуры, таму арганізатары выказалі жаданне прыняць дэлегацыю студэнтаў-філолагаў у чарговы раз.