ПЕДАГАГІЧНАЯ ПРАКТЫКА Ў ПРАФЕСІЙНЫМ І ТВОРЧЫМ СТАНАЎЛЕННІ ВЫПУСКНIКОЎ СПЕЦЫЯЛЬНАСЦІ «БЕЛАРУСКАЯ ФІЛАЛОГІЯ»

З лютага па красавік 2019 г. студэнты 4-га курса спецыяльнасці “Беларуская філалогія” правяралі свае тэарэтычныя веды і ўменне перадаваць іх вучням на педагагічнай практыцы ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі.

Практыка была арганізавана на базе двух філіялаў кафедры рыторыкі і методыкі выкладання мовы і літаратуры філалагічнага факультэта – ДУА “СШ № 4 г. Мінска” і ДУА “Гімназія з беларускай мовай навучання №23 г. Мінска”, ва ўстановах адукацыі г. Мінска: “Гімназія № 31”, “Гімназія № 42 лаўрэата Нобелеўскай прэміі Ж.І. Алфёрава”, “Рэспубліканская гімназія-каледж пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі”, “СШ № 20”, “СШ № 125” і ДУА “Крайская базавая школа Івацэвіцкага раёна Брэсцкай вобласці”.

Пасля непрацяглай адаптацыйнай практыкі чацвёртакурснікі вызначыліся з выбарам класаў у адпаведнасці са сваімі інтарэсамі і патрабаваннямі: некаму была бліжэй праца з малодшымі навучэнцамі, нехта пайшоў у тыя класы, дзе ў адпаведнасці са школьнай праграмай магчыма была апрабацыя матэрыялаў дыпломнай працы. Самае галоўнае, што ўсе адчулі сябе запатрабаванымі.

Напрыклад, у ДУА “СШ № 125 г. Мінска” пад кіраўніцтвам вопытнай творчай настаўніцы Крэмень Жанны Анатольеўны працавалі Юнцэвіч Настасся, Варахава Юлія, Галубкова Сюзана. Яны заявілі пра сябе як асобы, якія адказна і творча падыходзяць да цяжкай працы з падрастаючым пакаленнем. На ўроках гэта былі не тыя часам маўклівыя студэнты, якіх на практычных занятках іншым разам цяжка было “разгаварыць”. Гэта зацікаўленыя будучыя спецыялісты, якія маглі ўплываць на дзяцей, культывавалі любоў да прадмета.

Чацвёртакурснікі актыўна ўключыліся ў арганізацыю пазакласнай працы па беларускай мове і літаратуры. Так, у Рэспубліканскай гімназіі-каледжы пры Акадэміі музыкі маладая настаўніца Ірына Віктараўна Чарняўская далучыла практыкантаў Тумаш Н.Ф., Шляхціну М.У., Пясоцкага У.А. да правядзення такіх цікавых мерапрыемстваў, як “Гульня ў Майнкрафт па-беларуску”, прызнанні ў любові Радзіме, гораду, мове.

У ДУА “Гімназія з беларускай мовай навучання № 23 г. Мінска” праходзілі практыку Лысюк А.В. і Сокал Т.А. Яны заслужылі высокую ацэнку ад настаўнікаў Піскун Ірыны Сяргееўны і Мачэль Алены Лявонцьеўны. Дзяўчаты-студэнткі прымалі актыўны ўдзел у правядзенні брэйн-рынгу “Беларуская скарбонка” паміж 11 і 8 класамі і іншых гімназічных мерапрыемстваў.

Акрамя таго, Аліна Лысюк была ўключана ў эксперыментальную працу па апрабацыі матэрыялаў па методыцы беларускай мовы для 8-га класа. Гэта сведчыць аб паспяховым увасабленні ў жыццё неабходных і значных даследчых функцый педагагічнай практыкі.