СТУДЭНТКА БДУ ПАЕДЗЕ Ў ІТАЛІЮ НА КІНАФЭСТЫВАЛЬ МОЛАДЗІ

9 красавіка 2019 г. кафедра раманскага мовазнаўства БДУ сумесна з Дзіцячым кінафестывалем Джыффоні (Італія) у лютым-сакавіку 2019 правяла конкурс на ўдзел у кінафестывалі сярод студэнтаў старшых курсаў італьянскага аддзялення. Для гэтага студэнты прайшлі адборачны тур, для якога падрыхтавалі пісьмовыя працы і прааналізавалі фільмы.  Другі тур конкурсу прайшоў у форме дыскусіі, падчас якой кандыдаты разважалі на тэмы гісторыі, культуры Італіі і Беларусі на англійскай і італьянскай мовах.

Пераможцай конкурсу, які адбыўся 6 красавіка, стала студэнтка 3 курса Алёна Бурдукова. Летам яна будзе ўдзельнічаць у кінафестывалі Джыффоні ў якасці члена моладзевага журы. Разам яны будуць абмяркоўваць фільмы з рэжысёрамі і акцёрамі, якія прыязджаюць на фестываль. Па выніках абмеркаванняў моладзевае журы галасуе і выбірае лепшы фільм.

Міжнародны фестываль дзіцячага і юнацкага кіно ў г. Джыффони (Італія) “Giffoni Film Festival” – гэта галоўная летняя культурная падзея для дзяцей і юнацтва Італіі. Фестываль праходзіць пад патранажам Прэзідэнта Італьянскай Рэспублікі. Сярод афіцыйных спонсараў мерапрыемства – вядучыя італьянскія тэлеканалы. У якасці ўдзельнікаў і гасцей фестывалю ў розныя гады былі знакамітыя акцёры і рэжысёры, сярод якіх нямала гучных імёнаў (Мэрыл Стрып, Мікіта Міхалкоў, Джон Войт, Сабрына Ферылі, Рауль Бова, Дэні Дэ Віта, Рычард Гір і інш.). У гэтым годзе ўпершыню удзельнікам фестывалю стане студэнтка БДУ. Мы спадзяемся, што калі Алена вернецца з фестывалю, яна зможа падзяліцца са студэнтамі філфака сваімі ўражаннямі і раскажа аб найноўшых тэндэнцыях сусветнага маладзёжнага кіно.