HISTORY AROUND US: НОВЫ НАВУЧАЛЬНЫ ФІЛЬМ СТУДЭНТАЎ-КЛАСІКАЎ

З 22 па 26 мая 2019 г. на базе факультэта «Artes Liberales» Варшаўскага ўніверсітэта ў межах буйнога міжнароднага навуковага праекта «Our Mythical Childhood… The Reception of Classical Antiquity in Children’s and Young Adults’ Culture in Response to Regional and Global Challenges» (краіны-ўдзельніцы: Польшча, Аўстралія, Велікабрытанія, Камерун, Ізраіль) адбылася міжнародная канферэнцыя «OUR MYTHICAL HISTORY (Children’s and Young Adults’ Culture in Response to the Heritage of Ancient Greece and Rome)». 22 мая на пасяджэнні канферэнцыі былі падведзены вынікі «Агульнапольскага конкурсу фільмаў, прысвечаных антычнай культуры, у межах праекта “Our Mythical Childhood…”» і ў парадку пазаконкурснага ўдзелу прадстаўлены новы навучальны фільм беларускіх студэнтаў на англійскай мове «History around us» («Гісторыя вакол нас»).

Фільм з’яўляецца сумесным праектам студэнтаў другога курса спецыяльнасці «Класічная філалогія» філалагічнага факультэта БДУ і Мінскага дзяржаўнага медыцынскага каледжа. У якасці кіраўніка праекта з боку БДУ выступіла старшы выкладчык кафедры класічнай філалогіі Юлія Сядзініна-Баркоўская, з боку каледжа – выпускніца спецыяльнасці «Класічная філалогія» філалагічнага факультэта БДУ, выкладчык Мінскага дзяржаўнага медыцынскага каледжа Кацярына Касьян.

У праекце «Our Mythical Childhood…» студэнты пастараліся выкарыстаць творчыя навыкі, якія могуць спатрэбіцца ў іх прафесійнай дзейнасці. Самі студэнты адзначылі, што ўдзел у працы над праектам даў ім камунікатыўны вопыт, навучыў прымаць нетрывіяльныя рашэнні, спрыяў развіццю крэатыўнасці.

Антычныя вобразы не проста знаёмыя ўсім нам з дзяцінства, але нават суправаджаюць наша паўсядзённае жыццё. Цэнтральным персанажам фільма стаў Гай Юлій Цэзар, несумненна, культавая фігура ў еўрапейскай гісторыі і культуры. Фільм у гульнявой форме дэманструе, як рэальная гісторыя паступова міфалагізуецца, а ў штодзённай свядомасці часта відазмяняецца амаль да непазнавальнасці. Праект меў на мэце шляхам уключэння студэнтаў у эўрыстычны пошук актывізаваць іх творчае мысленне, выпрацаваць здольнасць перанесці веды і ўменні, атрыманыя на занятках па лацінскай і старажытнагрэчаскай мовах, гісторыі Старажытнага Рыма, антычнай міфалогіі і літаратуры, у новую нестандартную сітуацыю стварэння мастацкага аб’екта.

Удзельнікам міжнароднай канферэнцыі ў Варшаве праца беларускіх студэнтаў падалася цікавай і незвычайнай. Фільм атрымаў высокую ацэнку як выкладчыкаў Варшаўскага ўніверсітэта, так і замежных удзельнікаў канферэнцыі. Шмат цёплых слоў у адрас каманды з Мінска прагучала з вуснаў каардынатара праекта «Our Mythical Childhood …», прафесара факультэта «Artes Liberales» Варшаўскага ўніверсітэта Катажыны Марціняк (Katarzyna Marciniak). Прафесар Маркус Янка (Marcus Janka) (Інстытут класічнай філалогіі, Мюнхенскі ўніверсітэт, Германія) так ахарактарызаваў працу мінскіх студэнтаў: «Ролік быў вельмі жывы і цікавы, даступны і зразумелы. Стыль фэнтэзі быў выдатным рашэннем для пераходу да антычнай гісторыі». Таксама прафесар М. Янка і яго калега па Інстытуту класічнай філалогіі прафесар Вільфрэд Штрох (Wilfried Stroh) адзначылі ў якасці моцнага боку беларускага фільма прыцягненне ўрыўкаў з твораў антычных пісьменнікаў на мове арыгіналу (лацінскай і старажытнагрэчаскай). Высокую ацэнку атрымаў і мастацкі бок фільма. Міраслаў Казьмерчак (Mirosław Kaźmierczak), рэжысёр, фатограф, супрацоўнік прэс-службы Варшаўскага ўніверсітэта, адзін з членаў журы «Агульнапольскага конкурсу фільмаў, прысвечаных антычнай культуры, у межах праекта “Our Mythical Childhood…”» адзначыў, што беларускія студэнты ўпэўнена карыстаюцца сучаснымі камп’ютарнымі тэхналогіямі і спецэфектамі, а таксама асабліва падкрэсліў выбудаванае кадраванне і ўдалае музычнае рашэнне фільма.

Даследчыкам з розных краін фільм дэманстраваўся з субтытрамі на англійскай, лацінскай і старажытнагрэчаскай мовах. Спецыяльна для беларускіх гледачоў была падрыхтавана версія фільма з субтытрамі на рускай мове і літаратурнымі перакладамі цытат антычных аўтараў.

Студэнты спецыяльнасці «Класічная філалогія» філалагічнага факультэта БДУ ўжо не першы год прымаюць удзел у праекце «Our Mythical Childhood…». «History around us» стаў другім фільмам беларускіх студэнтаў у межах удзелу ў праекце. У мінулым годзе студэнты першага і пятага курсаў спецыяльнасці «Класічная філалогія» выпусцілі фільм «Myths around us» («Міфы вакол нас»). У гэтым даследаванні студэнты прааналізавалі, якія памылкі здзяйсняюцца пры выбары для фірмаў і гандлёвых марак назваў, заснаваных на класічных міфах. Перад камерай студэнты пераўвасобіліся ў старажытнагрэчаскіх багоў і герояў. Яны імкнуліся прадухіліць небяспеку, якая навісла над людзьмі. Фільм быў прадстаўлены на пасяджэнні Our Mythical Workshops II, які адбыўся з 14 па 20 мая 2018 г. на базе Варшаўскага ўніверсітэта. Юлія Сядзініна-Баркоўская таксама выступіла кіраўніком праекта, а студэнтка пятага курса Кацярына Касьян паспрабавала свае сілы ў якасці рэжысёра і аператара фільма. У гэтым годзе інтэлектуальнае і творчае супрацоўніцтва кафедры класічнай філалогіі і адной з самых крэатыўных выпускніц 2018 г. паспяхова працягнулася.