Узнагароджанне пераможцаў конкурсу «Культурная спадчына Антычнасці і сучаснасць»

17 снежня 2019 г. адбылася цырымонія ўзнагароджання пераможцаў агульнаўніверсітэцкага конкурсу творчых работ студэнтаў «Культурная спадчына Антычнасці і сучаснасць», арганізаванага ГА «Саюз жанчын БДУ» і кафедрай класічнай філалогіі філалагічнага факультэта.

Конкурс выклікаў вялікую зацікаўленасць з боку навучэнцаў. Сёлета ў ім  прынялі ўдзел больш за 75 студэнтаў розных факультэтаў БДУ (філалагічны, гістарычны, юрыдычны, біялагічны, факультэт міжнародных адносін, факультэт філасофіі і сацыяльных навук, факультэт сацыякультурных камунікацый) і іншых ВНУ (Мінская духоўная акадэмія), а таксама навучэнцы школ і гімназій г. Мінска (ДУА СШ № 66, ДУА Гімназія № 23, ДУА Гімназія № 20) і Мінскага медыцынскага каледжа.

Аналізуючы ўплыў антычнай спадчыны на еўрапейскую і беларускую культуру, студэнты, якія вывучаюць лацінскую мову і антычную літаратуру, падрыхтавалі ўласныя творчыя «адукацыйныя прадукты». А малодшыя ўдзельнікі атрымалі магчымасць больш даведацца пра антычную культуру, з якой знаёмяцца на ўроках літаратуры і гісторыі Старажытнага свету. Работы студэнтаў ацэньваліся ў намінацыях: «Паэзія», «Эсэ», «Малюнак», «Графіка», «Плакат», «Прыкладная творчасць».

Адбор і ацэньванне прадстаўленых на конкурс работ праводзілі супрацоўнікі кафедры класічнай філалогіі: загадчык кафедры дацэнт Вольга Генрыхаўна Пракапчук, дацэнт Арына Уладзіміраўна Кірычэнка, старшы выкладчык Наталля Віктараўна Пратасевіч, старшы выкладчык Юлія Анатольеўна Сядзініна-Баркоўская, вядучы спецыяліст кабінета грэчаскай філалогіі дацэнт Вольга Сяргееўна Зарэмба, якія адзначылі традыцыйна высокі ўзровень творчых здольнасцей удзельнікаў.

У намінацыі «Малюнак» дыплом I ступені атрымала Бамбіза Дар’я (біялагічны факультэт, 1 курс) за малюнак «Антычныя руіны», дыплом II ступені – Корань Кацярына, Юдыцкая Дар’я, Раманоўская Ксенія (факультэт сацыякультурных камунікацый, 1 курс) за працу «Калізей» і Калдзека Сяргей (Мінская духоўная акадэмія, 1 курс) за працу «Немязіда – багіня помсты», дыплом III ступені – Каросцік Вікторыя (факультэт сацыякультурных камунікацый, 1 курс) за малюнак «Аўрора».

У намінацыі «Графіка» дыплом I ступені атрымала Люстэрнік Аляксандра (факультэт сацыякультурных камунікацый, 1 курс) за малюнак «Атлант», дыплом II ступені – іерэй Віктар Кулічэнка (Мінская духоўная акадэмія, магістрант) за серыю работ «Персефона» і «Пасейдон», а таксама Варанько Аліна (факультэт сацыякультурных камунікацый, 1 курс) за працу «Медуза Гаргона», дыплом III ступені – Шульга Вольга (юрыдычны факультэт, 1 курс) за працу «Грэчаскі бог»,
Паўленка Эліна (юрыдычны факультэт, 1 курс) за цікавую сучасную інтэрпрэтацыю вобразу багіні правасуддзя ў працы «Феміда» і Збіцкі Аляксей (юрыдычны факультэт, 1 курс) за працу «Хірон і Геракл», якая адлюстроўвае антычны сюжэт у стылі старажытнагрэчаскага чорнафігурнага вазапісу.

У намінацыі «Плакат» галоўную ўзнагароду атрымала Грышановіч Анастасія (біялагічны факультэт, 1 курс) за працу «Quidquid Latine dictum sit altum videtur» (Што сказана на латыні, гучыць як мудрасць), у якой у арыгінальнай форме прадставіла сваё разуменне вядомага лацінскага выразу. Дыпломы II і III ступені ў гэтай намінацыі журы вырашыла не ўручаць.

У працах намінацыі «Прыкладная творчасць» найбольш наглядна можна прадэманстраваць актуальнасць антычнага матэрыялу ў практычнай дзейнасці. У гэтай намінацыі перамагла Іванюк Яна (філалагічны факультэт, 2 курс), якая прадставіла на конкурс вышыўку на антычную тэматыку «Антычнае лета» (дыплом I ступені);
дыплом II ступені атрымала Дзірвук Святлана (філалагічны факультэт, 2 курс) за выкананыя ў тэхніцы бісерапляцення бранзалеты з антычным арнаментам; дыплом III ступені – Тунікава Крысціна і Шульц Яна (факультэт сацыякультурных камунікацый, 1 курс) за выкананы ў антычным стылі  скульптурны партрэт, які атрымаў незвычайную сучасную трактоўку.

У намінацыі «Паэзія» дыплом I ступені атрымала Шаховіч Лізавета (філалагічны факультэт, 2 курс), якая ў сваім вершы «У меня коченеют руки...» выявіла дзіўнае ўменне чуць адгалоскі алімпійскай міфалогіі ў штодзённым жыцці; дыплом II ступені – Лукашук Ганна (філалагічны факультэт, 1 курс), за верш «Слишком хрупкий и юный», у якім здолела стварыць у чытача ўражанне сапраўднага сыходжання ў царства мёртвых да няўмольнага Аіда і прымусіла адчуць усю паўнату адчаю Арфея, які назаўсёды страціў каханую жонку; трэцяе месца падзялілі Варанцоў Мікіта (філалагічны факультэт, 3 курс) і Кміт Вячаслаў (факультэт філасофіі і сацыяльных навук, 1 курс).

Дыпломам I ступені ў намінацыі «Эсэ» ўзнагароджана Вараб’ёва Дар’я (філалагічны факультэт, 2 курс) за разважанне на тэму ролі антычнай міфалогіі і літаратуры ў асабістым ўспрыманні штодзённасці «Античность ... “то поступь вечности за мной”»; дыпломам II ступені – Шаховіч Лізавета (філалагічны факультэт, 2 курс) за эсэ «Подарок Минотавра»,
у якім у мастацкай форме падзялілася сваім інтымным адчуваннем таго, што антычнасць хаваецца ў звыклай нам будзённасці; дыпломам III ступені – Хоміч Дар’я (гістарычны факультэт, 1 курс) – за эсэ «Послание из прошлого: гимн « Gaudeamus », прысвечанае студэнцкаму гімну, яго гісторыі і значэнню для сучаснага студэнцтва.

У гэтым годзе ўпершыню была прапанавана спецыяльная гасцявая намінацыя для навучэнцаў школ, гімназій і каледжаў «Знаёмства з Антычнасцю». Як адзначыла журы конкурсу, новаўвядзенне аказалася вельмі ўдалым: школьнікі і гімназісты выявілі вялікую зацікаўленасць антычнай культурай і прадставілі на конкурс мноства цікавых работ, паказаўшы добрае веданне гісторыі і міфалогіі Старажытнай Грэцыі і Рыма. Акрамя творчай самарэалізацыі, удзел у конкурсе дае магчымасць школьнікам і гімназістам паглядзець на інтэрпрэтацыю ўжо трохі знаёмых ім вобразаў і сюжэтаў у працах старэйшага пакалення і паглыбіць сваё першае знаёмства са светам Антычнасці ў камунікацыі са студэнтамі і выкладчыкамі БДУ.

У гэтай намінацыі дыпломам I ступені ўзнагароджана Марозава Аліса (ДУА Гімназія № 23, 5-ы клас) за мастацкі калаж «Багі Старажытнай Грэцыі», дыпломам II ступені – Хмыз Дзіяна (ДУА СШ № 66, 6-ы клас) за малюнак «Артэміда з аленем», Жыткова Лісавета (Мастацкая студыя АртНіка Гімназія № 20, 3-ці клас) за малюнак «На берагах старажытнай Троі» і Пратасевіч Ганна (ДУА СШ № 66, 5-ы клас) за працы «Флора» і «Кіклоп», дыпломам III ступені – Халадцова Дар’я (Мастацкая студыя АртНіка Гімназія № 20, 4-ы клас) за кампазіцыю «Па слядах старажытных майстроў. Амфара», Баркоўская Дар’я (ДУА СШ № 66, 5-ы клас) за малюнкі «Сірын» і «Грэчаская багіня», Паўлава Арына (Мастацкая студыя АртНіка Гімназія № 20, 3-ці клас) за працу «Нерэіда».

Спецыяльным прызам за адданасць традыцыі была адзначана студэнтка 4 курса філалагічнага факультэта Кузняцова Марыя, якая прымае ўдзел у конкурсе трэці год запар.

У дзень правядзення цырымоніі была таксама прадстаўлена цікавая экспазіцыя кніг па антычнай гісторыі і культуры «Без ведання мінулага няма будучыні» (у тым ліку для дашкольнікаў і дзяцей малодшага школьнага ўзросту) з фондаў бібліятэкі філалагічнага факультэта і кафедры класічнай філалогіі БДУ.

C прадстаўленымі на конкурс працамі можна азнаёміцца ​​на выставе, арганізаванай на філалагічным факультэце.