75-ГОДДЗЮ ПЕРАМОГІ ПРЫСВЯЧАЕЦЦА…

12 снежня 2019 года на філалагічным факультэце адбыўся конкурс прамоўніцкага майстэрства сярод студэнтаў 1 курса спецыяльнасці “Усходняя філалогія”. Конкурс, правядзенне якога было прымеркавана да 75-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, стаў першым у шэрагу шматлікіх універсітэцкіх мерапрыемстваў, прысвечаных гэтай знамянальнай падзеі.

З прывітальным словам да ўдзельнікаў конкурсу звярнуўся старшыня журы – намеснік дэкана, загадчык кафедры кітайскай філалогіі, дацэнт М.М. Хмяльніцкі. Адзначыўшы высокую грамадзянскую і творчую накіраванасць арганізаванага мерапрыемства, ён звярнуў увагу на тое, што ўрокі вайны дапамагаюць развіццю гістарычнага мыслення сучасніка. Гістарычнае мысленне – найважнейшая рыса духоўнага і маральнага свету народаў. Яно дапамагае выразней бачыць мінулае, глыбей разумець сучаснасць, дакладней вызначаць каардынаты будучыні.

35 дзяўчат і юнакоў змагаліся ў рытарычным мастацтве, прысвяціўшы свае выступленні маральна-патрыятычным тэмам: “Шчасце жыць у мірнай краіне” (Дар’я Шафар), “Чаму вайна не з’яўляецца рашэннем?” (Кацярына Вяркеева), “Як вайна паўплывала на людзей?” (Ульяна Масцікава), “Маё стаўленне да вайны” (Ганна Старавойтава) і інш. Апроч грамадзянска-патрыятычнай тэматыкі, выступленні аратараў на беларускай, рускай і туркменскай мовах прысвячаліся агульначалавечым маральным каштоўнасцям. Паказальна, што самі назвы прамоўленых маналогаў нярэдка мелі экспрэсіўную, праблемную і вобразную форму: “Разбіты крышталь сэрцаў” (Паліна Багамаз), “Чалавечнасць, не апаленая вайной” (Ганна Казлоўская), “Ніхто не забыты, нішто не забыта” (Ганна Машчыцкая), “Вайна вачыма дзяцей” (Ганна Шырокая) і інш.

У аснову прамоўніцкіх выказванняў быў пакладзены шматаспектны па сваім характары матэрыял – уражанні ад жыццёвых сустрэч з ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны (выступленне Дзіяны Белай), успаміны родных –відавочцаў і ўдзельнікаў гэтых падзей (выступленні Анастасіі Кавалёвай і Ксеніі Смаляк), уласныя ацэначныя меркаванні (выступленні Івана Пугачова, Данііла Сіканава, Іллі Скакуна, Веранікі Хаванскай, Кацярыны Мароз, Ксеніі Далінчук) і інш.

Выступленні Лізаветы Лук’яненка, Ніколь Целагуз, Марыі Баранавай суправаджаліся мультымедыйнай прэзентацыяй (гл. па спасылцы прэзентацыя 1 і прэзентацыя 2) і прысвячаліся ролі мастацтва ваенных гадоў не толькі ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны, але і ў сучасным жыцці.

Некаторыя выступленні мелі асабліва арыгінальную форму. Так, Герман Раманаў прадставіў кранальны аповед пра жанчын на вайне, а Кацярына Сашко распавяла пра гераічны шлях Аляксея Марэсьева; маналог Анжалікі Шапура будаваўся на рытарычных пытаннях, што дазволіла слухачам уяўна стаць відавочцамі падзей. Рэфрэнам выступлення студэнткі Яніны Картавіцкай сталі настойлівыя і трывожныя воклічы Мы памятаем!.. Мы хочам, каб памяталі!.. Мы абавязаны памятаць! Я памятаю! Акрамя таго, аратар, звяртаючыся да аўдыторыі, прапанаваў на лісце ватмана кожнаму з прысутных аформіць свой адказ на пытанне: Чаму мы павінны памятаць урокі вайны? (гл. фота). Пазнаёмімся з адным з запісаў, у якім цытаваліся радкі з верша Р. Раждзественскага “Рэквіем”: «Помните! Через века, через года, — помните! О тех, кто уже не придет никогда, — помните!»

Па выніках конкурсу ганаровымі дыпломамі пераможцаў былі ўзнагароджаны: Віктар Васенін (за выступленне на тэму “Палітыка генацыду на тэрыторыі БССР”), Паліна Дубовік (выступленне “Адлюстраванне вайны ў творах беларускай літаратуры”), Яна Валюк (за выступленне “Здань пяра” – прамова пра значэнне франтавых лістоў), Яніна Картавіцкая (за выступленне “Я памятаю”), Ангеліна Талачко (за выступленне “Вайна праз пакаленні”).

Лепшай у конкурсе прамоўніцкага майстэрства прызнана Лізавета Кошман, ярка выявіўшы свае рытарычныя здольнасці, арыгінальнасць выказвання, экспрэсію выканання.

Прызам глядацкіх сімпатый была адзначана Анастасія Січкар.

У спецыяльнай намінацыі конкурсу – “За прыхільнасць нацыянальным традыцыям” – адзначана студэнтка з Туркменістана Лейлі Базарава (за выступленне на тэму “Бессмяротны подзвіг савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне”). Яркае, эмацыянальна выкананае выступленне студэнткі суправаджалася чытаннем на памяць вершаў на туркменскай мове. Але і без перакладу ўсім прысутным было зразумела, што туркменскі народ, як і ўвесь савецкі народ, рабіў усё, каб наблізіць гадзіну Перамогі.

Падводзячы вынікі конкурсу, арганізатар мерапрыемства прафесар кафедры рыторыкі і методыкі выкладання мовы і літаратуры, прафесар кафедры кітайскай філалогіі В.У. Праскаловіч падкрэсліла, што ва ўсіх выступленнях у гонар Дня Перамогі гучыць тэма вайны як часткі сямейнай гісторыі, жывая памяць, якая з’яўляецца найважнейшай каштоўнасцю цяпер жывучых.

Развітваючыся з конкурсам, самі яго ўдзельнікі адзначалі, што гэта падзея падаравала ім яскравыя ўражанні, і аднадушна выказваліся ў падтрымку ідэі штогадовага правядзення падобнага мерапрыемства да Дня Перамогі.