Падведзены вынікі II этапу конкурсу «Залатое пяро-2020»

У Мінскай гарадской арганізацыі «Белай Русі» падведзены вынікі II этапу конкурсу «Залатое пяро-2020». У катэгорыі «Студэнт» першае месца заняла студэнтка філалагічнага факультэта БДУ Бірукова Анастасія (2 курс, спецыяльнасць «Беларуская філалогія»). Цікавасць да гісторыі роднага Бабруйска, шанаванне народнай спадчыны дазволілі ёй стварыць арыгінальнае, захапляльнае эсэ «Міфы і легенды Беларусі».

«Гэта не легенд і паданняў мала існуе, гэта мы іх мала ведаем», – сцвярджае студэнтка і знаёміць нас з легендамі пра родныя і мілыя яе сэрцу мясціны. Згадваючы паходжанне назвы горада Бабруск, Анастасія адсылае чытача да відэароліка «Бабруйскія легенды», створанага пры яе непасрэдным удзеле; захапляльна апавядае пра багатую пані Брэзіну і заснавальніка горада Бабра. З народных легенд і паданняў перад намі паўстае загадкавы Порт-Артур, які нагадвае Сцяну Роспачы ў Іерусаліме і мае падземны ход аж да самага Мірскага замка. З асаблівым жалем студэнтка згадвае жудаснае паданне пра мемарыяльны комплекс, створаны на месцы забойства нацыстамі вязняў Бабруйскага гета.

Кажуць, што радзіма не бывае малой. Яна заўсёды толькі вялікая. Якраз гэту думку і прыводзіць Анастасія ў сваім эсэ, яшчэ раз даказваючы, што Беларусь – край легенд і паданняў, у якіх адлюстраваліся гісторыя, побыт, светаразуменне і светаўспрыманне народа.

Апошні, рэспубліканскі этап конкурсу, яшчэ наперадзе. Давайце пажадаем Анастасіі новых перамог і новых творчых задумак!

Zolotoe pero