Філасофска-паэтычны батл да юбілею Данііла Хармса

15 снежня кафедра рускай літаратуры і студэнты 1 курса рускага аддзялення філалагічнага факультэта арганізавалі літаратурнае свята – юбілей Данііла Хармса.

Творчасць Данііла Хармса – антыкласіка, якая стала класікай. Наследаваць яму немагчыма, але без яго не было б многіх дасягненняў літаратуры другой паловы ХХ ст.

Філасофска-паэтычны батл быў прысвечаны 115-годдзю гэтага ўнікальнага пісьменніка. На працягу трох гадзін удзельнікі паглыбляліся ў вар’яцка-мудрагелісты, абсурдна-сюррэалістычны, іранічна-смешны, аголена-балючы і празрыста-сумленны свет Данііла Хармса.

Падчас літаратурнага свята гучала шмат розных, часам супярэчлівых і неадназначных вершаў аўтара. Чытанне вершаў Данііла Хармса часта станавілася монаспектаклем і патрабавала ад студэнтаў яркага пражывання і паглыблення, бо Хармс – геній абсурду і майстар эпатажу, аўтар мудрагелістага вар’яцтва і ірацыянальнай творчасці... Абсурд стаў спосабам спасціжэння вар’яцкага свету – свету, які немагчыма спасцігнуць рацыянальным спосабам.

У жыцці і творчасці Данііла Хамса ўсё супярэчліва, ірацыянальна і рэвалюцыйна: і нестандартныя літаратурныя формы, і шматлікія псеўданімы, і неверагодныя камплекты адзення. Таму спасціжэнне творчасці Хармса было немагчыма без вывучэння лістоў і дзённікаў аўтара, якія дапамаглі адчуць у творчасці аўтара і боль свету, і радасць творчасці.

Складны і шматзначны свет Данііла Хармса натхніў студэнтаў на разнастайныя формы творчага прадстаўлення твораў аўтара: ролік, постэр, прэзентацыя, відэамантаж. Былі прадстаўлены і вынікі самастойных навуковых даследаванняў праблем творчасці Хармса.

Анлайн-юбілей Хармса прыцягнуў шмат гасцей кафедры: аспірантаў, настаўнікаў школ, слухачоў школы юнага блогера, калег з Гродзенскага ўніверсітэта.

З водгукаў гасцей і ўдзельнікаў:

«Дзякуй арганізатарам за насычанае інфармацыяй, крэатыўнае па падачы мерапрыемства (калі так суха-афіцыйна можна выказацца пра Хармса)! Асабліва крута зроблены выхад на асаблівасці светапогляду Хармса, а таксама на яго рэцэптыўную стратэгію» (Алена Іванаўна, Салігорск).

«Дзякую за інфарматыўнасць, неверагодна цікава! Дзякуй! » (Таццяна, Мiнск).

«Дзякую за канцэптуальна выбудаваны літаратурны вечар Д. Хармса. Літаратура як тварэнне свету! Аўтар як творца! Атрымалася яркае, годнае вялікага юродзівага і мысліцеля свята! Іншым кампанентам мастацкага метаду Хармса было “рэчатворчасць духа”: антрапалагічны эксперымент замены чалавека рэччу, дэталлю, жывёлай. І тут настаўнікам Хармса з’яўляецца Гогаль з яго “кубістычным раздзяленнем жывога быцця” (М. Бярдзяеў). Гогаль і Хармс... Гэта можа быць патэнцыяльная тэма для будучых сустрэч. Яшчэ раз дзякую за эмоцыі, за абуджэнне думкі і душэўнай хвалявання, якія выклікалі ўдзельнікі! Такія мерапрыемствы патрэбныя нам усім, дзякуй!» (Таццяна, Гомель)

изображение viber 2020 12 15 21 07 35