Анлайн-семінар «Ladidattica a distanzaintegrale» прайшоў на філалагічным факультэце

17 сакавіка на філалагічным факультэце ў анлайн-фармаце адбыўся семінар «Ladidattica a distanzaintegrale», прысвечаны праблемам выкладання італьянскай мовы ў эпоху цыфравізацыі адукацыі. Семінар быў арганізаваны кафедрай раманскага мовазнаўства і італьянскай асацыяцыяй выкладчыкаў замежных моў ва Усходняй Еўропе (ANILSEST) для студэнтаў-iтальянiстаў старэйшых курсаў і праводзіўся на італьянскай мове.

З прывітальным словам да ўдзельнікаў звярнулася Алеся Аляксандраўна Панцялеенка, загадчыца кафедры раманскага мовазнаўства. Яна падкрэсліла важнасць захавання і развіцця традыцый супрацоўніцтва з міжнароднымі арганізацыямі, пажадала ўдзельнікам плённай працы.

Аўтар і вядучы семінара П’ер Паола Беттонi, старшыня ANILSEST, падзякаваў удзельнікам за выяўленую цікавасць да семінара і прыступіў да разгляду найбольш вострых праблем, звязаных з выкладаннем італьянскай мовы ў цяперашні час. Ён падзяліўся вопытам італьянскіх педагогаў ў развіцці дыстанцыйнага фармату навучання, абазначыў цяжкасці і перспектывы гэтага кірунку ў адукацыі. У прыватнасці, распавёў пра спосабы прадстаўлення відэаматэрыялу, адзначыў магчымасці выкарыстання чата на занятках па замежнай мове, у дыскусійнай форме раскрыў пытанне выкарыстання інтэрактыўных практыкаванняў на прыкладзе выдавецтва «Loescher».

У фінале арганізатары семінара анансавалі новы сумесны праект, які прадугледжвае бясплатнае двухмесячнае навучанне па сучасных тэхналогіях выкладання італьянскай мовы на базе філалагічнага факультэта. Экспертамі гэтага курса выступяць Алеся Аляксандраўна Панцялеенка, П’ер Паола Беттонi і Крысціна Ск’явон, міністэрскі лектар, загадчыца аддзела Культуры і Друку Пасольства Італіі ў Мінску. Запісацца на трэнінг можна тут (да 25.03.2021). Больш інфармацыі вы можаце знайсці тут.

Foto webinar