«Філфактар - 2015»

2 снежня, у гэты даволі халаднаваты зімовы вечар, на філалагічным факультэце зусім не было халодна. У актавай зале сабраліся студэнты ўсіх курсаў,  каб падтрымаць сваіх аднагрупнікаў і даведацца, хто ж у гэтым годзе пераможа ў конкурсе «Філфактар - 2015».
Перад пачаткам мерапрыемства гледачы маглі паўдзельнічаць у дабрачыннай акцыі і пры гэтым паласавацца пачастункамі за сваю шчодрую душу. Не абышлося без акцый ад спонсараў мерапрыемства: чароўныя дзяўчаты на ўваходзе прапаноўвалі запоўніць анкету ўдзельніка акцыі розыгрышу прызоў. Вясёлыя мімы ўздымалі настрой прысутных сваімі танцамі і пацешнымі грымасамі.
Сёлета ўсіх уразіў пачатак конкурсу: танец арганізатараў выклікаў фурор. Як аказалася, не толькі ўдзельнікі рэпеціравалі некалькі тыдняў.
Затым на сцэну выйшлі вядучыя Паша Кіслы і Ганна Шнітко – сапраўдныя прафесіяналы сваёй справы. У іх атрымлівалася выкручвацца з розных непрадбачаных сітуацый, а жарты ад Пашы выклікалі бурныя апладысменты і дапамагалі расслабіцца не толькі гледачам, але і ўдзельнікам.
«Green room» можна назваць самай інтрыгуючай часткай конкурсу. Пасля свайго выступу ўдзельнікам прыходзілася адказваць на каверзныя пытанні Ганны Вярбіцкай. Дзякуючы гэтым пытанням мы лепей пазнаёміліся з удзельнікамі конкурсу.
Адкрывала конкурс Кацярына Куніцкая, якая выканала песню Паліны Гагарынай «Шагай». Яе нумар атрымаўся крыху дзёрзкім, бо двум хлопцам давялося змагацца за яе ўвагу на сцэне. Малашка Дар’я ўразіла ўсіх чуллівай песняй на французскай мове «Je T’aime». Выбар песні яна патлумачыла тым, што сама з’яўляецца моцнай і незалежнай дзяўчынай, як і спяваецца ў песні. Закрывалі першы блок Ірына Радзюк (вакал), Мікіта Філіповіч (фартэпіяна) і Кацярына Жукава (скрыпка) з песняй на ўкраінскай мове «Не питай». Пасля кожнага блоку гледачоў чакаў нумар з куратарам. Рок-н-рол блок Кацярыны Кавалёвай зарадзіў ўсю залу энергіяй.
Другі блок пачаўся з самых «непастаянных» дзяўчат «Філфактара»: Сюзанны Галубковай і Надзеі Сцяпанчавай. Яны доўга не маглі вызначыцца з песняй, але ў выніку выступілі вельмі годна, выканаўшы «Американскую жену». Затым паказалі сваё майстэрства танцоры Кіра Фядзяніна і Ангеліна Давыдзенка. Дзяўчаты ўспомнілі свае школьныя гады, калі былі аднакласніцамі. Апошняй у гэтым блоку выступала чароўная дзяўчына з моцным голасам і шыкоўнай песняй «Strong Enough» Яна Кулік. Нумар з куратарам быў на вышыні, прычым у прамым сэнсе гэтага слова! Удзельніца мінулага года і куратар ў гэтым годзе Валерыя Ціханенка паказала, як трэба спяваць і здзіўляць: спявала яна стоячы на стале!
Трэці блок сабраў шмат зорак. Валерыя Нешытая, знакамітая сваім уменнем віртуозна граць як на гітары, так і на барабанах, паказала сябе з новага боку. Ніхто нават і не думаў, што Лера выдатна спявае. На сцэне яна не толькі грала на гітары, але і спявала песню ўласнага сачынення. Наступная ўдзельніца – даволі сціплая, на першы погляд, дзяўчына, але за гэтай сціпласцю драмаў патэнцыял спявачкі. Святлана Новаш сваёй песняй «Каханне надышло» дакранулася да самых патаемных нотак душы гледачоў. А Марыя Кахно і Вольга Кавальская заваявалі сэрцы ўсіх прысутных незвычайным ірландскім танцам, які распавядаў гісторыю дзвюх зняволеных дзяўчат. Трэці блок курыраваў Раман Бабак. Як заўважылі вядучыя, Рома маладзейшы за ўсіх сваіх падапечных, аднак гэта не перашкодзіла яму зрабіць свой нумар энергічным і незвычайным. Рома ашаламіў ўсіх, хто сядзеў у зале: ён упершыню на сцэне філфака выканаў рэп!
На гэтым «Філфактары» была напружаная канкурэнцыя, але не было канкурэнтаў: усе дапамагалі адзін аднаму з нумарам або рэквізітам. І гэтая сяброўская атмасфера, напэўна, – самая галоўная характарыстыка конкурсу.
Але ўсё ж такі конкурс застаецца конкурсам, і ў ім, безумоўна, ёсць пераможцы:
Гран-пры – Нешытая Валерыя
1 месца – Малашка Дар’я
2 месца – Новаш Святлана
3 месца – Васілеўская Ірына
Прыз сімпатый гледачоў – Нешытая Валерыя
Спецыяльны прыз журы – Марыя Кахно і Вольга Кавальская
Лепшы нумар з куратарам – Раман Бабак

«Візіткі першакурснікаў»

Універсітэцкія будні ідуць сваім парадкам: студэнты ўсё гэтак жа  неахвотна «выпаўзаюць» са свайго цёплага і ўтульнага ложка і спяшаюцца на вучобу, каб не прапусціць практычныя заняткі. А зусім нядаўна, 28 кастрычніка, увесь філалагічны факультэт з нецярпеннем чакаў выступленняў студэнтаў на традыцыйным штогадовым мерапрыемстве філфака «Візіткі першакурснікаў». Цэнзарамі па-ранейшаму засталіся Палтарацкі Ілья і Конеў Ілья, якія больш за 2 тыдні працавалі з камандамі і іх куратарамі над творчымі нумарамі.
Кожны раз гэта мерапрыемства праходзіць па-рознаму. Безумоўна, і ў гэтым годзе яго ўнікальнасць і непаўторнасць сталі відавочнымі ўжо на пачатку вечара. На сцэне з музычным прывітаннем з’явіліся прадстаўнікі Студэнцкага саюза, які па традыцыі з’яўляецца арганізатарам «Візітак», у асобе Бабака Рамана, Паўлоўскай Яны, Кулік Яны і Елісеевай Анастасіі. Выступленне стала добрым стартам для далейшых падзей.
Арыгінальныя і пазітыўныя вядучыя, Сакалоўскі Дзяніс і Елісеева Анастасія, адну за адной запрашалі групы на сцэну. Інтрыгай вечара было тое, што гледачы да апошняга моманту не ведалі, да якой філалогіі адносіцца кожная з іх. Ды і самі вядучыя здзівілі публіку тым, што з’яўляліся на сцэне ў розных касцюмах, адпаведных сцэнару.
Першымі на сцэне паказалі сябе студэнты балгарскай філалогіі (куратары Нешытая Валерыя і Вярбіцкая Ганна), якія распавялі, як бачаць ахоўніка і буфетчыцу, а таксама ўразілі неверагоднай харызмай і энергічнымі танцамі. Госці вечара знайшлі адказ на пытанне: «Ці можна на філфаку падключыцца да Wi-Fi з першага разу?» з 12-й групай італьянскай філалогіі (куратары Аўчыннікаў Уладзіслаў і Мурашка Аляксей), а таксама атрымалі асалоду ад прагляду іх крэатыўнага відэа. Група за свой выступ атрымала прыз сімпатый гледачоў. 10-я група нямецкай філалогіі (куратары Паўлоўская Яна і Бабак Раман) адкрыла сакрэт, як Канчыта Вурст, нечаканае з’яўленне якой выклікала буру смеху, стала любімай жанчынай шэйха. 8-я група англійскай філалогіі (куратары Кавалёва Кацярына і Дудук Кацярына) падаравала філфаку Фея, які замарозіў выкладчыка па жаданні студэнтаў, і ўразіла публіку наватарствам ідэі, добрай пастаноўкай і запамінальнымі персанажамі. Філфакаўцы і госці мерапрыемства прайшлі розныя ўзроўні камп’ютарнай гульні з 19-й групай усходняй філалогіі (куратары Ціханенка Валерыя і Валадзько Павел), якая здзівіла сваімі нестандартнымі жартамі і незвычайным дызайнам відэа, што, на жаль, гледачы і журы не ацанілі ў поўнай меры. Публіка танцавала разам з 13-й групай славянскай філалогіі (куратар Неўдах Надзея), у кожным дзеянні якой нельга было не ўбачыць зладжанасці і невычэрпнай энергіі . Таксама гледачы ўбачылі, пра што ж думае студэнт у ноч перад іспытам і якія эмоцыі перажывае, разам з 9-й групай англійскай філалогіі (куратары Рэбко Анастасія і Сакалоўскі Дзяніс). Хлопцы з 1-й групы беларускай філалогіі (куратар Асташова Святлана) у сваім выступленні сапраўды не далі засумаваць дэкану нашага факультэта, а 5-я група студэнтаў рускай філалогіі (куратары Катушкіна Анастасія і Дуднік Марыя) прадэманстравала сваё займальнае відэа-мініяцюру і высокае творчае майстэрства. Хочацца нагадаць, што іх адзіны хлопец, Дзяніс Гуль, быў узнагароджаны як выканаўца лепшай мужчынскай ролі, а сама група атрымала спецыяльны прыз дэкана.
А хто ж тады стаў пераможцам? Трыумфатары мерапрыемства – 11-я група французскай філалогіі пад кіраўніцтвам куратараў Гуль Таццяны і Кузняцова Антона. «Французы» ашаламілі публіку яркімі касцюмамі, танцамі і непараўнальным смехам Лізаветы Чыж, якая атрымала ўзнагароду за лепшую жаночую ролю, да таго ж распавялі нам, што трэба для паспяховага нумара візітак, і ўсім гэтым забяспечылі сабе перамогу.
Яшчэ некалькі прыемных момантаў чакала нас на гэтым мерапрыемстве: куратарская служба ўзнагародзіла 5-ю групу рускай філалогіі за лепшае відэа. Падзякай дэкана філалагічнага факультэта быў адзначаны Лунскі Сяргей, які перамог у конкурсе «Лепшы лагатып Прэс-службы Філалагічнага факультэта БДУ». Атмасферу свята стварылі таксама выступленні групы студэнтаў балгарскай філалогіі «Aблаж бэнд» (Валерыя Нешытая, Улад Чыжыкаў, Раман Чарноў, Мікіта Філіповіч) і непаўторнай Юліі Пагосавай.
Студэнты першых курсаў паказалі сябе адзінай камандай з яркім талентам і пачуццём гумару. Удзельнікі свята стварылі пазітыўную атмасферу ў зале, падаравалі буру эмоцый гледачам і ўспаміны, якія не забудуцца ніколі!

“Антычны вечар”

03.12.2015 у межах традыцыйнага мерапрыемства кафедры класічнай філалогіі “Антычны вечар” у памяшканні юрыдычнага факультэта адбыўся “Суд над Цыцэронам”. Правядзенне мерапрыемства забяспечылі кафедра класічнай філалогіі, студэнты 3-га курса аддзялення класічнай філалогіі, студэнты 3-га курса юрыдычнага факультэта, ССЯА філалагічнага і юрыдычнага факультэтаў. Былі запрошаныя і прысутнічалі студэнты і выкладчыкі філалагічнага і юрыдычнага факультэтаў. Мерапрыемства складалася з прэзентацыі, прысвечанай біяграфіі Марка Тулія Цыцэрона і змове Катыліны (падрыхтаваная філолагамі-класікамі), і інсцэніроўкі суда над Цыцэронам (падрыхтавалі і ажыццявілі студэнты філалагічнага і юрыдычнага факультэтаў). Адукацыйныя мэты мерапрыемства заключаліся ў паглыбленні ведаў студэнтаў у галіне рымскай гісторыі і папулярызацыі лацінскай мовы, выхаваўчыя – у прыцягненні увагі да недапушчальнасці незаконных  і гвалтоўных дзеянняў па змене дзяржаўнага ладу. Мерапрыемства прайшло ў дабразычлівай абстаноўцы, ініцыявала ажыўленыя дыскусіі і планы далейшага супрацоўніцтва паміж факультэтамі.
Студэнты 3-га курса аддзялення класічнай філалогіі, якія прынялі актыўны ўдзел у мерапрыемстве: Вайнілка М. (чытанне), Герус А. (тэкст), Капліч Е. (тэкст, прамова, сведка), Касьян К. (дызайн прэзентацыі), Качур К. (чытанне), Лунскі С. (дызайн афішы, чытанне), Мужыла Н. (тэкст, сведка), Піпко Я. (чытанне, фотарэпартаж), Сакалоўскі Д. (ідэя, чытанне, сведка), Ціхановіч А. (чытанне, сведка), Шылава А. (арганізацыя, чытанне, кантакт з юрыдычным факультэтам). Кіраўніцтва ажыццявіў куратар групы Мінкевіч Д.Г.

Часопіс “Нёман” на філфаку

17 лістапада ў 14.25 (аўд. 47) адбудзецца сустрэча студэнтаў і выкладчыкаў філалагічнага факультэта з рэдакцыяй часопіса “Нёман”. У 2015 годзе часопіс святкуе свой сямідзесяцігадовы юбілей. На мерапрыемстве выступяць члены рэдакцыі, выкладчыкі кафедры беларускай літаратуры і культуры. Шчыра запрашаем! 
 

I Факультэцкія гульні на філалагічным факультэце

З  11 па 13 лістапада на філалагічным факультэце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта прайшлі Факультэцкія гульні! Тэмай гульняў была абрана невычэрпная антычная міфалогія. З усёй разнастайнасці варыянтаў, прапанаваных членамі Студэнцкага савета па якасці адукацыі філалагічнага факультэта, менавіта гэта тэма натхніла нас на правядзенне факультэцкіх гульняў, бо класіка застаецца актуальнай заўсёды. Дзякуючы дапамозе кафедры класічнай філалогіі, усе этапы гульняў, вытрыманыя ў адзіным стылі, дазволілі ўдзельнікам і арганізатарам ненадоўга наведаць антычную эпоху.
У першы дзень толькі 2 каманды адважыліся падысці да падножжа Алімпа. Аднак на гэта ёсць відавочная прычына: далёка не ўсім пад сілу праявіць свой спрыт у найскладанейшых спаборніцтвах Алімпійскай спартакіяды! Вяршылі суд над лепшымі сярод смяротных вялікія Алімпійцы на чале з Зеўсам-Хмараносцам. А нашым адважным ўдзельнікам прыйшлося вытрымаць напружанае суперніцтва. Натхніць удзельнікаў спусціліся з Парнаса непаўторныя Музы з каманды БДУ па чэрлідынгу «Danstart», яны напоўнілі наша мерапрыемства сваёй энергіяй і прыгажосцю.
Другі дзень факультэцкіх гульняў сустрэў удзельнікаў новым выпрабаваннем – «Форт Філфак». Як і раней, за першынства змагаліся дзве адважныя каманды, якія рашуча імкнуліся да перамогі.
Вялікія багі падрыхтавалі ім вельмі складаныя выпрабаванні, справіцца з якімі было пад сілу толькі лепшым. Каманды паказалі неверагодную хуткасць у выкананні заданняў, бясстрашнасць, розум і логіку. Яны даказалі, што філолагі могуць не толькі граматна пісаць і прыгожа гаварыць, але і хутка і ўмела спраўляцца з любымі пастаўленымі задачамі.
Перад намі паўсталі дружныя каманды, якія працуюць спрытна і зладжана. Мабыць, менавіта гэта і дапамагло ўдзельнікам хутка і знаходліва справіцца з усімі выпрабаваннямі, годна паказаць сябе на другім этапе факультэцкіх гульняў.
На трэці дзень нашы бясстрашныя ўдзельнікі павінны былі прадэманстраваць сваю эрудыцыю, пазмагаўшыся ў інтэлектуальнай гульні «ШТО? ДЗЕ? КАЛІ?».
Гэта змаганне аказалася самым адказным для каманд, бо менавіта ў гэты дзень вырашалася, хто ж атрымае вышэйшую ўзнагароду з ласкі багоў. Пытанні былі не з лёгкіх, напружанне расло, але, дзякуючы сяброўскай атмасферы і выдатнаму пачуццю гумару нашага вядучага, вечар атрымаўся на славу!
Такім чынам, перамогу ў I факультэцкіх гульнях здабыла каманда «Лингвистители».
У якасці галоўнага прыза пераможцы атрымалі сертыфікат на наведванне боўлінг-клуба ўсёй камандай, а таксама былі ўзнагароджаны выдатнымі падарункамі ад часопіса «Вясёлка», якому мы дзякуем за прызы.
Усе ўдзельнікі праявілі сябе з лепшага боку, у чарговы раз пацвердзілі, што студэнты філалагічнага факультэта могуць пераадольваць усе складанасці, якія паўстануць на іх шляху!

Першы выпуск газеты “СЛОВА”

Шмат каму вядомы крылаты выраз М. Ротшыльда “Хто валодае інфармацыяй, той валодае светам”. Сёння, у час інфармацыйнай і тэхнічнай рэвалюцыі быць у цэнтры падзей, ведаць пра самыя свежыя і актуальныя навіны – адна з неад’емных частак жыцця амаль кожнага сучаснага чалавека.
Праз актыўнае карыстанне камп’ютарам, смартфонам, планшэтам і іншымі навамоднымі гаджэтамі, мы забываемся на друкаваныя сродкі масавай інфармацыі: газеты, часопісы. Але ж менавіта з іх усё пачыналася…
Арыентуючыся на вопыт папярэдніх выдаўцоў газет філалагічнага факультэта, прэс-служба філфака аднавіла працу па выданні студэнцкай газеты.
Філолаг – літаральна, чалавек, які любіць слова. Дык чаму ж не пачаць са “СЛОВА”?

Першы выпуск газеты “СЛОВА”

Нашы студэнты на практыцы

20.11.2015 г. студэнткі 5 курса беларускага аддзялення Вольга Качалка і Галіна Слабкоўская-Шымко ў ходзе педагагічнай практыкі ў гімназіі №23 г. Мінска арганізавалі мерапрыемства “Урок вядзе пісьменнік”. На ўрок пазакласнага чытання ў 8”А” і 8”Б” класах прыйшоў  сучасны беларускі пісьменнік Аляксей Шэін (дарэчы, ён выпускнік філалагічнага факультэта БДУ). На ўроку аўтар прэзентаваў сваю кнігу ў жанры фэнтэзі "Сем камянёў" і распавёў пра развіццё фантастычнай літаратуры ў Беларусі на сённяшні дзень.
Акрамя гэтага, як адзін з ініцыятараў стварэння моўных курсаў "Моваведа", пісьменнік пазнаёміў васьмікласнікаў з вывучэннем беларускай мовы ў нестандартных умовах. Напрыканцы прэзентацыі спадар Аляксей правёў віктарыну з уручэннем  прызоў і адказамі на пытанні вучняў, аставіў аўтографы. 
На ўроку прысутнічалі і настаўнікігімназіі, і студэнты 4-га курса, якія праходзяць азнаямляльна-адаптацыйную практыку.
Мерапрыемства атрымалася цікавым і павучальным.
 
Студэнтка 5 курса спецыяльнасці «Беларуская філалогія» Каліноўская Вікторыя Андрэеўна падрыхтавала вучаніц 8-х класаў ДУА «СШ № 223 г. Мінска» да раённага конкурсу экалагічнай моды «Галерэя вобразаў». Мэтай конкурса было выхаванне экалагічнай культуры, задачамі – выявіць і заахвоціць навучэнцаў, неабыякавых да праблем навакольнага асяроддзя свайго горада, стымуляваць творчую актыўнасць, сфарміраваць разуменне каштоўнасці прыроды і яе складнікаў для грамадства і для кожнага чалавека.
Школа ў такім конкурсе ўдзельнічала не ўпершыню, але ні разу не ўдавалася заняць прызавое месца. У гэтым жа годзе, дзякуючы таленавітай настаўніцы-практыкантцы, вынікі парадавалі ўсіх – гэта адно з прызавых месцаў сярод  школ Партызанскага раёна!
Строі дапамагала рабіць настаўніца працоўнага навучання, а Вікторыя Андрэеўна была рэжысёрам-пастаноўшчыкам усяго дэфіле, складала каментар да яго, праводзіла фотасесію для ўдзельніц у строях, вырабленых з прыродных матэрыялаў, і распрацоўвала для кожнай мадэлі партфоліа.
 
Школа ганарыцца такімі поспехамі і такімі крэатыўнымі настаўнікамі-практыкантамі, якіх рыхтуе філалагічны факультэт БДУ!

Жывы квэст «Скрыжаванне светаў. Том першы: Кніга Шчасця»

25.09.2015 аддзел абслугоўвання філалагічнага і эканамічнага факультэтаў ФБ БДУ сумесна з вучэбна-навуковай лабараторыяй беларускага фальклору і Клубам аматараў фантастыкі «KAFCo» правялі Жывы квэст «Скрыжаванне светаў. Том першы: Кніга Шчасця».
Для праходжання галоўнага квэста ігракам трэба было разгадаць зашыфраванае пасланне, ключы да якога былі аформлены ў выглядзе маленькіх скруткаў і прыхаваны  на ўсей тэрыторыі квэста.
Студэнты, школьнікі і нават выкладчыкі актыўна ўключыліся ў гульню.
Квэст спалучаў у сабе элементы квеструма, настольнай гульні і косплея. Ігракі маглі, забыўшыся пра ўсё, гуляць на Арэне, піць чай у карчме, займацца ў майстар-класах, а то і проста мець зносіны з іншымі ігракамі і заводзіць новых сяброў.
Заданні былі няпростымі,  а таму «Кнігу шчасця» нікому не ўдалося знайсці, але гэта не перашкодзіла атрымаць зарад станоўчых эмоцый удзельнікам квэста.

Конкурс чытальнікаў, прысвечаны 85-годдзю з дня нараджэння У. Караткевіча

25 лістапада на філалагічным факультэце БДУ прайшоў конкурс  чытальнікаў, прымеркаваны да 85-годдзя з дня нараджэння Уладзіміра Караткевіча. Нечакана для арганізатараў конкурс выйшаў за межы не толькі філалагічнага факультэта, але нават і БДУ. Акрамя студэнтаў-філолагагаў у конкурсе ўзялі ўдзел выступоўцы з БДУІР, юрыдычнага калледжа БДУ, СШ №77 г. Мінска.  Узровень выканаўцаў быў вельмі высокі. Пераможцаў вызначала журы ў складзе якога былі: к.ф.н , дацэнт Анатоль Леанідавіч Верабей, к.ф.н., дацэнт Ірына Эрнстаўна Багдановіч, к.ф.н., дацэнт  Міхась Паўлавіч Кенька, старшыня гарадскога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Міхась Паўлавіч Пазнякоў.
Пераможцай конкурсу стала студэнтка 4 курса філалагічнага факультэта БДУ Аліна Агрэніч. Вельмі пранікнёна прачытала яна верш Уладзіміра Караткевіча “Калумбы зямлі незнаёмай”. Акрамя асноўнага прыза  Аліна Агрэніч таксама атрымала прыз сімпатый гледачоў.  
У якасці ўзнагароды пераможцы конкурсу атрымалі кнігі з творамі Уладзіміра Караткевіча. Міхась Паўлавіч Пазнякоў, старшыня журы, напрыканцы зазначыў, што аказалася цяжка выявіць пераможцаў, паколькі ўсе былі вартыя перамогі, і ўручыў лаўрэатам прызы ад Саюза пісьменнікаў.
Трэба адзначыць, што пераможцам другой ступені стаў студэнт БДУІР Дзяніс Клімовіч з вершам “Беларуская песня”, а трэцяй стала вучаніца юрыдычнага каледжа БДУ Алеся Якімовіч, якая прачытала верш “Багдановічу”. Мяркуецца, што Караткевічаўскія чытанні будуць праводзіцца штогод.

Cустрэча дэкана філалагічнага факультэта БДУ i студэнцкага актыву філфака

 
Iван Сямёнавiч сустрэў дзяўчат-актывiстак цёплымi словамi. Дэкан адзначыў, што такiя сустрэчы трэба рабiць часцей, бо яму цiкава даведвацца пра студэнтаў i iх жыццё, як гаварыцца, «з першых вуснаў». I.С. Роўда назваў гэта «прамой сувяззю», а прадстаўнiц студэнцкiх арганiзацый – часткамi складанага механiзму, без якiх не можа iснаваць фiлфак як творчы i актыўны факультэт!
Адным з самых кранальных i светлых момантаў сустрэчы было ўзнагароджанне дэканам своеасаблiвымi «ордэнамi» студэнтак за актыўную працу на факультэце. Аўдыторыя адразу заззяла яшчэ больш i напоўнiлася ўсмешкамi. Iван Сямёнавiч умее дагадзiць дзяўчатам! Дэканам фiлфака невыпадкова завецца.
Падарункi падарункамi, але на сустрэчы i пытаннi абмеркаваць паспелi! Галоўнае, што адзначыў I. С. Роўда, гэта адзiнства арганiзацый у вялiкiм i дружным калектыве, дзе кожны мог бы разлiчваць на падтрымку!

Круглы стол " Я выбіраю Беларусь!"

17 лістапада ў Міжнародны дзень студэнта на філалагічным факультэце па ініцыятыве ГА "Саюз жанчын БДУ" адбыўся круглы стол "Я  выбіраю Беларусь!" з удзелам замежных студэнтаў, а таксама выкладчыкаў са Славацкай Рэспублікі і Рэспублікі Польшча, якія зараз працуюць на філалагічным факультэце БДУ, спадарыні Вера Немчакава і Магдалена Мендрок. Удзельнікам мерапрыемства стала таксама кіраўнік Інфацэнтра Японскай Культуры спадарыня Тацумі Масако. Гэта быў першы крок новога праекта ГА "Саюз жанчын БДУ" "Жанчыны свету супраць вайны і агрэсіі". Усе ўдзельнікі мерапрыемства адзначалі, што Рэспубліка Беларусь сёння з"яўляецца ўнікальным месцам міру і бяспецы для прадстаўнікоў любой нацыянальнасці. Дабрыня,гасціннасць,спагадлівасць, прыстойнасць, талерантнасць беларусаў застаюцца нязменнымі. Усе замежныя і беларускія студэнты адзначылі высокую якасць адукацыі  ў галоўным універсітэце краіны,прафесіяналізм і добразычлівасць выкладчыкаў. Таксама гаварылася пра тое, што менавіта праз адукацыйныя і культурныя кантакты, вывучэнне замежных моў і знаёмства з нацыянальнымі культурамі ляжыць шлях да ўзаемаразумення, дружбы паміж народамі, міру на ўсёй Зямлі.. Старшыня Савета ГА "Саюз жанчын БДУ" Ірына Казакова акцэнтавала ўвагу на важнай ролі жанчын у захаванні міру ва ўсім свеце, асабліва падкрэсліла высокую адказнасць жанчыны-выкладчыка вышэйшай школы,якая навучае і выхоўвае не толькі сваіх дзяцей, але і маладое пакаленне, студэнтаў з розных краін свету, прадстаўнікоў розных культур і светапоглядаў.