IV конкурс літаратурнай творчасці сярод студэнтаў БДУ «Славянскі калейдаскоп»

5 красавіка ў культурна-дзелавым цэнтры «Дом Масквы ў Мінску» адбылося падвядзенне вынікаў IV конкурсу літаратурнай творчасці сярод студэнтаў БДУ «Славянскі калейдаскоп», прымеркаванага да Дню яднання народаў Беларусі і Расіі і 95-годдзю БДУ. Пераможцамі конкурсу ў некалькіх намінацыях сталі студэнткі філалагічнага факультэта:
Аліна Карпіцкая, неаднаразовая пераможца папярэдніх конкурсаў "Славянскі калейдаскоп", у гэтым годзе даслала свае працы адразу ў сем намінацый, а ў пяці з іх заняла прызавыя месцы, два з якіх — першыя!
У намінацыі «Жыццё і прыгоды кнігі з маёй бібліятэкі» пераможцай стала Кацярына Роўда.
У намінацыі «Душа сумуе аб нябёсах» — Юлія Стукачова.
Усяго ў конкурсе прынялі ўдзел 8 прадстаўнікоў філалагічнага факультэта.
Пры Фундаментальнай бібліятэцы БДУ арганізаваны клуб аматараў мастацкага слова  – «КЛУмБа», які гасцінна запрашае ўсіх аматараў паэзіі на свае пасяджэнні.

“Лепшы стараста БДУ”

Дарагія студэнты! 18 лютага, у Ліцэі БДУ прайшло адно з самых яркіх мерапрыемстваў гэтага месяца – “Лепшы стараста БДУ”. Гэта знамянальная і грандыёзная падзея зрабіла яркае ўражанне на гледачоў. Упершыню на сцэне з’явіліся не “Місс” і “Містэры”, не лепшыя выканаўцы і танцоры, а старасты, якія з усіх сіл змагаліся за званне лепшага!
Аўтарам праекта з’яўляецца прывабная і не менш крэатыўная Ксенія Валністая, якая раскрыла нам сакрэт стварэння гэтага цудоўнага конкурса і без якой яго не было б зусім. Па яе словах, ідэя нарадзілася больш за год таму, калі ішла падрыхтоўка да Дня Старасты. Разумеючы, што большасць конкурсаў сёння існуюць для таго, каб прадэманстраваць уменне падаць сябе і свой талент, яна прыйшла да высновы, што было б някепска правесці такі конкурс і сярод стараст. Гэта дазволіла б ім удасканаліць сваю дзейнасць і лепш пазняёміцца з іншымі факультэтамі.
Варта адзначыць, што арганізатарамі мерапрыемства выступілі Савет Стараст БДУ і Упраўленне выхаваўчай работы з моладдзю БДУ, якія выдатна выканалі задачу. Дзякуй ім за гэта! Але не трэба забывацца і пра ўдзельнікаў. Імі сталі 14 таленавітых стараст, якія прайшлі праз асноўныя выпрабаванні, дзе прадэманстравалі свае лідарскія і творчыя навыкі.
Нездарма кажуць: “Каб рыбу есці, трэба ў ваду лезці”. Відаць, такім прынцыпам кіравалася як сама Насця, так і яе памочнікі ў падрыхтоўцы да конкурса. Два тыдні каманда напружана працавала: здымалі відэа, прыдумвалі касцюм для візіткі, адпрацоўвалі дакладнасць танца ў суправаджэнні жывой фартэпіяннай музыкі для творчага нумару.
Конкурс відэа пачаўся за тыдзень да самога мерапрыемства, дзе студэнты маглі самі выбраць лепшае відэа шляхам інтэрнэт-галасавання. Відэаролік Насці, адназнача, развесяліў і здзівіў філфакаўцаў, паколькі многія ўбачылі ў ім сцэны са сваім удзелам, а таксама знаёмыя месцы. Наша стараста выдатна сыграла сваю ролю, паказаўшы ў відэашэрагу штодзённае жыццё і абавязкі старасты.
І вось дзень конкурса надышоў! Нервы ва ўсіх зашкальваюць, удзельнікі хвалююцца. Згас свет – і пачалося шоу. У касцюмах, якія прадстаўлялі кожны факультэт, па сцэне дэфіліравалі 14 канкурсантаў. Затым адбыўся конкурс “Візітка”, дзе старасты расказвалі пра сябе. На сцэне з’явілася наша ўдзельніца. Зала заразілася крыкамі і бурнымі апладысментамі ад кампаніі ў чырвоных кашулях, якія вельмі выразна выдзяляліся з натоўпу. І цяпер разам з імі публіка таксама надавала бадзёрасці Насці, якая вельмі хвалявалася. “Насця – дзяўчынка з казкі” – гэта непрачытаная кніга ў стылі дэтэктыва з элементамі рамана, напісаная вершамі Пушкіна. Аўтары: мама і тата, пад рэдакцыяй філфака БДУ”, – казала яна, прадстаўляючы сябе гасцям мерапрыемства. Яе выхад ў вытанчанай самаробнай сукенцы поўнасцю адлюстраваў індывідуальнасць і прыналежнасць да свайго факультэта. Асабліва незвычайнымі дэталямі былі карона і бранзалет у выглядзе сапраўднай кнігі.
Знаходлівасць і ўменне ісці на кантакт з людзьмі старасты паказалі ў “Конкурсе сітуацый”, дзе адбіліся канфлікты, з якімі сутыкаецца стараста. Ад канкурсантаў патрабавалася ўключыць кемлівасць і задзейнічаць аратарскае майстэрства, з чым кожны стараста справіўся розным чынам. Насця дастаткова добра прайшла гэта выпрабаванне.
Прыйшоў час самага адказнага выхаду на сцэну. Насця і яе таварышы па творчаму нумару сціснулі зубы ад хвалявання. Вось ён, той самы момант, якога яны так чакалі і баяліся. Плакаты ў падтрымку філфака ўжо былі нагатове, група ў чырвоных кашулях стала больш актыўнай. Пад гукі фартэпіяннай музыкі ў выкананні Каюдзінай Крысціны пачаў разгортвацца сюжэт творчага нумара. Насця – лялька ў вітрыне крамы, ў якую закахаўся прыгожы юнак, праходзячы паўз яе з абаяльнымі дзяўчатамі. Гэту ролю выдатна сыграў Яраслаў Шантрукоў. Яго ўжо не цікавілі ўсе гэтыя маладыя асобы, яму патрэбна была толькі яна. Ад кахання да яго лялька чароўным чынам ажывае... І тут зала прыходзіць у захапленне ад незвычайнага танца, які поўнасцю выявіў сутнасць цудоўнага пачуцця паміж імі. Але, на жаль, юнак з-за свайго эгаізму разбівае ажыўшай ляльцы сэрца. Напружаная музыка прымушае сэрцы гледачоў біцца хутчэй. Захоплены сабой, малады чалавек глядзіцца ў люстэрка, і тут жа заўважае, што яго адлюстраванне  – гэта лялька, без жыцця і пачуццяў. Гэту ролю ўзяў на сябе Васіль Сіндароў. Але гэта не пазбаўляе хлопца ад пакарання, і, жывы, ён становіцца сваім адбіткам, лялькай, якая стаіць поруч са сваёй палавінкай, каханне якой  загубіў.
Гучныя авацыі пасля доўгай і напружанай цішыні ўзарвалі залу як ніколі раней. І не проста так –  гэта быў лепшы нумар таго вечара. Рабко Анастасія стала пераможцам у намінацыі “Лепшы творчы нумар”, што, несумненна, узрадавала ўсіх, хто яе падтрымліваў. І гэта сапраўды яе перамога. І нават калі ёй усё ж такі не ўдалося стаць лепшай старастай БДУ, усё роўна яна будзе лепшай старастай для ўсіх нас.

“Лепшы стараста БДУ” – гэта мерапрыемства, якое сапраўды матывуе на тое, каб стаць старастай! Гэта цудоўны конкурс, які дэманструе, што стараста можа быць не толькі адказнай ці нават “зануднай”, але і вельмі крэатыўнай, разнабаковай асобай! Вынік відавочны: прыгожыя нумары, светлая атмасфера, палаючыя вочы…І гэта толькі пачатак.

Тыдзень англійскай мовы

28 сакавіка – 1 красавікана філалагічным факультэце БДУ кафедра англійскага мовазнаўства праводзіла традыцыйны Тыдзень англійскай мовы, у які былі ўключаны разнастайныя пазнавальныя і, ў той жа час, забаўляльныя мерапремствы: былі арганізаваны круглыя сталы, прысвечаныя англійскаму этыкету; усім жадаючым адчыніў свае дзверы караоке-клуб, дзе студэнты з задавальненнем спявалі англамоўныя песні, былі праведзены мерапрыемствы “Век жыві – век вывучай Велікабрытанію”, “Спявай і вывучай англійскую мову”, 1 красавіка адбылося мерапрыемства “Жартуй і вывучай англійскую мову”. Таксама вялікую цікавасць студэнтаў выклікала мерапрыемства “Актуальныя праблемы ХХІ стагоддзя”, для якога студэнты рыхтавалі прэзентацыі па прапанаванай тэматыцы (экалогія, тэрарызм, голад, хваробы ХХІ ст. і інш.). Калідоры факультэта сталі месцам экспазіцый постэраў і плакатаў, прысвечаных цікавай інфармацыі аб Велікабрытаніі і англійскай мове, каралеўскім асобам, англійскаму гумару. Актыўны ўдзел у тыдні прынялі як студэнты-беларусы, так і студэнты замежных краін, для якіх таксама была арганізавана экскурсія на англійскай мове ў Нацыянальную бібліятэку Рэспублікі Беларусь.

Мiжнародны конкурс па напiсанню эсэ (на англiйскай мове) на тэму «PERFECTION IS THE CHILD OF TIME»

ПАВАЖАНЫЯ СЯБРЫ!
Запрашаем Вас прыняць удзел у Мiжнародным конкурсе па напiсанню эсэ (на англiйскай мове) на тэму «PERFECTION IS THE CHILD OF TIME», які праводзіцца кафедрай англійскага мовазнаўства.
Для удзела ў конкурсе неабходна да 22 красавiка 2016 года выслаць на адрас аргкамiтэта Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду.  наступныя матэрыялы:
  • ·         заяўку на ўдзел у конкурсе.
Эсе ў электронным  варыянце прадставiць да 6 мая на адрас аргкамiтэта цi Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду.. Падвядзенне вынiкаў 15 мая.
Форма заяўкi i патрабаваннi да напiсання эсэ.

Віншуем Юрыя Аношку!

Штогод у сакавіку амбасады Францыі ў франкамоўных краінах і краінах, дзе вывучаецца французская мова як замежная, сумесна з Асацыяцыямі выкладчыкаў французскай мовы арганізуюць і праводзяць конкурс «Les Mots d’Or» / «Залатое слова» ў мэтах удасканалення дзелавой французскай мовы. Гэты конкурс знаходзіцца пад патранажам Міжнароднай арганізацыі Франкафоніі, Міністэрства эканомікі, фінансаў і прамысловасці Францыі, Міністэрства адукацыі Францыі, Міністэрства замежных спраў Францыі, Міністэрства культуры і камунікацыі, Грамадскага саюза перакладчыкаў Францыі.
У гэтым годзе ў Беларусі па выніках конкурсу пераможцам стаў студэнт 2 курса філалагічнага факультэта БДУ Юрый Аношка. У якасці прыза Юрый атрымаў стажыроўку ў Францыі.

Графік атрымання літаратуры ў бібліятэцы на 2 семестр

Графік атрымання літаратуры ў бібліятэцы на 2 семестр.
Філалагічны факультэт

 

1курс

Беларуская і руская філалогіі: 7 лютага з 9.00 да 16.30
Славянская і ўсходняя філалогіі: 8 лютага з 9.00 да 16.30
Романо- германская філалогія: 9 і 10 лютага з 9.00 да 16.30


2 курс
Беларуская і руская філалогіі: 13 лютага з 9.00 да 16.30
Романо-германская філалогія: 14 і 15 лютага з 9.00 да 16.30
Славянская і ўсходняя філалогіі: 16 лютага з 9.00 да 16.30

3 курс
Беларуская і руская філалогіі: 17 лютага з 9.00 да 16.30
Романо-германская філалогія 20 лютага з 9.00 да 16.30
Славянская і ўсходняя філалогіі: 21 лютага з 9.00 да 16.30


Студэнты 4 і 5 курсаў атрымліваюць падручнікі
                                               ў любы вольны час

“Міс філалагічнага факультэта 2016”

Вось і надышла вясновая пара. Прырода ажывае, распускаецца, а ў гэты час ледзі сваёй грацыяй, прыгажосцю і непаўторным талентам зачароўваюць гасцей актавай залы філалагічнага факультэта. 16 сакавіка шэсць канкурсантак змагаліся за тытул «МІС ФІЛФАК – 2016». Шмат сюрпрызаў чакала гледачоў у гэты дзень, а якія менавіта, вы зараз даведаецеся.
Музыка. Святло згасла. На сцэне з’явіліся куратары нашых удзельніц, без якіх не было б свята. Гэта – прадстаўнікі Студэнцкага Саюза філалагічнага факультэта, якія сваім яркім танцавальным нумарам зарадзілі публіку бадзёрасцю і энергіяй. Здзіўленню гледачоў не было мяжы, калі яны ўбачылі вядучага – вясёлага Дзмітрыя Нікановіча, выпускніка Інстытута журналістыкі БДУ. Ён упэўнена задаваў рытм мерапрыемству, падтрымліваў удзельніц і весяліў залу сваім гумарам.
І вось ён, той момант, якога ўсе чакалі, настаў. Удзельніцы нарэшце-такі з’явіліся з-за кулісаў. Гэта былі Грышкевіч Вольга, Ястрэмская Анастасія, Галушка Паліна, Бардзянюк Лізавета, Кавалёва Кацярына і Сяргеева Соф’я. Танцавальны конкурс паказаў іх пластычнасць і вытанчанасць, а відэа-візітоўкі дапамаглі нам даведацца больш пра кожную з іх.
Дэфіле ў вячэрніх сукенак. Як жа элегантна яны глядзеліся ў спалучэнні з вытанчанай паходкай канкурсантак! Унікальнасць знешнасці кожнай дзяўчыны і іх жаноцкасць змусілі гарэць вочы прысутных у зале прадстаўнікоў мужчынскай паловы.
Аднак якая ж дзяўчына прыгожая па-сапраўднаму? Адказ відавочны: тая, якая клапоціцца не толькі пра прывабнасць свайго цела, але і пра чысціню душы і розуму. Таму інтэлектуальны конкурс быў праведзены якраз дарэчы. У вачах удзельніц можна было заўважыць іскру страху, якая заразіла ўсю залу. Плакаты ў падтрымку дзяўчат падымаліся адзін за адным, апладысменты ўзмацняліся… Адна за адной прыгажуні пакідалі сцэну. Пераможцай усё ж стала Кавалёва Каця. Тым не менш, усе годна трымаліся на сцэне і знаходліва адказвалі на зададзеныя пытанні, на што здатны не кожны. Малайцы!
У той час як дзяўчаты рыхтаваліся да наступнага конкурсу, гледачоў здзівіў яшчэ адзін сюрпрыз. Яго элегантны чорны касцюм і танец у стылі Майкла Джэксана ўразіў публіку ў зале. Гэта быў Алег Усаў, выпускнік філалагічнага факультэта, які не забывае родны філфак.
Ну якая ж «Міс» праходзіць без творчага конкурсу? Першай, хто выступіў, стала Грышкевіч Вольга са сваёй пранікнёнай песняй. Выконваючы сучасныя кампазіцыі, на цымбалах па-майстэрску грала Бардзянюк Ліза. Ястрэмская Насця незвычайна і з пышным акцёрскім майстэрствам прачытала свой маналог. Кавалёва Каця ў эмацыянальным танцы ўмела адлюстравала барацьбу душы з нераздзеленым каханнем, што ў кожнага выклікала мурашкі, а часам і слёзы. З падобным нумарам выступіла Сяргеева Соня, якая расказала гісторыю кахання ўжо ў сваёй інтэрпрэтацыі. Добрая і натхняльная сцэнка з маленькімі дзецьмі была выканана мілай Галушка Палінай. У кожным нумары можна было заўважыць не толькі талент канкурсантак, але і іх стараннасць і стойкасць.
У фінале конкурсу на сцэне з’явіліся члены журы. Кожны з іх казаў цёплыя словы ў адрас канкурсантак і абвяшчаў намінацыі ўдзельніц. У выніку, атрымалася наступнае:
Міс Творчасць – Ястрэмская Анастасія (фота 1)
Міс Натхненне – Галушка Паліна (фота 2)
МісГрацыя – Бардзянюк Лізавета (фота 3)
МісГеніяльнасць– Сяргеева Соф’я (фота 4)
Віцэ-міс – Грышкевіч Вольга (фота 5)
Міс Фота, і, больш за тое, МІС ФІЛФАК 2016 Кавалёва Кацярына! (фота 6)
«Мае эмоцыі ад перамогі былі рознымі. Спачатку я адчула палёгку ад таго, што апраўдала чаканні людзей, якія верылі ў мяне. Затым была нястрымная радасць, што ўсё нездарма, што я здолела і ўсё атрымалася. Сам конкурс быў напоўнены здаровай канкурэнцыяй, спаборніцтвам з сабою. З дзяўчынкамі мы добра ладзілі і стараліся ва ўсім дапамагаць і падтрымліваць адна адну», – падзялілася ўражаннямі пераможца.
Віншуем! Гэта была сапраўдная перамога!
Гэта падзея пакінула яркі след у сэрцах усіх прысутных у той дзень. Яна падаравала нам не толькі буру эмоцый, але і адзін важны ўрок: клапаціцца трэба не толькі пра знешнюю прыгажосць, але і не забываць пра ўнутраную. Выкарыстоўвайце гэта правіла ў сваім жыцці, і вы ніколі не памыліцеся!

Лекцыя Мячкоўскай Н.Б. "Калі і з-за чаго пачынаюць смяяцца дзеці"

10 лютага ў 12-45 (аўд. 214) для слухачоў спецсемінараў праф. Мячкоўская Ніна Барысаўна прачытае лекцыю на тэму "Калі і з-за чаго пачынаюць смяяцца дзеці". 
Запрашаюцца ўсе жадаючыя.

Да Міжнароднага дня роднай мовы

21 лютага адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. Натуральна, што для філалагічнага факультэта гэта свята мае асаблівае значэнне. Штогод на  нашым факультэце ладзіцца шэраг мерапрыемстваў, і адбываюцца яны не адзін дзень, а на працягу цэлага тыдня!
Адкрыла Тыдзень беларускай мовы акцыя «Ад слова вырастаюць крылы…», якая прайшла 19 лютага ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі авіяцыі. У літаратурна-музычнай імпрэзе прынялі ўдзел студэнты нашага факультэта 1–5 курсаў. Праз песні і вершы яны распавялі курсантам акадэміі і іх выкладчыкам пра сваю любоў да роднай мовы і Бацькаўшчыны.Завяршэнне канцэрта кранула і гледачоў, і ўдзельнікаў: падчас выканання фінальнай песні на словы У. Караткевіча “На Беларусі Бог жыве...”, калі яшчэ раз прагучалі віншаванні з Міжнародным днём роднай мовы, а таксама надыходзячым Днём абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, на сцэну падняліся курсанты акадэміі, каб уручыць нашым дзяўчатам прыгожыя ружы і запрасіць працягнуць святкаванне за кубкам гарбаты.
Выкладчыкі і навучэнцы БДАА правялі для нашых студэнтаў экскурсію па тэрыторыі акадэміі, паказалі сучасна ўладкаваныя навучальныя класы, дазволілі зацікаўленым юнакам і дзяўчатам пабываць у кабінах верталётаў і нават пакіраваць «паветранай птушкай» з дапамогай сучаснага трэнажора, які выкарыстоўваюць курсанты для паляпшэння сваіх прафесійных навыкаў.
Адкрыццё Тыдня беларускай мовы непасрэдна на фiлалагiчным факультэце адбылося 22 лютага. Студэнты і госці мерапрыемства прадставілі гледачам літаратурна-музычную кампазіцыю  «Слова роднае – вечнасці след...». Распачало свята выступленне фальклорнага калектыву «Мілавіца» Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі г. Мінска “Ветразь” пад кіраўніцтвам Марыі Снітко.
Рэктар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта акадэмік С. У. Абламейка адзначыў, што ў год культуры вельмі важна акцэнтаваць увагу на папулярызацыі роднай мовы, бо «мова – галоўны сродак развіцця культуры». Гэту ідэю падтрымаў і дэкан факультэта прафесар І. С. Роўда, патлумачыўшы, што культура не можа развівацца без мовы і літаратуры. Перад студэнтамi выступiлi таксама доктар філалагічных навук, прафесар, загадчык кафедры тэорыі літаратуры В. П. Рагойша, старшыня Міжнароднага камітэта славістаў, прафесар, першы намеснік дырэктара па навуковай рабоце Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі А. А. Лукашанец; галоўны рэдактар часопіса “Вясёлка”, Ганаровы член Саюза пісьменнікаў Беларусі, член Саюза журналістаў Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі У. С. Ліпскі. Студэнты чыталі вершы і спявалі песні на словы любімых паэтаў. Не забыліся і пра родныя мовы замежных студэнтаў і стажораў. Гледачы мелі магчымасць пачуць вершы на рускай, туркменскай, славацкай, турэцкай і кітайскай мовах. Завяршыла мерапрыемства выступленне фальклорна-этнаграфiчны гурту фiлалагiчнага факультэта «Багач» .
23 лютага 13 камандаў са студэнтаў і выкладчыкаў нашага факультэта прынялі ўдзел у Беларускай інтэлектуальнай гульні. Мерапрыемства было арганізавана выпускніцай кафедры беларускай літаратуры і культуры Алесяй Гурскай-Таболіч і аспіранткай кафедры беларускай літаратуры і культуры, членам Савета маладых вучоных Ірынай Часнок. «БІГ» – сапраўдная гульня для душы, дзе кожны можа як адпачыць, так і добра “паварушыць мазгамі”. І ў гэтым кожны з удзельнікаў меў магчымасць пераканацца сам.
Гульня складалася з 8-мі розных тураў, кожны з якіх утрымліваў па 5 пытанняў, і апошняга – дзявятага, так званага «Бліц-апытання». За 30 секунд каманды павінны былі даць правільныя адказы на абсалютна розныя, часам неардынарныя і непрадказальныя пытанні. Па выніках чатырох тураў у лідарах аказалася каманда «Трое ў лодцы», крыху ніжэй у зводнай табліцы – каманда «Дзед». Падчас перапынку перад удзельнікамі выступіла прадстаўніца Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі. Яна расказала пра самыя актуальныя п’есы, запрасіла ўсіх ў хуткім часе наведаць тэатр. Акрамя таго, свае вершы перад нашымі камандамі прадставіў вядомы  беларускі паэт Віктар Жыбуль. У выніку 1-ае месца і білеты ад Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі атрымала каманда «Дзед»; 2-ое месца заняла каманда «Кату пад пяту», а 3-яе – «Мова ў мундзіры».
У гэты ж дзень філфакаўцы мелі магчымасць пазнаёміцца ​​з такой цікавай навуковай галіной, як этнаастраномія. У рамках «Тыдня беларускай мовы» 23 лютага прайшоў «Дзень беларускай філалогіі», і тэмай сустрэчы быў «забыты космас беларусаў». З прэзентацыяй сваёй кнігі «Паміж небам і зямлёй: этнаастраномія» выступіў Цімафей Авілін, супрацоўнік НАН Беларусі, ДНУ Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры, спецыяліст у сферы этнаастрономіі. Па адукацыі фізік-ядзершчык, на сваім неверагодным энтузіязме, карпатліва збіраючы патрэбную інфармацыю, гэты малады чалавек адкрыў для беларусаў іх ўласнае зорнае неба, ужо забытае ў сажы і мітусні гарадоў. Больш за дзесяць гадоў ён збіраў інфармацыю ў сельскіх мясцовасцях ад носьбітаў этнакультурнай традыцыі, пра што сведчыць мноства карт, уключаных у кнігу, якую кожны з прысутных на сустрэчы змог патрымаць у руках і пагартаць. Як аказалася, далёка не ва ўсіх абласцях нашай краіны сузор’імелі аднолькавыя назвы. І хто ж ведаў, што сузор’е Арыёна – гэта дзяўчына з каромыслам? Спадар Цімафей таксама адзначыў, што мэтай яго даследавання была «чыстая» інфармацыя, без прымесяўацэнкі і навуковай дыскусіі. «Я збіраю інфармацыю, даю яе вам, і толькі вы вырашаеце, што з ёй рабіць», – растлумачыў ён у завяршэнне мерапрыемства.
У сераду, 24 лютага, прайшла інтэлектуальна-пазнавальная гульня «Філалогія і Я». Удзел у ёй прынялі студэнты першага курса беларускай, рускай і славянскай філалогіі, а таксама студэнткі 2 і 4 курсаў у якасці членаў журы. Кожная з груп пачала сваё выступленне з прэзентацыі аб’явы на гульню ў выглядзе плакатаў. У вітальным блоку ўдзельнікі павінны былі прадставіць сваю групу ў стылі КВЗ на тэму «Мы – студэнты філфака». Група рускай філалогіі пазнаёміла нас з сарамлівым хлопчыкам. Тое, пра што марыць студэнт-філолаг, мы адкрылі для сябе з групай беларускага аддзялення. А славянская філалогія здзівіла нас рэпам на роднай мове. Не абышлося і без паэтычнага конкурсу. Прадстаўнік кожнай каманды чытаў вершы, прасякнутыя духам беларускай мовы і эмоцыямі аўтара.
Найбольш працяглым быў інтэлектуальны конкурс, які складаўся з некалькіх этапаў. Удзельнікі актыўна расшыфроўвалі загадкі, з двух слоў збіралі трэцяе, даведаліся, што такое лагагрыфы, і спрабавалі іх разгадаць, вырашалі лінгвістычныя задачы – і гэта зусім не поўны спіс заданняў, якія былі прапанаваны ўдзельнікам. Усе студэнтывыявілідобрую рэакцыю і веды, а таксама вынаходлівасць у складаных сітуацыях, за што атрымалі заслужаныя балы. Не варта забываць і пра конкурс фразеалагізмаў, дзе студэнты дапаўнялі ўстойлівыя выразы, ведаючы толькі іх пачатак. Фінальная частка конкурсу была вельмі душэўнай: каманды ўклалі новы сэнс у вядомыя песні, падкрэсліваючы любоў да беларускай мовы. У кожнай песні павінна было быць не менш за 10 лінгвістычных тэрмінаў, з чым удзельнікі выдатнасправіліся. Пераможцам была аб’яўлена група беларускай філалогіі.
Лекцыя «Сучасная беларуская мова ў пачатку дваццаць першага стагоддзя: праблемы беларускамоўнай кампетэнцыі і беларускамоўнай адукацыі»прайшла 25 лютага. Доктар філалагічных навук, прафесар, член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі А. А. Лукашанец распавёў, чаму людзі беларускага грамадства выракаюцца сваёй роднай мовы і як гэтага пазбегнуць. Прафесар адзначыў, што існуе вялікая супярэчнасць паміж заканадаўчым статусам роднай мовы і яе рэальным ужываннем. Аляксандр Аляксандравіч заўважыў, што сам ён нарадзіўся ў вёсцы, наведваў вясковую беларускамоўную школу, а таму непарыўная сувязь з роднай мовай для яго натуральная. «Нярэдка, – сказаў прафесар, – людзі маюць завышаныя патрабаванні да культуры ўласнага маўлення, маўляў, лепш зусім не буду размаўляць па-беларуску, чым размаўляць з памылкамі. Але як жа магчыма навучыцца чамусьці без практыкі? Тут ідзе пытанне пра так званую пасіўную самасвядомасць альбо пра банальную ляноту, якой, канешне, трэба пазбаўляцца». Напрыканцы лекцыі Аляксандр Аляксандравіч выказаў спадзяванне, што сітуацыя двухмоўя ў нашай дзяржаве зменіцца на карысць беларускай мовы, якая даўно ўжо «выспела» для таго, каб абслугоўваць усе сферы грамадства.
26 лютага на філалагічным факультэце прайшло заключнае мерапрыемства Тыдня беларускай мовы 2016 – Дзень беларускага перакладу. Адбылася сустрэча з Міхасём Паўлавічам Кенькам, кандыдатам філалагічных навук, дацэнтам кафедры тэорыі літаратуры філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта; літаратуразнаўцам, перакладчыкам, экспертам па праблемах сучаснай беларускай літаратуры, параўнальнага літаратуразнаўства, тэорыі мастацкага перакладу; журналістам, сябрам Саюза журналістаў Беларусі і Саюза пісьменнікаў Беларусі. Ці проста «лепшым фатографам сярод перакладчыкаў і лепшым перакладчыкам сярод фатографаў», як з гумарам назваў сябе сам госць. Мерапрыемства пачалося са сцэнічнай замалёўкі-дыялога Стэфаніі Градзеньскай «Шаша і супругі», перакладзенай Міхасём Паўлавічам. Выступленне Міхася Паўлавіча падзялілася на дзве часткі, кожная з якіх пазнаёміла гледачоў з рознымі бакамі шматграннай асобы госця.
Першая частка была прысвечана яго перакладчыцкай дзейнасці. «Пераклад для мяне адначасова і хобі, і спецыяльнасць, і праца”, – з усмешкай расказаў спадар Кенька. Ён пазнаёміў нас з тонкасцямі перакладу, расказаў пра цяжкасці і радасці прафесіі перакладчыка, пра ўласныя няўдачы і перамогі. Другая частка выступлення Міхася Паўлавіча Кенькі была прысвечана яго дзейнасці як фатографа. На прэзентацыі, якая суправаджала аповяд, можна было ўбачыць «жывыя» эмоцыі людзей, і гэта нікога ў зале не пакінула раўнадушным. «Фотаапарат часта дапамагаў мне на працы», – расказаў галоўны герой сустрэчы. Сапраўды, фатаграфаваў ён і У. Караткевіча, і А. Куляшова, і Я. Янішчыц, і многіх іншых пісьменнікаў. Гэтыя фотавыявы зараз можна ўбачыць у іх кнігах. Цікавыя мерапрыемствы, на жаль, заўсёды праходзяць хутка. Сустрэча з Міхасём Паўлавічам Кенькам атрымалася шчырым, душэўным аповедам пра жыццё, працу, вандроўкі і прыгоды перакладчыка-фатографа, Чалавека з вялікай літары.

На гэтай пазітыўнай ноце і завяршыўся Тыдзень беларускай мовы на філалагічным факультэце. Не выракайцеся роднай мовы, любіце яе, размаўляйце на ёй. І тады вы зможаце лічыць сябе сапраўдным беларусам!

Прэзентацыя кнігі Кацярыны Роўда «Водар белага наліву»

21 студзеня ў чытальнай зале юрыдычнага факультэта БДУ адбылася прэзентацыя першага зборніка вершаў студэнткі філалагічнага факультэта Кацярыны Роўда. Зборнік выйшаў пад назвай «Водар белага наліву». Павіншаваць маладую таленавітую паэтку прыйшлі захопленыя творчасцю людзі, калегі і ўдзельнікі клуба аматараў паэзіі «КЛУмБа», а таксама вядомы паэт Анатоль Зэкаў. У канцы Кацярына Роўда падпісала зборнік ўсім жадаючым. З кнігай можна азнаёміцца на выставе «Маладыя таленты БДУ», у бібліятэцы філалагічнага факультэта (п.30) да 15.02.2016.

Падведзены вынікі практыкі

3 сакавіка адбыўся справаздачны сход студэнтаў ІV курса спецыяльнасці «Беларуская філалогія» па выніках літаратурна-рэдакцыйнай (вытворчай) практыкі. Сёлета для правядзення практыкі былі абраны наступныя пляцоўкі: выдавецтва «Адукацыя і выхаванне» Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь», Выдавецкі Дом «Звязда», рэдакцыя часопіса «Роднае слова», упраўленне рэдакцыйна-выдавецкай работы БДУ. А доўжылася практыка з 8 па 20 лютага 2016 г.
Распачаў сход адказны за агульнае кіраўніцтва практыкай прафесар А. І. Бельскі. Ён сцісла падвёў асноўныя вынікі праходжання студэнтамі практыкі, гаварыў найперш пра практычную дзейнасць студэнтаў у рэдакцыі часопіса «Беларуская мова і літаратура» (выдавецтва «Адукацыя і выхаванне»). Затым бралі слова студэнты-практыканты: Ілона Сямёнава, Марына Яраховіч, Марына Шэвель, Лізавета Басалыга, якія апавядалі пра сваю рэдакцыйна-літаратурную працу ў выдавецтвах, выкананыя заданні і даручэнні. Студэнты азнаёміліся з умовамі арганізацыі працы ў рэдакцыйна-выдавецкіх структурах, з працэсам выпуску часопісаў і кніжнай прадукцыі, займаліся рэдагаваннем і карэктарскай вычыткай тэкстаў. Кіраўнікамі ад устаноў студэнтам-практыкантам былі выказаны парады, пажаданні па ўдасканаленні будучай прафесійнай дзейнасці. Адзначася, што студэнты назапасілі пэўны практычны досвед у галіне літаратурна-рэдактарскай і выдавецкай працы. Прагучалі словы падзякі на адрас кіраўнікоў практыкі ад арганізацый — вопытных рэдактараў (Л. Сагановіч, К. Пучынскай, А. Бельскай, А. Яфімава і інш.), якія давалі кансультацыі, праводзілі гутаркі аб методыцы літаратурнага рэдагавання, моўна-стылёвым аналізе тэксту і інш. Шэраг выступоўцаў выказалі пажаданні па ўдасканаленні арганізацыі і праходжання літаратурна-рэдакцыйнай практыкі. На сходзе прысутнічалі кіраўнікі груп студэнтаў-практыкантаў дацэнт І. Э. Багдановіч, намеснік дэкана В. П. Крычко.
У межах праходжання практыкі студэнты наведалі буйнейшы кніжны форум краіны ХХІІІ Мінскую міжнародную кніжную выставу-кірмаш (10—14 лютага 2016 г.), бралі ўдзел у творчых сустрэчах і інш.