Кафедра англійскага мовазнаўства ўтварылася ў 2002 годзе на базе кафедры рамана-германскіх моў. Кафедра рэалізуе адукацыйную праграму падрыхтоўкі спецыялістаў па спецыяльнасці «1-21 05 06 Рамана-германская (англійская) філалогія» з прысваеннем кваліфікацыі «Філолаг. Выкладчык замежных моў і літаратур. Перакладчык».
За кафедрай англійскага мовазнаўства замацаваны каля дваццаці вучэбных дысцыплін. У рамках першай ступені вышэйшай адукацыі кафедра забяспечвае выкладанне дысцыплін дзяржаўнага кампанента («Асноўная замежная мова (англійская)», «Асноўная замежная мова (англійская) для спецыяльных мэтаў», «Методыка выкладання замежнай мовы», «Тэорыя і практыка перакладу», «Перакладчыцкая дзейнасць і камп’ютэрнае забеспячэнне») і дысцыплін кампанента ўстановы вышэйшай адукацыі («Тэарэтычная фанетыка», «Лексікалогія», «Гісторыя мовы», «Тэарэтычная граматыка», «Стылістыка»).
Акрамя базавых на кафедры выкладаюцца электыўныя дысцыпліны («Дзелавая замежная мова», «Міжкультурная камунікацыя і пераклад», «Прагматыка», «Пераклад для спецыяльных мэтаў») і аўтарскія курсы («Рэалізацыя лексічнай сістэмы ў тэксце», «Слоўнікі і спосабы лексікаграфічнага апісання», «Лінгвакультуралогія», «Кагнітыўная фразеалогія», «Тэкст і дыскурс у лінгвістычным апісанні», «Асаблівасці перакладу сучаснай амерыканскай і англійскай драматургіі», «Тэорыя намінацыі», «Корпусная лінгвістыка», «Інавацыйныя тэхналогіі ў навучанні замежным мовам», «Агульная і прыватная тэорыя перекладу», «Медыарыторыка», «Дзелавая іншамоўная камунікацыя: лігвастылістычны аспект», «Структурная тыпалогія моў і лінгвістыка ўніверсалій», «Лінгвасеміотыка»).
Калектыў кафедры арганізуе метадычнае забеспячэнне вучэбнага працэса: ствараюцца падручнікі, вучэбныя дапаможнікі, вучэбна-метадычныя комплексы, распрацоўваюцца вучэбна-метадычныя матэрыялы па ўсіх дысцыплінах, якія замацаваны за кафедрай. Рэалізуецца кіраўніцтва студэнцкімі педагагічнымі і перакладчыцкімі практыкамі, якія выконваюць прафесійна-адаптацыйныя, дыягнастычныя, карэкцыйна-адукацыйныя, асабова-развіваючыя, выхаваўчыя, даследчыцкія і іншыя функцыі. Ажыццяўляецца кіраўніцтва курсавымі і дыпломнымі работамі, магістэрскімі і кандыдацкімі даследаваннямі.
На кафедры актыўна вядзецца навуковая праца як выкладчыкаў, так і студэнтаў. За перыяд існавання кафедры англійскага мовазнаўства распрацавана некалькі калектыўных навукова-даследчых тэм: «Фарміраванне прафесійнай кампетэнтнасці сучаснага выкладчыка замежнай мовы», «Змест і спецыфіка іншамоўнай адукацыі ў БДУ як кампанента сістэмы бесперапыннай адукацыі», «Сучасныя тэхналогіі навучання студэнтаў іншамоўнай кампетэнцыі: тэарэтычныя асновы і практыка выкарыстання», «Лінгвістычныя і метадычныя асновы падрыхтоўкі перакладчыка ў сферы прафесійнай камунікацыі», «Інавацыйны педагагічны менеджмент: праблема фарміравання канкурэнтна здольнага спецыяліста ў сістэме іншамоўнай адукацыі».
У 2021‒2025 гг. калектыў кафедры рэалізуе навукова-даследчы праэкт «Супастаўляльнае апісанне германскіх і славянскіх моў: структурныя і сацыялінгвістычныя аспекты». Даследаванні праводзяцца ў пяці ключавых абласцях: 1) супастаўляльная лінгвакультуралогія германскіх і славянскіх моў; 2) семантычныя даследаванні германскіх і славянскіх моў і лінгвістычныя інфармацыйныя рэсурсы; 3) германскія і славянскія мовы ў сучасным свеце: моўныя кантакты і перакладчыцкая практыка; 4) германскія і славянскія мовы ў інтэрнэт-камунікацыі; 5) лінгвадыдактыка германскіх моў у Беларусі і за мяжой.
Вынікі фундаментальных і прыкладных даследаванняў знайшлі адлюстраванне ў сотнях публікацый прафесарска-выкладчыцкага састава кафедры, сярод якіх манаграфіі, калектыўныя манаграфіі, слоўнікі, артыкулы ў беларускіх і замежных рэцэнзаваных навуковых часопісах і зборніках артыкулаў, тэзісаў. Вынікі даследаванняў праходзяць апрабацыю на міжнародных і рэспубліканскіх навуковых канферэнцыях. Навуковыя распрацоўкі, якія пацвердзілі сваю эфектыўнасць і мэтазгоднасць, укараняюцца ў вучэбны працэс, а таксама знаходзяць прымяненне ў навуковых праектах студэнтаў, магістрантаў, суіскальнікаў і аспірантаў, якія вядуць даследванні на кафедры англійскага мовазнаўства ў рамках першай і другой ступеняў вышэйшай адукацыі і першай ступені паслявузаўскай адукацыі.
Кафедра англійскага мовазнаўства актыўна ўдзельнічае ў міжнароднай дзейнасці ўніверсітэта, праводзіць працу па ўстанаўленню і развіццю навуковых сувязей з іншымі ўстановамі вышэйшай адукацыі Беларусі і замежжа. У 2021 годзе кафедра правяла маштабную Міжнародную навуковую канферэнцыю «Мова, культура, творчасць у трансдысцыплінарным вымярэнні: традыцыі і інавацыі». Арганізатарамі канферэнцыі выступілі тры буйнейшыя цэнтры адукацыі і навукі Беларусі і Расіі: Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт (філалагічны факультэт); Інстытут мовазнаўства Расійскай акадэміі навук (аддзел тэарэтычнага і прыкладнога мовазнаўства, сектар тэарэтычнага мовазнаўства); Маскоўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя М.В. Ламаносава (філалагічны факультэт). Навуковая канферэнцыя аб’яднала 130 удзельнікаў з Беларусі, Расіі, Кітая, Іспаніі, Украіны, Германіі, Італіі, Польшчы, Латвіі, Арменіі, якія прадстаўлялі 55 устаноў вышэйшай адукацыі і навукі. Канферэнцыя дапамагла ўстанавіць міжнародныя навуковыя кантакты, наладзіць абмен вопытам і вынікамі даследчай працы ў навуковых суполках, сістэматызаваць у ходзе дыскусій актуальныя праблемы тэарэтычнай і прыкладной лінгвістыкі, выкладання замежных моў, перакладу, міжкультурнай камунікацыі.
Кафедра штогод праводзіць Міжнародную навукова-практычную канферэнцыю «Ідэі. Пошукі. Рашэнні», у якой прымаюць удзел студэнты, магістранты, аспіранты, выкладчыкі. Канферэнцыя дазваляе далучыць маладое пакаленне да навуковай дзейнасці і абмеркаваць актуальныя пытанні філалогіі, літаратуры, педагогікі. З 2006 года кафедра выдае міжвузаўскі зборнік навуковых артыкулаў «Мовы свету - у свеце моў». Пад кіраўніцтвам выкладчыкаў кафедры праводзяцца студэнцкія канферэнцыі «Мовы зносін - зносіны на мовах» і «Мовы свету - свет моў», арганізуецца праца секцый «Англійская філалогія» у рамках штогадовай навуковай канферэнцыі студэнтаў і аспірантаў БДУ.
У мэтах забеспячэння фарміравання прафесійных, сацыяльных і асабовых кампетэнцый студэнтаў кафедра штогод праводзіць наступныя мерапрыемствы:
- Міжнародны конкурс эсе на англійскай мове «Erudite» / «Эрудыт» (сайт конкурса https://sites.google.com/view/bsu-essay-contest/);
- Рэспубліканскі конкурс відэапректаў пра Беларусь на англійскай мове «To love it, you should see it…» / «Каб палюбіць, трэба ўбачыць…»);
- Міжнародны конкурс відэапраектаў «Давайце памятаць пра вайну»;
- Універсітэцкі конкурс відэапраектаў «Філалагічны факультэт у дружнай сям’і факультэтаў БДУ».
На кафедры функцыяніруе студэнцкі навуковы гурток «Школа маладога даследчыка-лінгвіста». Мэтай гуртка з’яўляецца папулярызацыя лінгвістычных ведаў і навукова-даследчай дзейнасці сярод студэнцкай моладзі, дэманстрацыя магчымасцяў для самарэалізацыі моладзі ў навуковай сферы, стварэнне ўмоў для развіцця інтэлектуальнага патэнцыяла пачынаючых даследчыкаў, падтрымка маладзёжных доследных ініцыятыў. Пры кафедры працуе «Школа юнага філолага-англіста». Дзейнасць школы накіравана на паглыбленае вывучэнне англійскай мовы, знаёмства з базай філалагічнага факультэта БДУ, прафарыентацыйную працу з абітурыентамі і іх падрыхтоўку да паступлення ў БДУ.
Выкладчыкі кафедры актыўна супрацоўнічаюць з Цэнтрам філалагічных паслуг, які забяспечвае падрыхтоўку абітурыентаў да цэнтралізаванага тэсціравання, а таксама прымаюць удзел у падрыхтоўцы і правядзенні прадметных алімпіяд па англійскай мове, тым самым садзейнічаюць развіццю пазнавальных інтарэсаў і філалагічнай эрудыцыі адораных вучняў. Супрацоўнікі кафедры вядуць працу ў галіне навукова-метадычнай і арганізацынай дзейнасці ‒ уваходзяць у розныя навуковыя і навукова-метадычныя камісіі, саветы па абароне дысертацый, з’яўляюцца членамі рэдкалегій навуковых і навукова-метадычных выданняў.
Дзейнасць супрацоўнікаў кафедры англійскага мовазнаўства падпарадкавана адзінай задачы ‒ фарміраванню камунікатыўна развітай і адказнай, інтэлектуальна і духоўна багатай, творча актыўнай асобы студэнта, падрыхтоўцы прафесіянала ў сферы выкладання англійскай мовы і перакладчыцкай дзейнасці.
Выпускнікі кафедры працуюць выкладчыкамі англійскай мовы ва ўстановых сярэдняй і вышэйшай адукацыі ‒ школах, ліцэях, гімназіях і ўніверсітэтах, навуковымі супрацоўнікамі, перакладчыкамі ў арганізацыях рознага профілю, пасольствах і міністэрствах, навуковымі і літаратурнымі рэдактарамі ў выдавецтвах, аглядальнікамі ў СМІ. У наш час, калі актыўна развіваецца міжнароднае супрацоўніцтва, моўная і агульнакультурная падрыхтоўка дазваляе выпускнікам кафедры працаўладкавацца ў розныя кампаніі дзяржаўнай і прыватнай форм уласнасці, паспяхова працаваць у турыстычнай, маркетынгавай, IT сферы. Веды ў галіне англійскай мовы, літаратуры і культуры важныя ў многіх сферах жыцця грамадства і забяспечваюць высокую запатрабаванасць нашых выпускнікоў на рынку працы.