Студэнцкая навукова-даследчая лабараторыя (СНДЛ) «Фалькларыстыка» была арганізавана ў 1998 г. кандыдатам філалагічных навук, дацэнтам кафедры тэорыі літаратуры, дацэнтам Р. М. Кавалёвай.
За гады работы СНДЛ «Фалькларыстыка» набыла статус рэспубліканскага арганізацыйнага цэнтра па ўдзелу студэнтаў у фалькларыстычных даследаваннях. Да супрацоўніцтва пастаянна запрашаюцца студэнты і спецыялісты розных факультэтаў БДУ, БДУКМ, БДПУ, БДАМ і іншых вну рэспублікі, наладжваюцца творчыя сувязі са студэнтамі з Кітая, Туркменістана, Польшчы і іншых замежных краін.
У рамках СНДЛ выконваюцца розныя навуковыя тэмы: «Фальклор майго дзяцінства», «Мастацкая актуалізацыя інфернальнага ў фальклоры, літаратуры, кінамастацтве», «Фальклор ва ўмовах дыялогу язычніцкай і хрысціянскай культур», «Інтэграцыйныя працэсы ў сучасным фальклоры і масавай літаратуры», «Тэрміналогія фалькларыстыкі ХХI стагоддзя» і інш. Удзельнікі СНДЛ прапануюць свае напрацоўкі ў межах інтэграцыйнай фалькларыстыкі: міфафалькларыстыкі, лінгвафалькларыстыкі, псіхафалькларыстыкі, эстафалькларыстыкі, міфапаэтыкі, этнафалькларыстыкі, соцыяфалькларыстыкі.
СНДЛ «Фалькларыстыка» неаднаразова станавілась пераможцам конкурсаў грантаў і конкурсаў СНДЛ БДУ (2011, 2013, 2016 гг.). Студэнты-члены СНДЛ маюць магчымасць удзельнічаць у міжнародных і рэспубліканскіх навуковых канферэнцыях, публікаваць вынікі даследаванняў у розных навуковых выданнях. За актыўную навукова-даследчую работу удзельнікі СНДЛ атрымліваюць рэкамендацыі для паступлення ў магістратуру і аспірантуру, а таксама грашовыя прэміі.
У рамках СНДЛ аформіўся і выдаецца электронны фальклорна-этнаграфічны і літаратурна-мастацкі альманах фалькларыстаў БДУ «Дзьмухавец», які з’яўляецца ўнікальным па сваёй канцэпцыі і напаўненню (www.almanah-dzmuhavec.narod.ru). СНДЛ «Фалькларыстыка» ініцыіравала работу літаратурна-фальклорнай гасцінай «Дзьмухаўца», «Клуба аматараў фантастыки» і дыскусійнага клуба «Cogito».