Сэрвісы

Старт юбілейных мерапрыемстваў у гонар прафесара Вячаслава Рагойшы

12 мая 2022 г. на філалагічным факультэце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта прайшоў навукова-метадычны семінар «Педагагічная дзейнасць В. П. Рагойшы», прысвечаны 80-годдзю з дня нараджэння і 55-годдзю навукова-педагагічнай дзейнасці Вячаслава Рагойшы, доктара філалагічных навук, прафесара, прафесара кафедры тэарэтычнага і славянскага літаратуразнаўства, акадэміка Міжнароднай акадэміі навук Еўразіі, загадчыка кафедры тэорыі літаратуры БДУ (1994–2016), выдатнага вучонага, педагога, грамадскага дзеяча, пісьменніка.

У працы семінара ўзялі ўдзел выкладчыкі філалагічнага факультэта, студэнты 2 і 3 курса спецыяльнасці «Славянская філалогія» (украінская, сербская, польская), аспіранты і дактаранты кафедры тэарэтычнага і славянскага літаратуразнаўства, галоўны рэдактар часопіса «Роднае слова».

Арганізатары свядома адышлі ад традыцыйнага рэгламенту семінара, пакінуўшы ад апошняга наяўнасць асноўнага праблемнага дакладу. Далейшая праграма ўяўляла сабой урачыстую імпрэзу.

Вёў семінар дэкан філалагічнага факультэта, кандыдат філалагічных навук, дацэнт Сяргей Важнік, які і адкрыў пасяджэнне. Ён адзначыў значнасць асобы Вячаслава Рагойшы для факультэта і ўсяго ўніверсітэта і зарыентаваў студэнтаў на знаёмства з багатай спадчынай юбіляра.

Вячаслаў Рагойша ў сваім выступленні пра ўласныя педагагічныя погляды паведаміў аб тым, як назапашваўся яго вопыт за гады працы на філалагічным факультэце, як шліфаваліся яго прынцыпы выкладання літаратуразнаўчых дысцыплін, як самым дзейсным ён стаў лічыць «смех тры разы за пару, каб студэнты адпачылі».

Старшы выкладчык кафедры тэарэтычнага і славянскага літаратуразнаўства Святлана Крылова пазнаёміла прысутных з прэзентацыяй «Да юбілею прафесара Вячаслава Рагойшы», якая складалася з фотаздымкаў з асабістага архіва юбіляра, размеркаваных у храналагічным парадку па этапах працы ў БДУ: ад выкладчыка кафедры гісторыі беларускай літаратуры да загадчыка кафедры тэорыі літаратуры і прафесара кафедры тэарэтычнага і славянскага літаратуразнаўства.

З выставай кніг «Набытак навукова-педагагічнай дзейнасці прафесара В. П. Рагойшы» пазнаёміла загадчык залы інфармацыйных рэсурсаў аддзела абслугоўвання філалагічнага і эканамічнага факультэтаў БДУ Жанна Карповіч. Яна падрабязна спынілася на ўсіх напрамках публікацыйнай спадчыны Вячаслава Рагойшы – як аўтара падручнікаў па беларускай літаратуры для школьнікаў, вучэбна-метадычных дапаможнікаў для студэнтаў-філолагаў, слоўнікаў для шырокага кола чытачоў, крытычных артыкулаў і перакладаў з украінскай мовы.

Свой творчы погляд на дапаможнікі прафесара Вячаслава Рагойшы выказалі студэнты 2 курса спецыяльнасці «Беларуская філалогія» Аляксандра Барычэўская, Юлія Гурыновіч і Дар’я Марчанка. Так, Юлія паказала значнасць «Паэтычнага слоўніка» Вячаслава Рагойшы ў форме казкі; Аляксандра разгледзела вучэбна-метадычны дапаможнік «Уводзіны ў літаратуразнаўства» з боку яго структуры і зместавага напаўнення; Дар’я ўзнёсла і натхнёна прарэкламавала кнігу «Мой трыглаў», прысвечаны творчасці Янкі Купалы, Якуба Коласа і Максіма Багдановіча.

Пра доўгачасовае плённае супрацоўніцтва с Вячаславам Рагойшам расказала галоўны рэдактар часопіса «Роднае слова» Наталля Шапран. Яна адзначыла, што безумоўная важнасць публікацый Вячаслава Рагойшы на старонках часопіса ў тым, што ён імкнуйся ўсе свае новыя напрацоўкі данесці найперш да настаўнікаў. І асобна адзначыла яго публікацыі мемуарнага характару апошніх гадоў, па якіх можна вывучаць гісторыю БДУ, філфака і ўсёй беларускай культуры.

Пра паэтычную зорку Вячаслава Рагойшы нагадалі студэнты 3 курса спецыяльнасці «Славянская (украінская) філалогія» Вера Гаманко, Марыя Дзенісенка і Дар’я Валадзько, якія прачыталі яго вершы «Па дарозе ў Стоўбцы», «Партрэт каханай» і «Земляком сваім я ганаруся», напісаныя ў далёкія 1960-я гады.

«Што пасееш – тое і пажнеш»: так называлася заключная частка імпрэзы, у якой абароненыя вучні Вячаслава Рагойшы расказалі аб сваім Настаўніку. Так, Ірына Лапцёнак, дактарант кафедры тэарэтычнага і славянскага літаратуразнаўства БДУ, кандыдат філалагічных навук, дацэнт, намеснік дырэктара Інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, звярнула ўвагу на тое, як Настаўнік прывіў ёй любоў да перакладу і архіўнай працы і прывёў да вывучэння творчасці Язэпа Семяжона, перакладчыцкая дзейнасць якога стала аб’ектам яе вывучэння ў кандыдацкай, а цяпер і доктарскай дысертацыях.

Марыя Шамякіна, кандыдат філалагічных навук, член Саюза пісьменнікаў Беларусі, падкрэсліла надзвычайную карысць літаратурна-крытычных, даведачных і тэарэтычных прац Вячаслава Рагойшы для рэдактарскай справы і прывяла прыклады з асабістага рэдактарскага вопыту супрацоўніцтва з пісьменнікамі. Парады, дадзеныя Настаўнікам, дапамагалі ёй у складаных сітуацыях знаходзіць агульную мову з вядомымі літаратарамі пры рэдагаванні іх твораў.

Вынікам праведзенага семінара стала ўсведамленне надзвычайнай важнасці і значнасці асобы прафесара Вячаслава Рагойшы ў развіцці філалогіі і адукацыі Беларусі.

DSC 7989

DSC 8005

DSC 8006

DSC 8035

DSC 8039

DSC 8065

DSC 8079

DSC 8090

DSC 8103

Image

Рэсурсы

Image
Image