Гутараў Іван Васільевіч

гуторовГутараў Іван Васільевіч (1906 1967) нарадзіўся ў вёсцы Волкаўка Мсціслаўскага раёна Магілёўскай вобласці. Вучыўся ў Леменскай вопытна-паказальнай школе-камуне, якую заснаваў П. Лепяшынскі. Вышэйшую адукацыю атрымаў на літаратурна-лінгвістычным аддзяленні педагагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Пачынаючы з 1928 па 1937 г. выкладаў у Магілёўскім педагагічным інстытуце рускую і беларускую літаратуры, загадваў кафедрай, быў дэканам філалагічнага факультэта. У 1939 г. датэрмінова скончыў аспірантуру АН БССР і паспяхова абараніў кандыдацкую дысертацыю. З 1939 г. працаваў у БДУ – спачатку на пасадзе дацэнта, а затым загадчыкам кафедры.

Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. Пра гераічную барацьбу партызан распавёў у сваёй кнізе “Борьба и творчество народных мстителей” (1949). Пасля вайны выкладаў рускую і беларускую літаратуры ў МДУ імя М. В. Ламаносава. У 1947 г. скончыў дактарантуру Інстытута сусветнай літаратуры пры ЦК КП(б) Беларусі. У 1948 г. абараніў доктарскую дысертацыю “Партизанская война в народном творчестве”. З 1951 па 1960 г. загадваў кафедрай рускай літаратуры БДУ, потым кіраваў працай сектара фальклору Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН БССР. Выдаў зборнік “Сучасны беларускі фальклор” і сумесна з С. І. Васілёнкам склаў хрэстаматыю “Вусна-паэтычная творчасць беларускага народа”. З’яўляецца суаўтарам работы “Беларускі фальклор Вялікай Айчыннай вайны”. Яго дзейнасць як фалькларыста высока ацэнена спецыялістамі. Ён член-карэспандэнт НАН Беларусі, член Саюза пісьменнікаў Беларусі, доктар філалагічных навук, прафесар кафедры рускай літаратуры. Асноўныя кірункі навуковай дзейнасці: фальклор, праблемы паэтыкі, тэорыя літаратуры, эстэтыка, творчасць А. С. Пушкіна, У. Маякоўскага, М. Горкага, Я. Купалы, Я. Коласа і іншых празаікаў і паэтаў. З’яўляецца аўтарам 128 навуковых прац.

Асноўныя працы: Борьба и творчество народных мстителей. – Минск, 1949; Поэтическое мастерство В. В. Маяковского. – Минск, 1950; Эстетические основы советской литературы. – Минск, 1950; Философско-эстетические взгляды А. С. Пушкина. – Минск, 1957; Основы советского литературоведения. – Минск, 1967.