Шаўчэнка Галіна Іванаўна

GIShauchenka (1)Галіна Іванаўна Шаўчэнка нарадзілася ў 1947 г. у вёсцы Вішэвічы Пінскага раёна. Пасля заканчэння школы ў 1964 г. паступіла на гістарычны факультэт БДУ, дзе захапілася антычнай гісторыяй і археалогіяй. Захапленне антычнасцю паўплывала на ўзнікненне цікавасці да старажытных моў. У аспірантуры Галіна Іванаўна працягнула вывучаць старажытныя мовы і пачала выкладаць. Яна выкладала лацінскую мову ў Мінскім дзяржаўным медыцынскім інстытуце, у Мінскім медыцынскім вучылішчы № 1, а з 1979 г. пачала працаваць у Беларускім дзяржаўным універсітэце.

У 1986 г. Г. І. Шаўчэнка абараніла кандыдацкую дысертацыю «Фразеалагічныя калькі з грэчаскай і лацінскай ў рускай мове» (навуковы кіраўнік – д.ф.н., прафесар А. Я. Супрун). У 1991 г. Галіне Іванаўне прысвоілі званне дацэнта.

Будучы выкладчыкам лацінскай мовы ва ўніверсітэце, Галіна Іванаўна і яе калегі, якія атрымалі класічную адукацыю ў Маскве, Ленінградзе і Львове, – людзі адораныя і захопленыя – загарэліся ідэяй рыхтаваць спецыялістаў па класічнай філалогіі ў Беларусі. У 1990 г. пры падтрымцы намесніка дэкана філалагічнага факультэта, прафесара Н. М. Піпчанкі была адкрыта спецыялізацыя па класічнай філалогіі, а ў 1995 г. пры падтрымцы дэкана філалагічнага факультэта прафесара Л. А. Мурынай была адкрыта кафедра класічнай філалогіі – першая і на сённяшні дзень адзіная кафедра падобнага профілю ў Беларусі, загадчыкам якой у 1995–2017 г. была Галіна Іванаўна. Так быў пакладзены пачатак стварэнню беларускай школы класічнай філалогіі. Пад кіраўніцтвам Галіны Іванаўны здзейснена пяць выпускаў спецыялістаў, якія паспяхова працуюць у ВНУ, а таксама ў аддзелах рэдкіх кніг Нацыянальнай бібліятэкі і Навуковай бібліятэкі НАН Рэспублікі Беларусь, у Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь. Кафедра забяспечвае кваліфікаванымі кадрамі гуманітарныя факультэты вядучых ВНУ краіны, а таксама медыцынскія ўніверсітэты і каледжы, ажыццяўляе падрыхтоўку спецыялістаў па новагрэчаскай мове.

Г. І. Шаўчэнка – аўтар больш за 200 навуковых прац, артыкулаў у вядучых навуковых часопісах Чэхіі, Расіі, краін Балтыі, суаўтар і рэдактар шэрагу падручнікаў, вучэбных дапаможнікаў і хрэстаматый, зборнікаў навуковых прац па праблемах класічнай філалогіі і рэцэпцыі антычнай культуры ў еўрапейскай. Пад рэдакцыяй Г. І. Шаўчэнка выйшла восем выпускаў міжнароднага зборніка навуковых артыкулаў «Studia philologica». Манаграфія Галіны Іванаўны «Фразеалагізмы антычнага паходжання ў славянскіх мовах» (Мінск, 2005) была ўганараваная прэміяй імя У. І. Пічэты ў 2006 г.

Заслугі Г. І. Шаўчэнка неаднаразова адзначаліся ганаровымі граматамі і Падзякай рэктара БДУ, граматай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. Галіна Іванаўна была ўзнагароджана нагруднымі знакамі «Заслужаны работнік БДУ», «Выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь», занесена на Дошку гонару БДУ 2017–2018 г., адзначана Ганаровай граматай Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.