Прохарава Святлана Міхайлаўна

прохорова с н

Прохарава Святлана Міхайлаўна

(19392010)

Мовазнаўца. Доктар філалагічных навук (1991), прафесар (1994).

Нарадзілася 3 красавіка 1939 г. у г. Мінску. У 1961 г. скончыла з адзнакай Беларускі дзяржаўны універсітэт. Адпрацаваўшы некалькі гадоў па размеркаванні рэдактарам у апараце Савета Міністраў БССР, у 1967 г. паступіла ў аспірантуру БДУ і, абараніўшы кандыдацкую дысертацыю, пачала займацца педагагічнай дзейнасцю.

У 1991 г. С. М. Прохарава абараніла доктарскую дысертацыю «Ареально-типологическая характеристика синтаксиса переходной русско-белорусской зоны». У дысертацыі ёю была распрацавана тэорыя вертыкальных сінтаксічных палёў, якая грунтуецца на агульнай тэорыі поля і з'яўляецца развіццём фрэйм-граматыкі.

Аўтар больш за 220 навуковых прац па арэальнай лінгвістыцы, дыялектным сінтаксісе, інтэрпрэтацыйнай і кагнітыўнай лінгвістыцы.

Прафесар С. М. Прохарава распрацавала праблемнае поле і стала першым арганізатарам навуковай канферэнцыі «Национально-культурный компонент в тексте и языке», якая праводзіцца з 1994 г. пад эгідай Міжнароднай асацыяцыі выкладчыкаў рускай мовы і літаратуры (МАВРМЛ). Прымала ўдзел у працы больш чым 20 міжнародных лінгвістычных кангрэсаў, у тым ліку ў XVI кангрэсе лінгвістаў ў Парыжы (1997), з’ездах славістаў у Браціславе і Кракаве, у кангрэсах дыялекталогіі і геалінгвістаў у Любліне і Рызе, у кангрэсах балтыстаў у Вільні, беларусістаў у Мінску, шэрагу кангрэсаў МАВРМЛ. Двойчы была абрана членам Прэзідыума МАВРМЛ, якая ўваходзіць у склад ЮНЕСКА.

Прафесар С. М. Прохарава падрыхтавала 14 кандыдатаў навук.

Найбольш вядомыя кнігі: Ареально-типологическая характеристика синтаксиса переходной русско-белорусской зоны (Мінск, 1991); Еще раз о языковой непрерывности (Мінск, 1999 г., 2-е выд. – 2002); Когнитивная лингвистика / Программы для студентов-иностранцев специальности «Русская филология» (Мінск, 2005).

У 1989 г. за шматгадовую плённую навукова-педагагічную дзейнасць і актыўны ўдзел у грамадскім жыцці была ўзнагароджана ганаровай граматай Міністэрства народнай адукацыі БССР. Неаднаразова ўзнагароджвалася граматамі БДУ.