Гілевіч Ніл Сымонавіч

ГілевічГілевіч Ніл Сымонавіч (30.09.1931–29.03.2016) – Народны паэт Беларусі (1991), перакладчык, публіцыст, літаратуразнаўца, фалькларыст, грамадскі дзеяч. Заслужаны дзеяч навукі БССР (1980), кандыдат філалагічных навук (1963), прафесар (1978). Дэпутат Вярхоўнага Савета БССР (1985–1990), Народны дэпутат БССР (1990). З 1980 г. па 1989 г. – першы сакратар праўлення Саюза пісьменнікаў БССР.

Нарадзіўся ў в. Слабада Лагойскага раёна Мінскай вобласці. Пасля сямігодкі вучыўся ў Мінскім педагагічным вучылішчы імя Н. К. Крупскай. З 1952 г. па 1956 г. навучаўся на філалагічным факультэце БДУ, потым тут жа скончыў аспірантуру. У 1960–1986 гг. – выкладчык, старшы выкладчык, дацэнт, прафесар кафедры беларускай літаратуры БДУ.

Упершыню ў друку з вершамі Н. С. Гілевіч выступіў ў 1946 г. Ён аўтар кніг паэзіі («Песня ў дарогу» (1957), «Бальшак» (1965), «Перазовы» (1967), «Лісце трыпутніку» (1968), «А дзе ж тая крынічанька?» (1972), «Запаветнае» (1975), «Актавы» (1976), «Повязь» (1987), «На высокім алтары» (1994), «На флейце самоты» (2004) і інш.), рамана ў вершах «Родныя дзеці» (1985), зборнікаў твораў для дзяцей («Сцяжок на мачце» (1959), «Зялёны востраў» (1963), «Дождж-грыбасей» (1966), «Загадкі» (1971), «Добры чалавек» (1987), «Шчаслівыя хвіліны» (2001) і інш.). У 2003–2013 гг. выйшаў збор твораў пісьменніка ў 23 тамах.

Многія творы Н. С. Гілевіча перакладзены на англійскую, азербайджанскую, балгарскую, іспанскую, літоўскую, нямецкую, польскую, рускую, украінскую і іншыя мовы свету. Мала хто ведае, але і сам Ніл Сымонавіч перакладаў. У яго перакладзе з балгарскай мовы выйшли аповесць П. Вежынава «Сляды застаюцца» (1960), зборнік «Балгарскія народныя песні» (1961), анталогія сучаснай балгарскай паэзіі «Ад стром балканскіх» (1965), зборнік славенскай паэзіі XIX–XX стст. «Маці мая Славенія» (1978), зборнік югаслаўскай паэзіі «Па камянях, як па зорах» (1980).

Шмат часу Н. С. Гілевіч аддаваў арганізацыі збору нацыянальнага фальклору і сістэматызацыі запісаных студэнтамі фальклорных матэрыялаў. Ён аўтар кніг па літаратуразнаўстве і фалькларыстыцы «Акрыленыя рэвалюцыяй» (1962), «Наша родная песня» (1968), «Паэтыка беларускай народнай лірыкі» (1975), «Паэтыка беларускіх загадак» (1976); складальнік і навуковы рэдактар фальклорных зборнікаў «Песні сямі вёсак» (1973), «Лірыка беларускага вяселля» (1979).