Чумак Людміла Мікалаеўна

Чумак Людміла Мікалаеўначумак л н

(1950 – 2009)

Мовазнаўца. Доктар філалагічных навук (1998), прафесар (2004).

Нарадзілася 15 мая 1950 г. у Гродзенскай вобласці. З адзнакай скончыла філалагічны факультэт Гродзенскага педагагічнага інстытута імя Я. Купалы.

У 1977 г. абараніла кандыдацкую дысертацыю на тэму «Способы выражения объектных отношений в современном русском языке», выкананую пад кіраўніцтвам прафесара П. П. Шубы.

У 1998 г. абараніла доктарскую дысертацыю на тэму «Лингвокультурологическая характеристика синтаксических систем русского и белорусского языков». У дысертацыі была тэарэтычна распрацавана новая вобласць кантрастыўнай граматыкі – кантрастыўна-культуралагічны сінтаксіс блізкароднасных моў, што стала значным укладам у развіццё славянскага мовазнаўства (выдадзена манаграфія «Синтаксис русского и белорусского языков в аспекте культурологии», Мінск, 1997); з’яўляецца сааўтарам тыпавых праграм «Русский язык как иностранный» (Мінск, 2005), «Методика преподавания русского языка как иностранного (для филологических специальностей)» (Мінск, 2006).

Сваю прафесійную дзейнасць Л. М. Чумак пачала настаўнікам рускай мовы і літаратуры ў сельскай школе, завяршыла – прафесарам кафедры прыкладной лінгвістыкі БДУ, якой кіравала больш за 14 гадоў.

Л. М. Чумак – аўтар больш за 200 работ у галіне сінтаксісу сучаснай літаратурнай рускай мовы, методыкі выкладання рускай мовы як замежнай, сацыялінгвістыкі, лінгвістыкі тэксту, лінгвакультуралогіі.

Асноўныя працы: Вучэбны дапаможнік для студэнтаў-замежнікаў філалагічных спецыяльнасцей вышэйшых навучальных устаноў «Современный русский язык. Синтаксис» (Мінск, 2007), вучэбны дапаможнік «Методика преподавания русского языка как иностранного» (Мінск, 2009). Пад рэдакцыяй прафесара Л. М. Чумак выйшаў лінгвакультуралагічны комплекс «Беларусь» (Мінск, 2008).

Прафесар Л. М. Чумак распрацавала праблемнае поле і была арганізатарам навуковай канферэнцыі «Язык и социум», якая ўпершыню адбылася на філалагічным факультэце БДУ у 1996 годзе.

Неаднаразова ўзнагароджвалася граматамі БДУ за шматгадовую плённую навукова-педагагічную дзейнасць.