Чарота Іван Аляксеевіч

Чарота И. А.Літаратуразнаўца. Доктар філалагічных навук (1998), прафесар (1999). Акадэмік Сербскай акадэміі навук і мастацтваў (2009), акадэмік Міжнароднай Славянскай Акадэміі навук, адукацыі, мастацтваў і культуры (2008). Член Грамадскай палаты Саюзнай дзяржавы (2017). Член Саюза пісьменнікаў СССР, Саюза пісьменнікаў Расіі (2006), Саюза пісьменнікаў Сербіі (2003).

У 1974 г. скончыў філалагічны факультэт БДУ. У 1977 г. быў прыняты на працу ў БДУ, дзе прайшоў шлях ад выкладчыка да загадчыка кафедры славянскіх літаратур. З 2018 г. – прафесар кафедры тэорыі літаратуры (з 2019 г. – кафедра тэарэтычнага і славянскага літаратуразнаўства).

Сфера навуковых інтарэсаў – літаратура і культура славянскіх народаў, мастацкі перакалад і перакладазнаўства. І. А. Чарота з’яўляецца вядучым югаславістам Беларусі.

Асноўныя працы: «Беларуская савецкая літаратура за мяжой» (1988; у суаўт.), «Антологиjа белоруске поезиjе» (1993, 2012), «Пошук спрадвечнай існасці: Беларуская літаратура ХХ стагоддзя ў працэсах нацыянальнага самавызначэння» (1995), «Сербская Праваслаўная Царква» (1998), «Югаславянскія казкі» (1999), «Беларуская мова і Царква» (2000), «Косовская битва продолжается» (2000), «Антологиjа лирике источних Словена» (2000), «Српска књижевност. Антологија текстова. Књ. І–V» (2002–2007), «Слово и Дух. Антология русской духовной поэзии Х–ХХ вв.» (2003, 2005, 2010), «Тэорыя і практыка мастацкага перакладу» (2012), «Ні на небе, ні на зямлі. Казкі славянскіх народаў» (2013), «Беларусы пра Сербію – Югаславію» (2015), «Белорусија и Србија: Трагом узајамногу познавања и деловања» (2016).

Лаўрэат прэміі Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне» (2003, 2018), Міжнароднай прэміі імя Канстанціна Астрожскага (Польшча, 1999), прэміі Саюза пісьменнікаў Сербіі (2000), прэміі часопіса «Збиља / Reality» (Саюзная Рэспубліка Югаславія, 2000, 2006), Міжнароднай прэміі імя Ф. М. Дастаеўскага (Сербія, 2007), Усеправаслаўнай літаратурнай прэміі «Багародзіца Траеручыца» (сербскі Фонд імя Іванкі Мілошавіч (ЗША, 2011)), Міжнароднай літаратурнай прэміі імя Радэ Драінца (Сербія, 2014), прэміі Фонду братоў Карычаў (Сербія, 2014). Узнагароджаны ордэнам святога Сергія Раданежскага ІІІ ступені (Руская праваслаўная царква, 2002), памятным медалём Саюза славацкіх пісьменнікаў (2003), ордэнам Святога Савы III ступені (Сербская праваслаўная царква, 2003), Залатым знакам Культурна-асветніцкай суполкі Сербіі (2008), ордэнам Святога Кірылы Тураўскага ІІ ступені (Беларуская праваслаўная царква, 2012), медалём Пушкіна (Расія, 2015) і інш.