Мурына Ларыса Аляксандраўна

муринаМурына Ларыса Аляксандраўна

(1936 – 2017)

Вучоны ў галіне педагогікі, мовазнавец. Доктар педагагічных навук (1986), прафесар (1989). Член-карэспандэнт Акадэміі адукацыі Беларусі (1996).

Нарадзілася 22 сакавіка 1936 г. у с. Кулешыха Валагодскай вобласці (Расія). Пасля заканчэння ў 1955 г. Баранавіцкага настаўніцкага інстытута з прысваеннем кваліфікацыі “Настаўнік рускай мовы і літаратуры ў васьмігадовай школе” выкладала рускую мову ў Ружанскай сярэдняй школе Брэсцкай вобласці. Скончыўшы ў 1963 г. Азербайджанскі педагагічны інстытут моў ім. М. Ф. Ахундава з атрыманнем кваліфікацыі “Настаўнік рускай мовы і літаратуры ў сярэдняй школе”, некаторы час навучала рускай мове школьнікаў і студэнтаў у Баку. У 1968 г. у Маскве абараніла кандыдацкую дысертацыю, прысвечаную пытанням развіцця маўлення вучняў пачатковых класаў.

З 1970 г. па 2005 г. працоўная біяграфія Л. А. Мурынай была непарыўна звязана з Беларускім дзяржаўным універсітэтам.

У 1986 г. у Маскве Ларыса Аляксандраўна абараніла доктарскую дысертацыю. У чэрвені 1988 г. была абрана па конкурсе на пасаду загадчыка кафедры методыкі выкладання рускай і беларускай моў і літаратур, якая была адкрыта ў БДУ і пазней перайменавана ў кафедру рыторыкі і методыкі выкладання мовы і літаратуры.

З 1993 г. па 1996 г. з’яўлялася намеснікам дэкана, з 1996 г. па 2002 г. – дэканам філалагічнага факультэта БДУ.

З 2005 г. Л. А. Мурына працавала ў навукова-метадычнай установе “Нацыянальны інстытут адукацыі” Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь галоўным навуковым супрацоўнікам лабараторыі гуманітарнай адукацыі.

Сфера навуковых інтарэсаў: праблемы культуры маўлення, развіцця маўлення навучэнцаў, выбару перспектыўных метадаў і прыёмаў выкладання рускай мовы, рыторыкі; значэнне камунікатыўных метадаў у выкладанні мовы.

Ларыса Аляксандраўна – адзін з аўтараў нарматыўна-прававых дакументаў працэсу навучання рускай мове ў сістэме агульнай адукацыі Беларусі, якія вызначаюць стратэгію выкладання дысцыпліны: канцэпцыі вучэбнага прадмета “Руская мова”, адукацыйнага стандарту і вучэбнай праграмы па прадмеце, норм ацэнкі вынікаў вучэбнай дзейнасці школьнікаў па вучэбным прадмеце. Таксама яна аўтар і суаўтар вучэбных і вучэбна-метадычных дапаможнікаў, падручнікаў для ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі з беларускай і рускай мовамі навучання.

Л. А. Мурына – заснавальнік метадычнай школы, якая спрыяе навуковаму росту і павышэнню кваліфікацыі педагагічных работнікаў. Пад яе кіраўніцтвам і пры навуковым кансультаванні абаронены кандыдацкія і доктарскія дысертацыі па методыцы выкладання рускай і беларускай мовы ў сістэме агульнай сярэдняй адукацыі. Яе падручнікі выкарыстоўваюцца ў Рэспубліцы Беларусь і іншых краінах: Азербайджане, Сербіі, Польшчы, Ізраілі і Кітайскай Народнай Рэспубліцы.

За шматгадовую плённую працу Л. А. Мурына неаднаразова ўзнагароджвалася ганаровымі граматамі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. Узнагароджана знакамі “Выдатнік народнай адукацыі БССР” (1981), “Выдатнік вышэйшай школы СССР” (1986); прысвоена ганаровае званне “Заслужаны дзеяч навукі Рэспублікі Беларусь” (1999).