Шамякіна Таццяна Іванаўна

ШамякинаТаццяна Іванаўна ШАМЯКІНА – доктар філалагічных навук, прафесар кафедры тэарэтычнага і славянскага літаратуразнаўства БДУ, член прэзідыума і член праўлення Саюза пісьменнікаў Беларусі, сябра Саюза пісьменнікаў Саюзнай дзяржавы, акадэмік Міжнароднай славянскай акадэміі навук, адукацыі, мастацтва і культуры (з 2007 г.). Даследчык літаратуры, мемуарыст, літаратурны крытык, публіцыст. Аўтар больш за 400 навуковых публікацый. Узнагароджана Граматамі Міністэрства адукацыі БССР і РБ, ВАК, рэктарата БДУ, дэканата філалагічнага факультэта БДУ. Мае званне «Выдатнік адукацыі». Узнагароджана дзяржаўным медалём Францыска Скарыны (2007 г.). Лаўрэат Рэспубліканскай літаратурнай прэміі за лепшы літаратурны твор (2010 г.).

Падрыхтавала 5 кандыдатаў навук і 1 доктара навук.

Кнігі індывідуальнага аўтарства: «На лініі перасячэння», «Міфалогія Беларусі», «Беларуская класічная літаратура і міфалогія», «Міфалогія і літаратура», «Славянская міфалогія», «Китайский народный календарь и славянские мифологические параллели», «Беларуская літаратура і міфалогія», «Іван Шамякін у незвычайных ракурсах», «Парадоксы времени, или Романтика советской науки», «Фальклор і беларуская літаратура ў люстэрку міфалогіі».

За час працы ў БДУ распрацавала не менш за 20 вучэбных дысцыплін – «Славянская міфалогія», «Псіхалогія літаратурнай творчасці», «Асновы літаратурна-мастацкай дзейнасці», «Літаратурнае рэдагаванне», «Гісторыя і тэорыя сусветнай культуры», «Культура Расіі», «Антычныя традыцыі ў славянскіх культурах»; «Творчы працэс – пісьменнік – літаратурны твор», «Міфапаэтыка літаратуры і міф у СМІ» і інш.

Сфера навуковай дзейнасці – тэорыя літаратуры, славянская міфалогія, фалькларыстыка, псіхалогія літаратурнай творчасці, гісторыя і тэорыя сусветнай культуры.

У БДУ – з 1966 г. – года паступлення на аддзяленне беларускай і рускай мовы і літаратуры, якое закончыла ў 1971 г. з адзнакай, што дазволіла адразу паступіць у аспірантуру пры кафедры беларускай літаратуры. У 1975 г. абараніла кандыдацкую дысертацыю “Асноўныя стылявыя напрамкі сучаснай беларускай прозы”, у 2001 г. – доктарскую дысертацыю “Беларуская класічная літаратурная традыцыя і міфалогія”. З 2000 г. – загадчыца кафедры беларусазнаўства, з 2004 г. – загадчыца кафедры беларускай літаратуры і культуры, з 2016 г. – загадчыца кафедры тэорыі літаратуры (да 1 снежня 2018 г.).

З 2006 г. па 2015 г. з’яўлялася членам спецыялізаванага Экспертнага савета ВАК. З 2010 г. па 2015 г. – старшыня спецыялізаванага Савета па абароне кандыдацкіх і доктарскіх дысертацый па педагогіцы і методыцы выкладання мовы і літаратуры на філалагічным факультэце БДУ. Член рэдакцыйных саветаў 10 навуковых і навукова-метадычных часопісаў і зборнікаў.