Супрун Адам Яўгенавіч

Фотография Супрун АСупрун Адам Яўгенавіч

(1928 – 1999)

Мовазнаўца. Доктар філалагічных навук (1966), прафесар (1967), доктар педагагічных навук (1981). Заслужаны дзеяч навук БССР (1989).

Нарадзіўся 24 кастрычніка 1928 г. у г. Палтаве (Украіна). Вучыўся ў Кіргізскім дзяржаўным універсітэце (Фрунзе, цяпер Бішкек) па спецыяльнасці «Руская мова і літаратура» (1952), там жа скончыў аспірантуру (навуковы кіраўнік – акадэмік І. А. Батманаў). У 1955 г. у Маскоўскім дзяржаўным універсітэце абараніў кандыдацкую дысертацыю, а ў 1965 г. у Ленінградзе – доктарскую дысертацыю «Славянские числительные: становление числительных как особой части речи».

У 1955–1965 гг. займаў пасаду старшага выкладчыка, затым – дацэнта Кіргізскага ўніверсітэта, у 1966–1999 гг. – загадчыка кафедры і прафесара кафедры тэарэтычнага і славянскага мовазнаўства БДУ. Яго неаднаразова запрашалі для чытання лекцый ва ўніверсітэты розных краін свету.

Пад навуковым кіраўніцтвам А. Я. Супруна падрыхтавана 63 кандыдацкія і 10 доктарскіх дысертацый. Адам Яўгенавіч – заснавальнік першай навуковай школы методыкі выкладання рускай мовы ў Рэспубліцы Беларусь, створанай на базе Навукова-даследчага інстытута педагогікі Міністэрства адукацыі БССР. Пад яго кіраўніцтвам і пры непасрэдным удзеле выдаваліся падручнікі па рускай мове для пачатковых класаў. Гэта адзін з найбуйнейшых у свеце спецыялістаў па палабскай мове.

Прафесар уваходзіў у склад рэдакцыйных калегій і рад, выконваў функцыі адказнага рэдактара: «Русский язык в киргизской школе» (Фрунзе) – член рэдакцыйнай калегіі (1959–1969); «Веснiк Беларускага дзяржаўнага ўнiверсiтэта. Серыя IV. Фiлалогiя. Журналiстыка. Педагогiка. Псіхалогія» (Мінск) – член рэдакцыйнай калегіі (1969–1975; 1992–1999), адказны рэдактар (1975–1978; 1991); «Русский язык в национальной школе» (Масква) – член рэдкалегіі, член рэдакцыйнай рады (1972–1992); «Slavistična revija» (Ljubljana) – член рэдакцыйнай рады (1993–1999); «Балто-славянские исследования» (Масква) – член рэдкалегіі (1980–1999).

Сфера навуковых інтарэсаў: пытанні тэарэтычнай і прыкладной лінгвістыкі, граматыка, лексіка і гісторыя славянскіх моў, методыка выкладання.

Аўтар больш за 600 навуковых публікацый, у тым ліку больш за 60 кніг і брашур.

Асноўныя працы: «Производные существительные с корнями числительных» (1953), «О русских числительных» (1959), «Старославянские числительные» (1961), «Грамматика русского языка. Ч. II. Синтаксис простого предложения / Учебник для 7-го класса киргизской восьмилетней школы» (1961, 1962, 1963; у суаўт.), «Полабские числительные» (1962), «Частотны слоўнік беларускай мовы» (1976–1992; у суаўт.), «Русский язык. Учебник для 4 класса школ с белорусским языком обучения» (1972; у суаўт.), «Лекции по языковедению» (1978), «Этымалагічны слоўнік беларускай мовы» (Т. 1. 1978; у суаўт.), «Лекции по лингвистике» (1980), «Введение в славянскую филологию» (1981, 1989; у суаўт.), «Лексическая типология славянских языков» (1983), «Общее языкознание» (1983; у суаўт.), «Полабский язык» (1987), «Эволюция системы частей речи в славянских языках» (1988), «Старославянский язык» (1991), «Лекции по теории речевой деятельности» (1996), «Исследования по лингвистике» (2001).

Узнагароджаны медалём імя А. С. Пушкіна Міжнароднай асацыяцыі выкладчыкаў рускай мовы і літаратуры (1991), медалём імя Ф. Міклошыча Самбатхейскага ўніверсітэта (Венгрыя, 1994).