Хаўстовіч Мікола Валянцінавіч

ХаустовичХаўстовіч Мікола Валянцінавіч

Доктар філалагічных навук (2003), прафесар (2009).

Нарадзіўся 10 жніўня 1959 г. у вёсцы Млынка на Случчыне. У 1980 г. паступіў на філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. У 1985–1988 гг. працаваў настаўнікам беларускай мовы і літаратуры на Случчыне. З 1988 г. па 1991 г. – аспірант кафедры беларускай літаратуры БДУ. З 23 снежня 1991 г. працаваў выкладчыкам кафедры беларускай літаратуры, а з 1 красавіка 1993 г. – кафедры тэорыі і гісторыі літаратуры. У 1993 г. абараніў кандыдацкую дысертацыю (тэма – “Беларускі літаратурна-грамадскі рух у 30–40 гады ХІХ стагоддзя”, навуковы кіраўнік – М. М. Грынчык). З 1994 г. – выкладчык, з 1995 г. – старшы выкладчык, з 1996 г. – дацэнт, з 2000 г. – загадчык, з 2009 г. – прафесар кафедры гісторыі беларускай літаратуры (да 30.06.2011 г.). У 2003 г. абараніў доктарскую дысертацыю “Мастацкі метад Яна Баршчэўскага”. З кастрычніка 2005 г. – прафесар кафедры беларусістыкі Варшаўскага ўніверсітэта.

У БДУ чытаў курсы па гісторыі беларускай літаратуры XVIII–ХІХ стст., старабеларускай літаратуры, спецкурсы па гісторыі літаратуры.

Аўтар каля 300 публікацый, у тым ліку манаграфій “На парозе забытае святыні: Творчасць Яна Баршчэўскага” (Мінск, 2002), “Мастацкі метад Яна Баршчэўскага” (Мінск, 2003), “Айчына здалёку і зблізку: Ігнацы Яцкоўскі і Аляксандар Рыпінскі” (Мінск, 2006), “Жыццё і творчасць Рамуальда Падбярэскага” (Мінск, 2008), “Шляхамі да беларускасці: Нарысы, артыкулы, эсэ” (Варшава, 2010), “Даследаванні і матэрыялы: Літаратура Беларусі XVIII–XIX стагоддзяў” (том першы – Варшава, 2014), “Даследаванні і матэрыялы: Літаратура Беларусі XVIII–XIX стагоддзяў” (том другі – Варшава, 2016), “Даследаванні і матэрыялы: Літаратура Беларусі XIX – пачатку XX стагоддзя” (том трэці – Варшава, 2017), “Даследаванні і матэрыялы: Літаратура Беларусі канца XVIII–XIX стагоддзя” (том чацвёрты – Варшава, 2018), “Даследаванні і матэрыялы: Літаратура Беларусі XIX – пачатку XX стагоддзя” (том пяты – Варшава, 2019), “Даследаванні і матэрыялы: Літаратура Беларусі XIX стагоддзя” (том шосты – Варшава, 2020), зборнікаў і падручнікаў “ХІХ стагоддзе: Навукова-літаратурны альманах” (кніга першая – Мінск, 1999), “ХІХ стагоддзе: Навукова-літаратурны альманах” (кніга другая –, Мінск, 2000), “Беларуская літаратура XVIII–XIX стагоддзяў: Зборнік тэкстаў” (Мінск, 2000),“Гісторыя беларускай літаратуры: 30–40-х гг. XIX стагоддзя” (Мінск, 2001), “Беларуская літаратура: Хрэстаматыя” (чч. 1–3, Мінск, 2006), “Літаратура Беларусі XVIII–ХІХ стст.: Хрэстаматыя” (Варшава 2012, 424 с.), “Літаратура першай паловы ХІХ стагоддзя: Залатая калекцыя беларускай літаратуры” (Мінск, 2013), “Алесь Барскі: І толькі ў мове роднай буду вечны...” (Варшава, 2015) і інш.

Пераклаў з польскай мовы творы Яна Баршчэўскага (“Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях”, выданні 1990, 1996, 1998, 2005, 2009, 2010, 2012, 2014, 2015, 2019 гг.), Саламеі Пільштыновай (“Авантуры майго жыцця”, выданні 1993, 2008, 2015 гг.), Ігнацы Ходзькі (“Успаміны квестара”, 2007), Ігнацы Яцкоўскага (“Аповесць з майго часу, або Літоўскія прыгоды”, 2010), Эдварда Тамаша Масальскага (“Пан Падстоліц, альбо Чым мы ёсць і чым быць можам”, 2015), Баляслава Пруса (“Лялька”, 2017) і інш.

Рэдагаваў штогоднікі “Працы кафедры гісторыі беларускае літаратуры” (т. 1–10, 2001–2009), “Acta Albaruthenica” (т. 3, 5–20, 2003, 2005–2020) і інш.