Лойка Алег Антонавіч

ЛойкаЛойка Алег Антонавіч

(1931 – 2008)

Літаратуразнавец, крытык, паэт, празаік, эсэіст. Доктар філалагічных навук (1969), прафесар (1971), член-карэспандэнт АН БССР (НАН Беларусі) з 1989 г.

Нарадзіўся 1 мая 1931 г. у г. Слоніме Гродзенскай вобласці ў сям’і фельчара. У 1948 г. скончыў школу і паступіў на беларускае аддзяленне філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. З 1953 па 1956 г. – аспірант кафедры беларускай літаратуры. Кандыдацкую дысертацыю абараніў 29 мая 1956 г. (тэма «Адам Міцкевіч і беларуская літаратура»). З 1 жніўня 1956 г. працаваў на кафедры беларускай літаратуры БДУ. У 1969 г. абараніў доктарскую дысертацыю «Максім Багдановіч і праблемы развіцця беларускай літаратуры пачатку ХХ ст.». З 1962 г. – дацэнт, з 1971 г. – прафесар, з 1985 г. – загадчык кафедры беларускай літаратуры, з 1993 г. – загадчык кафедры беларускай літаратуры XX ст. З 1991 па 1996 г. – дэкан філалагічнага факультэта БДУ, старшыня Вучонага савета факультэта. Узначальваў савет па абароне дысертацый Д 02.01.12, уваходзіў у склад савета па абароне дысертацый пры Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы НАН Беларусі. Пад кіраўніцтвам А. А. Лойкі абаронена каля 30 кандыдацкіх і доктарскіх дысертацый.

Чытаў курсы па гісторыі беларускай літаратуры XIX – пачатку XX стст., старабеларускай літаратуры, краязнаўстве, літаратуразнаўстве, спецкурсы па паэзіі. Выкладаў гісторыю беларускай літаратуры ў навучальных установах Польшчы і Германіі. Ганаровы прафесар шэрагу замежных універсітэтаў.

У 1964–1989 гг. узначальваў факультэцкае аб’яднанне маладых літаратараў «Узлёт».

Аўтар каля 500 публікацый, у тым ліку манаграфій «Адам Міцкевіч і беларуская літаратура» (1959), «“Новая зямля” Якуба Коласа. Вытокі, веліч, хараство» (1961), «Беларуска-польскiя лiтаратурныя ўзаемасувязi ў ХХ ст.» (1963), «Максім Багдановіч» (1966), падручнікаў для філалагічных факультэтаў універсітэтаў «Гісторыя беларускай літаратуры: дакастрычніцкі перыяд» (у 2 ч.), «Старабеларуская літаратура» (2001), дапаможніка «Роўнакутны трохвугольнік, або Ад Палямона да Максіма Танка» (па спецкурсе «Беларуска-руска-польскія літаратурныя ўзаемасувязі», 2003) кніг «Сустрэчы з днём сённяшнім» (1968), «Паэзія і час» (1981), «Галгофа» (2001), «Дрэва жыцця» (2004), «Займальная літаратура» (2009) і інш.

Як паэт друкаваўся з 1943 г. Першая паэтычная кніга выйшла ў 1959 г. Выдаў звыш 20 арыгінальных зборнікаў паэзіі і шэраг кніг для дзяцей, у тым ліку «На юначым шляху» (1959), «Як Тоня рэха шукала» (1962), «Дарогі і летуценні» (1963), «Калі ў дарозе ты...» (1971), «Пачуцці» (1976), «Скрыжалі» (1981), «Пралескі ў акопах» (1987, «Бібліятэка беларускай паэзіі»), «Балады вайны і міру» (1989), «Талая вясна» (1990), «Трэці золак» (1993), «Неўміручасць» (2000), «Ушанаванне» (2001), «Плач зямлі» (2004) і інш., а таксама «Выбраныя творы» ў 2 т. (1992) і інш. У 2001 г. выйшла кніга польскамоўных вершаў А. А. Лойкі «Белыя клавішы».

Аўтар празаічных твораў, сярод якіх аповесці «Скарына на Градчанах» (1990), «Кельты не ўміраюць» (1998), раманаў-эсэ пра Янку Купалу («Як агонь, як вада…», 1982) і Францыска Скарыну («Францыск Скарына, або Сонца Маладзіковае», 1990). Гэтыя раманы выйшлі на рускай мове ў серыі «ЖЗЛ» як «Янка Купала» (1982) і «Скорина» (1989).

Перакладаў паэзію П. Верлена (кніга «У месяцавым ззянні», 1974), Ё. В. Гётэ («Спатканне і ростань», 1981), Ф. Шылера («Улада песняспеву», 1997); пераклады паэзіі нямецкіх рамантыкаў склалі кнігу «Маланкай жагнаныя» (2004). У 2003 г. была выдадзена 2-томная анталогія «Напярэймы: ад Буга да Варты», куды ўвайшлі вершы 180 польскіх паэтаў, сярод якіх Ц. Норвід, М. Канапніцкая, Б. Лесьмян, Л. Стаф, Я. Івашкевіч, Ю. Тувім, К. І. Галчыньскі і інш.

Узнагароджаны ордэнам Дружбы народаў (1981), ганаровымі граматамі Вярхоўнага Савета БССР (1976, 1980), дзяржаўнай узнагародай Польшчы «За заслугі перад польскай культурай», Сярэбраным знакам ГДР (за пераклад паэзіі Ё. В. Гётэ). Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі імя Якуба Коласа (1990, за раман-эсэ «Францыск Скарына, або Сонца Маладзіковае»). Прэмія імя У. I. Пічэты была прысуджана А. А. Лойку ў 2003 г. за падручнік «Старабеларуская літаратура».

Памёр 19 лістапада 2008 г., пахаваны на радзіме. Імем Алега Лойкі названа вуліца ў Слоніме.