Кавалёў Сяргей Валер’евіч

КовалевКавалёў Сяргей Валер’евіч

Літаратуразнавец, крытык, драматург. Доктар філалагічных навук (2002), прафесар (2012).

Нарадзіўся 20 чэрвеня 1963 г. у Магілёве. У 1980 г. скончыў сярэднюю школу і паступіў на аддзяленне беларускай і рускай мовы і літаратуры філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. З 1985 па 1988 г. – аспірант кафедры беларускай літаратуры. Кандыдацкую дысертацыю абараніў у 1991 г. (тэма «Героіка-эпічная паэзія Беларусі і Літвы канца XVI ст.», навуковы кіраўнік – прафесар А. А. Лойка). З 1988 г. працаваў на кафедры беларускай літаратуры БДУ, пасля рэарганізацыі кафедры – на кафедры гісторыі беларускай літаратуры БДУ (з 1988 г. – выкладчык, з 1992 г. –дацэнт, з 2005 г. – прафесар). У 2002 г. абараніў доктарскую дысертацыю «Станаўленне польскамоўнай паэзіі ў полілінгвістычнай літаратуры эпохі Рэнесансу». З 1993 г. чытаў лекцыі ва Універсітэце Марыі Кюры-Складоўскай (Люблін, Польшча), у 2008 г. перайшоў у гэты ўніверсітэт на сталую працу. У 2012 г. атрымаў у Польшчы званне прафесара. У 2017–2019 гг. быў дырэктарам Інстытута славянскай філалогіі Універсітэта Марыі Кюры-Складоўскай. Пасля рэарганізацыі гэтай установы ўзначаліў кафедру славянскага літаратуразнаўства Інстытута неафілалогіі Універсітэта Марыі Кюры-Складоўскай. Галоўны рэдактар навуковага часопіса «Studia Białorutenistyczne».

У БДУ чытаў курсы па гісторыі беларускай літаратуры XI–XVIII стст., уводзінах у літаратуразнаўства, спецкурсы па паэзіі, вёў семінары «Тэорыя і практыка літаратурнай творчасці», «Шматмоўная беларуская літаратура: ад Рэнесансу да Рамантызму». Выкладаў гісторыю беларускай і рускай літаратур у навучальных установах Літвы, Харватыі, Германіі ў межах міжнароднай праграмы «Erasmus».

У 1989–1996 гг. узначальваў факультэцкае аб’яднанне маладых літаратараў «Узлёт».

Аўтар больш як 200 публікацый, у тым ліку манаграфій і курсаў лекцый: «Як пакахаць ружу: Маладая беларуская паэзія 80-х гг.» (1989), «Партрэт шкла: літ.-крытыч. артыкулы» (1991), «Герoіка-эпічная паэзія Беларусі і Літвы канца XVI ст.» (1993), «Станаўленне польскамоўнай паэзіі ў полілінгвістычнай літаратуры Беларусі эпохі Рэнесансу» (2002), «Літаратура Беларусі позняга Рэнесансу: жанры, творы, асобы» (2005), «Гісторыя беларускай літаратуры: другая палова XVI ст.» (2005), «Шматмоўная паэзія Вялікага Княства Літоўскага эпохі Рэнесансу» (2010), «Літаратура Вялікага Княства Літоўскага пачатку XVI–XVII cтст.: феномен памежжа» (2011), «Пачвара ў рэліктавым лесе. Літаратура. Тэатр. Крытыка» (2013), «Поколение RU белорусской драмы: контекст – тенденции – индивидуальности» (у сааўт. з І. Лапо і Н. Русецкай). Адзін з аўтараў «Гісторыі беларускай літаратуры ХІ–ХІХ стагоддзяў. Т. 1: Даўняя літаратура: ХІ – першая палова XVIІІ ст.» (пад рэд. В. Чамярыцкага, 2006). Выдаў творы Анатоля Сербантовіча («Жаўранак у зеніце», 1989), Францішкі Уршулі Радзівіл («Творы», 2003; «Нясвіжскі альбом», 2011). Падрыхтаваў 3 кандыдатаў навук.

Як пісьменнік пачаў друкавацца з 1980 г. У 1988 г. выдаў кнігу казак «Мэва» і падборку вершаў «Шыпшына» ў калектыўным паэтычным зборніку «Лагодны промень раніцы». Адзін з кіраўнікоў Таварыства маладых літаратараў «Тутэйшыя» (1986–1989), член Саюза беларускіх пісьменнікаў з 1989 г. З 1989 г. пачаў пісаць драматургічныя творы, дэбютаваўшы п’есай «Драўляны Рыцар», пастаўленай на Беларускім тэлебачанні, Расійскім тэлебачанні, у шэрагу тэатраў Беларусі. Аўтар каля 30 п’ес, якія ставіліся ў тэатрах Беларусі, Украіны, Расіі, Польшчы, Славакіі, Балгарыі («Стомлены д’ябал», «Трышчан&Іжота», «Шлях да Батлеему», «Сёстры Псіхеі», «Інтымны дзённік», «Камедыя Юдзіфі» і інш.), шэрагу інсцэніровак беларускай і польскай класікі («Чужое багацце» Я. Д. Голанда ў Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета, «Выкраданне Еўропы, або Тэатр Уршулі Радзівіл» Ф. У. Радзівіл, «Пан Тадэвуш» А. Міцкевіча, «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях» Я. Баршчэўскага ў Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы). У 2009 г. выйшла кніга «Паміж Беларуссю і Польшчай. Драматургія Сяргея Кавалёва», прысвечаная драматургічнай творчасці і тэатральным пастаноўкам паводле ягоных п’ес у Беларусі і Польшчы. Мае аўтарскі сайт: https://skavaliou.jimdo.com/.

Узнагароджаны шэрагам дыпломаў міжнародных тэатральных фестываляў і Міністэрства культуры Беларусі, прэміяй імя Ежы Гедройца Польскага Інстытута ў Мінску за папулярызацыю польскай культуры ў Беларусі і беларускай культуры ў Польшчы (2001), Медалём Камісіі нацыянальнай адукацыі (2008) і Залатым Крыжом Рэспублікі Польшчы (2016).