Cпецыяльнасць «Славянская (славацкая і беларуская) філалогія»

У Рэспубліцы Беларусь спецыялістаў у галіне славацкай філалогіі рыхтуе толькі філалагічны факультэт БДУ, прычым набор у новыя групы (звычайна 10-12 чалавек) адбываецца раз у 4 гады. У выніку на рынку працы Беларусі існуе адчувальны дэфіцыт кваліфікаваных перакладчыкаў са славацкай мовы, а нашы выпускнікі – гэта рэдкія і запатрабаваныя спецыялісты, якія паспяхова прымяняюць атрыманыя веды ў такіх сферах, як вусны і пісьмовы пераклад, лагістыка, турыстычны бізнес, адукацыя і інш. Многія працягваюць навучанне ў магістратуры і аспірантуры ва ўніверсітэтах Славакіі.

Сувязі паміж Славацкай Рэспублікай і Рэспублікай Беларусь маюць вялікі патэнцыял для далейшага развіцця. На сённяшні дзень Славакія з’яўляецца сусветным лідарам па колькасці вырабленых аўтамабіляў на душу насельніцтва (штогод з канвеераў гэтай краіны сыходзіць каля 1 000 000 новых машын). Аўтамабільная прамысловасць спрыяе развіццю іншых галін эканомікі (хімічнай прамысловасці, металургіі, электронікі, камп’ютарных тэхналогій і інш.), што стварае базу для ўзаемных эканамічных інтарэсаў. Славацкі бізнес рэалізуе асобныя праекты на рынку Беларусі, а гэта выклікае патрэбу ў высокакваліфікаваных перакладчыках, якія б маглі забяспечваць належнае моўнае суправаджэнне дадзеных праектаў. Акрамя таго, актыўныя кантакты назіраюцца і ў культурнай сферы, спорце, турызме, адукацыі, лагістыцы. За апошні час была выдадзена вялікая колькасць мастацкіх кніг славацкіх аўтараў у перакладзе на беларускую мову. У сваю чаргу, славакі пачалі актыўна знаёміцца з беларускай літаратурай. Амаль усе пераклады выконваюцца нашымі выпускнікамі. Рэалізуюцца сумесныя праекты паміж беларускімі і славацкімі музеямі, усё больш беларусаў адкрываюць для сябе славацкія бальнеалагічныя і гарналыжныя курорты, многія беларускія школьнікі выбіраюць славацкія ВНУ для працягу навучання. Усё гэта забяспечвае попыт на дыпламаваных выпускнікоў спецыяльнасці «Славянская (славацкая і беларуская) філалогія».

Акрамя таго, часта нашым выпускнікам даводзіцца працаваць з чэшскай мовай, вельмі блізкай да славацкай (гэтыя мовы настолькі блізкія, што, напр., у Чэхіі не патрабуюць перакладаў славацкіх афіцыйных дакументаў, а студэнты чэшскіх ВНУ маюць права адказваць па-славацку). Як мінімум пасіўнае валоданне чэшскай мовай дадаткова пашырае працоўныя перспектывы нашых выпускнікоў, стварае яшчэ адзін плюс у вачах працадаўцаў. Не варта забываць, што ў межах спецыяльнасці на прафесійным узроўні вывучаецца яшчэ і беларуская мова, што дае магчымасць нашым выпускнікам працаваць ва ўстановах адукацыі Рэспублікі Беларусь.

Навучанне славацкай мове на філалагічным факультэце звычайна забяспечваецца сіламі запрошанага славацкага лектара і аднаго мясцовага выкладчыка. Так, доўгі час у якасці запрошанага лектара на філалагічным факультэце БДУ працаваў славацкі пісьменнік і выдавец Пэтар Мілчак, якога з поўным правам можна назваць “бацькам універсітэцкай славакістыкі”. Дзякуючы яго намаганням на факультэце была створана добрая бібліятэка славацкай мастацкай і навучальнай літаратуры, закладзена традыцыя штогадовага конкурсу перакладаў, актыўна развівалася ўзаемадзеянне з Пасольствам Славацкай Рэспублікі ў Мінску. Ад філалагічнага факультэта БДУ навучанне славацкай мове забяспечвае аўтар “Кароткай граматыкі славацкай мовы” і “Беларуска-славацкага размоўніка-даведніка” магістр філалагічных навук старшы выкладчык Павел Аляксандравіч Рааго.

Навучанне праводзіцца па аўтарскіх праграмах. Важным складнікам падрыхтоўкі будучага спецыяліста з’яўляюцца стажыроўкі ва ўніверсітэтах Славакіі, якія дазваляюць нашым студэнтам глыбей пазнаёміцца з культурай і традыцыямі краіны, мову якой яны вывучаюць. Як паказвае практыка, усе студэнты нашай спецыяльнасці атрымліваюць магчымасць як мінімум адзін раз паехаць на семестральную або месячную стажыроўку.

Такім чынам, спецыяльнасць “Славянская (славацкая і беларуская) філалогія” – гэта гарантыя таго, што вы станеце рэдкім і запатрабаваным на рынку працы спецыялістам, зможаце рэалізаваць свой творчы патэнцыял і атрымаць шмат незабыўных пазітыўных уражанняў ад знаёмства з новай для вас краінай, якую амаль немагчыма не любіць.

Славацкая мова 1

Image

Ресурсы

Image
Image
© 2022 Филологический факультет БГУ