Сервисы

«Беларуская вечарына» (16 красавіка 2009 г.): творча-гумарыстычная справаздача

{gallery}16-04-2009-main{/gallery} 

Студэнты здзіўляюць не толькі на іспытах

... Але i на сцэне. Люблю такія мерапрыемствы – нязмушаныя, вясёлыя, займальныя, на якія ідзеш з думкай затрымацца на гадзінку, а застаешся на тры... А па дарозе дадому смакуеш самыя-самыя моманты.

Па праўдзе, не думала, што правяду столькі часу ў філфакаўскай актавай зале. Карацей, парадавалі арганізатары і ўдзельнікі, нават больш – здзівілі (і адкуль столькі хлопцаў на філфаку? Ды яшчэ і ... сапраўдных. У сэнсе, вы памятаеце, жанчына-філолаг не філолаг, а мужчына-філолаг... А тут адныя выключэнні).

Атрымаўся такі своеасаблівы “капуснік” – зборная салянка з вясёлых ісцэніровак, студэнцкіх жарцікаў (хоць вершы былі даволі сур’ёзнымі). Ды яшчэ і канцэпцыяй адной усё звязалі (тром “літаратарам” асаблівы respect). Выкладчыкі, праўда, былі неяк адасоблены ад студэнцкага “варыва”, але таксама сістэматычна выходзілі на сцэну.

Перадгісторыя крыху зацягнулася. Ды ахапіць увесь матэрыял, якім займаецца кафедра-арганізатар, за дзесяць-пятнаццаць хвілін было б не рэальна, а так хацелася! Толькі ўсё гэта было варта аднаго апошняга слайда – з ма-а-а-а-а-ленькім будыначкам на тым самым месцы, з такімі знаёмымі кожнаму філфакаўцу каардынатамі – Карла Маркса, 31.

Жадаю філфаку як найбольш такіх падзей!

Таццяна Кiявiцкая

 

Уражанні (вачыма ўдзельнікаў)

Яна зноў забірае ў мяне не толькі вольны час, але і сілы, таму што ўжо болей тыдня пакутую ад таго, што не магу пра яе напісаць. Падасца дзіўным: няўжо так складана надрукаваць некалькі старонак тэксту аб тым, як весела і лёгка было ладзіць вечарыну, як яна ўсім спадабалася, як нас потым сустракалі ў калідорах філфаку і шчыра дзякавалі за падораны настрой, тэлефанавалі амаль зусім незнаёмыя людзі, выпадкова трапіўшыя на вечарыну, і выказвалі сваё захапленне, прасілі паклікаць у наступны раз.

Але для мяне было не ўсё так проста і адназначна з гэтай прыгожай паняй-вечарынай. Я не спала начамі і перажывала, каб наш час не быў згублены дарэмна, каб наша супольнае тварэнне не стала аб’ектам насмешак і кпінаў, каб наша вясёлая і апантаная сям’я не ператварылася ў вузкую суполку фанатыкаў нікому незразумелых жартаў, вершаў, песен. На шчасце, я як заўсёды памылілася ў сваіх песімістычных прагнозах. Яна адбылася і была цудоўная, прыгожая, поўная свежых ідэй і рашэнняў, кранальная сваёй шчырасцю. Беларуская вечарына атрымалася ў стылі калаж: сабраная з розных па форме, жанру, змесце, ідэйнай накіраванасці нумароў, якія лучыла паміж сабой адзіная сюжэтная лінія – у віленскай карчме 1909 г. Тую лінію стваралі самыя таленавітыя і прыгожыя хлопцы нашага факультэту, пазнаёміцца з якімі было не толькі прыемна, але і вельмі карысна.

У падрыхтоўцы ўдзельнічалі прадстаўнікі ўсіх пяці курсаў беларускага аддзялення, бо кожнаму была даддзена мажлівасць праявіць сваю творчую індывідуальнасць – кожны прадстаўляў тое, што лічыў вартым, сваё ўласнае дзецішча, паспрабуй цяпер папракнуць, што хтосьці не выклаўся напоўніцу. Гэта была справа гонару. Можа, яшчэ і таму, што стаяла неафіцыйная задача давесці прысутным, што літаратура наша не сялянская, гаротная і няшчасная, а вялікая, шматаблічная, маштабная. Мы з вялікім задавальненнем садралі з беларуса бедную сярмягу, апранулі яго смела і дзёрзка ў сучаснае. Так хацелася, каб прысутныя зразумелі – беларусы ўмеюць не толькі плакаць, але і шчыра смяяцца, у першую чаргу з саміх сябе. Мяркуючы па тым, што ніхто не сышоў – нам гэта ўдалося. А цяпер гэтага не хапае, бо нікому ўжо не цікавыя нашы творчыя памкненні і ідэі: зноў практычныя, лекцыі, КСР-ы. А так хочацца часам падысці да Івана, проста так сказаць яму: “Напішы сцэнар, давай паставім”, паклікаць нашу апантаную сям’ю аднадумцаў, пасмяяцца з Галляша, падурэць усім разам, пайсці піць каву пасля доўгай рэпетыцыі. Паслухаць, як кранальна па-роднаму лаецца Ігар Мікалаевіч, і як ён намі ганарыцца, хаця часам употай. Гэтага так не хапае, але добра, што яно было – адно з самых яркіх уражанняў майго студэнцкага жыцця.

Хачу прызнацца ў любові і крыху каханні таму чалавеку, які дазволіў усім нам рабіць тое, што мы хочам, паверыў, падтрымаў, дапамог, не кінуў, быў з намі заўсёды побач. Не магу назваць імя, каб не парушыць субардынацыю (усё ж такі я яшчэ іспыт не здала), але ён ведае, чаго варты і як я яму ўдзячная. Можа, мне ніколі больш не давядзецца выступіць у ролі Евы-спакушальніцы і пасядзець на каленях у намесніка дэкана. За ўсе прадстаўленыя магчымасці дзякуй Вам ад нас ўсіх.

Але ёсць куды расці, таму запрашаем усіх на наступную вечарыну, прыняць удзел ці проста захлынуцца з намі ў адзіным творчым парыве адданасці таму нашаму, што мы так любім і цэнім.

З усёй адказнасцю магу сёння сказаць, што хвіліна ў такой творчай і вясёлай атмасферы дорыць натхненне на ўвесь семестр, а магчыма і надалей.

Ганна Грыб

 

Аб тым, што мне блізка...

Электрычка Мінск-Асіповічы... Мноства людзей едуць на лецішчы... Дзяўчына ля вакна... Навокал столькі стомленых і незадаволеных твараў. Незадаволеных тым, што ехаць вельмі нязручна, спёка. А яна ўсміхаецца. Думае аб чымсьці сваім і ўсміхаецца...

Усё пачалося яшчэ ў мінулым семестры, калі Вольга Пятроўна Крычко прапанавала нам на пары па беларускай літаратуры паставіць урывак з “Камедыі” Марашэўскага. Зразумела ж, наша творчая энергія, якая час ад часу патрабуе ад нас выйсця на свет Божы, не дазволіла нам праігнараваць гэта заданне. Атрымалася невялічкая троххвілінная пастаноўка, але з пэўнымі зменамі ў аўтарскім тэксце. А потым была прапанова прэзентаваць нашую “Камедыю” на “Беларускай вечарыне”, якую планавала правесці кафедра гісторыі беларускай літаратуры. І пачаліся рэпетыцыі.Самае цікавае ў працэсе падрыхтоўкі – гэта першыя рэпетыцыі. Калі мы ўсе сустракаліся на калідоры на другім паверсе, дзе стаіць каваапрарат. Калі б гэтая скрыня магла размаўляць, ой як многа цікавага яна пра нас расказала б. Дарэчы, думаю што ў нашага каваапарата жыццё весялей за ўсіх. Мала таго, што на кожным перапынку ад яго патрабуюць кавы сонныя студэнты, дык пасля пар яму яшчэ даводзіцца назіраць за вось такімі “талентамі”. І калі кажуць, што смех працягвае жыццё, то мы яго добра сабе падоўжылі (ну і каваапарату таксама) Такім чынам наша пастаноўка перарасла ў дванаццаціхвілінны нумар.

Але нашая “Камедыя” была толькі маленечкай частачкай таго, што пабачылі гледачы падчас вечарыны.

Зразумела, што на ўсё гэта было затрачана шмат часу і энергіі, а трэба ж было паспяваць яшчэ час ад часу вучыцца. Але калі бачыш на тварах тых, хто прысутнічае ў зале, усмешкі і чуеш шчырыя апладысменты, за спінай вырастаюць крылы...

Электрычка Мінск-Асіповічы... Мноства людзей едуць на лецішчы... Дзяўчына ля вакна... Навокал столькі стомленых і незадаволеных твараў. Незадаволеных тым, што ехаць вельмі нязручна, спёка. А яна ўсміхаецца. Думае аб чымсьці сваім і ўсміхаецца...

Таццяна Абдулхакава

 

Мне спадабалася

Мне вельмі спадабалася вечарына, якая ладзілася ў гэтым годзе на філалагічным факультэце БДУ. Яна была вельмі насычанай, інфарматыўнай, гумарыстычнай, цудоўна аформленай музычна, і, што немалаважна, прасякнутай беларускасцю. Адразу бачна, што працавалі над вечарынай “людзі сваёй краіны”: выкладчыкі факультэта, студэнты розных курсаў, мастацкія калектывы БДУ, і, увогуле, усе, хто неабыякава ставіцца да роднай мовы, да нашай мовы, да таго, што дзеецца на нашым філфаку і ў нашай краіне. Канешне, не абышлося і без хібаў: недзе нешта не спрацавала (тэхніка – усё зразумела), нехта забыўся словы (ад хвалявання) – усякае бывае, асабліва на святах такога масштабу, але, на маю думку, галоўнае – рэзультат, тыя эмоцыі і ўражанні, якія застаюцца пасля, а яны былі, мала сказаць, цудоўныя! Атмасфера добразычлівасці, роўнасці, еднасці выкладчыкаў і студэнтаў (хоць на гадзіну) – гэта ўжо немалаважна. Плюс: беларуская мова, якую нават на філфаку, пагадзіцеся, не вельмі часта пачуеш. Да таго ж, адкрылася шмат новых талентаў і зорак філфаку – выдатна!

Шчыра спадзяюся, што вечарыны такога кшталту будуць кожны год радаваць нас, узбагачаць духоўны свет студэнтаў-філолагаў. Вялікі дзякуй усім, хто падарыў нам некалькі шчаслівых і цудоўных гадзін.

Наталія Гігола

 

* * *

Вечар – час беларусаў. Калі апускаецца сонца
І зямлю ахінае паўзмрок на прасторы бясконцай.
Вось тады хтось паставіць на стол і запаліць лучыну.
18:00
Беларуская вечарына.

Мы ўкладалі ў агульны “пірог”, хто што мог туды ўкласьці.
Гатавалі яго, то цукрынкі, то солі дадаўшы.
Ад пракіслых прадуктаў глядзелі – бо мог бы прапапасьці!
Згатаванае любім і цэнім, бо ўсё гэта Наша!

Будавалі наш “дом” па цаглінках, яны ж бо цяжкія!
І сьмяяліся дужа мы з дрэваў-хлапцоў у пакоі!..
Барацьбе са статычнасьцю час аддавалі і сілы,
(Вось у гэтым змаганьні былі мы, па праўдзе, героі!)

Колькі новых людзей! Колькі новых сусьветаў у кожным!
Недарэмных гадзінаў! Адкрыцьцяў! І проста натхненьня.
Вось такая вось безьліч. Такі вось бясконцы калодзеж!
Вочы. Холад. Гарбата. Сцэнарый. Касьцюм. Летуценьні.

…Ад хлусьні, ад маны і ад бруду далей Беларусы,
Ім ня трэба для добрых учынкаў вышукваць прычыны.
І кладзецца на стол жыцьцярадасьць бялюткім абрусам,
І жыве ва ўспамінах яна –

Беларуская Вечарына.

Мар’яна Вясінская

Image

Ресурсы

Image
Image