4 верасня 2009 г. на філалагічным факультэце Беларускага дзяржаўнага універсітэта адбылося ўрачыстае адкрыццё "Галерэі гісторыі беларускага пісьменства". Ганаровым госцем цырымоніі стаў рэктар БДУ, акадэмік С.У. Абламейка.
Святочная падзея была прымеркавана да Дня беларускага пісьменства і Года роднай зямлі. "Паняцце Родная зямля - значнае, ёмістае. Гэта і Радзіма, гэта родная старонка, гэта традыцыі роднай зямлі, гэта родная культура і, у прыватнасці, родная літаратура і родная мова. І я не памылюся, калі скажу, што адкрыццё галерэі не толькі прымеркавана да Года роднай зямлі, але і прысвечана роднай зямлі, яе культуры, лепшым людзям нашага краю, іх творчасці, якая з'яўляецца здабыткам нашай беларускай і сусветнай культуры" - адзначыў у сваім прывітальным слове дэкан філалагічнага факультэта, прафесар І.С. Роўда.
Экспазіцыя, якая ахоплівае гісторыю айчыннага пісьменства ХІ - к. ХVІІ стст., уяўляе сабой аўтарскі праект, выкананы супрацоўнікамі кафедры гісторыі беларускай літаратуры Белдзяржуніверсітэта кандыдатам філалагічных навук, дацэнтам У. Г. Кароткім і старшым выкладчыкам В. П. Крычко, а таксама выпускніцай філалагічнага факультэта, дызайнерам-мастаком Надзеяй Бышкай. Знамянальна, што праца па стварэнні галерэі была завершана напярэдадні 70-гадовага юбілею факультэта, які сёлета будзе адзначацца на філфаку. "Гэта Галерэя - працяг даўняй дзейнасці нашага факультэта. Яшчэ калі яго ўзначальваў А.А. Лойка, былі створаны дзве галерэі: адна - гэта вітражы, якія зараз знаходзяцца на гістфаку, а другая прадстаўлена тут - галерэя гісторыі беларускай літаратуры і сусветнага мастацтва (на трэцім паверсе). І цяпер мы маем галерэю беларускай гісторыі, культуры, кнігадрукарскай справы, а таксама гісторыі беларускага філалагічнага падручніка" - распавёў у інтэрв'ю першаму каналу "Беларускага радыё" У.Г. Кароткі.
Стваральнікі выставы змясцілі ў экспазіцыю рэпрадукцыі матэрыялаў, што знаходзяцца ў аддзелах рэдкай кнігі, рукапісаў і старадрукаў бібліятэк Беларусі, Літвы, Польшчы, Расіі і Украіны.
Сярод выяваў галерэі помнікі перакладнога і арыгінальнага прыгожага пісьменства Беларусі трох буйных культурна-гістарычных эпох - Сярэднявечча, Адраджэння і Барока, - напісаныя уставам, паўуставам і скорапісам, выдадзеныя кірыліцай, лацініцай і готыкай.
Да унікальных выяў адносіцца, напрыклад, "Зорнае неба" Аляксандра Валер'яна Высоцкага (Вільня, 1634), прадстаўленае на выставе ўпершыню.
Дапаўняюць галерэю рэпрадукцыі першых навуковых філалагічных выданняў Беларусі - "Граматык" Лаўрэнція Зізанія, Мялеція Сматрыцкага і Іаана Ужэвіча.
{gallery}2009-09-04{/gallery}

RU 
