Сервисы

Январский номер журнала "Маладосць"

Паэты звышновай эры!

Ці мала нас? Не, нямала.

І кожны — не Танк (халера!),

І кожны з нас — не Купала.

Гэта радкі хлопца, які, нарадзіўшыся і жывучы ў іншай краіне, вывучыў беларускую мову, бо яму проста так захацелася. Наш чалавек! Падборку вершаў “Да сіняй вады”, прысланую Аляксеем Арцёмавым з Расіі, чытайце ў студзеньскім нумары “Маладосці”.

 

“Я ўжо паабяцаў сябрам, што першыя словы на Марсе будуць сказаны па-беларуску”, — запэўніў карэспандэнта “Маладосці” яшчэ адзін новы яе герой — удзельнік міжнароднага праекта MarsOneМіхаіл Румянцаў. Увогуле, у нумары — спрэс адкрыцці і неспадзяванкі, ад дэбютантаў Мікіты Найдзёнава (паэзія, вельмі такая… не лішняя) і Яна Далёкага (проста нерэальная проза) да… Лічыце, калі ласка. Рубрыка “Ад рукі” цяпер будзе прадстаўляць рэальныя рукапісныя чарнавікі вядомых ужо твораў — гэта першае. У № 1 — план-накід “Дзікага Луга” Федарэнкі. На мяжы мастацкай і крытычна-публіцыстычнай частак часопіса з’яўляецца новы блок — “Пераклады”, гэта другое. Чытайце тут набелістку Эліс Манро, яе “Чырвоную сукенку”. Далей. Пад шыльдай “Без вышэйшай адукацыі” — чарговы матэрыял пра чалавека, які кіруецца не агульнапрынятым “кім быць?”, а прынцыпова процілеглым “якім быць?” Герой праекта шліфуе каштоўныя камяні і разважае над тым, чаму чалавек — шматгранны. “Трэба стаць дыяментам”, — заключае ён.

У прозе большасцю старонак прадстаўлены Уладзімір Мажылоўскі, але не такі як раней, зусім новы. Яго “Спіраль гісторыі” — сапраўдная спружына для ўдзячнага чытача.

“Гісторыя паходжання літаратурнага тропа, без малюнкаў і ілюстрацый, бязлітасна расказаная безабароннаму чытачу на мове паняццяў, а не вобразаў” — гэта другая частка загалоўка артыкула Ірыны Шаўляковай. У апошнім яна прапануе адукаванаму і цікаўнаму чытачу зазірнуць у вытокі метафары. Ну, гэта калі вам вярэдзіць, кiм быў архаічны чалавек — прагматыкам цiшукальнiкам сэнсу.

А традыцыйная “маладосцеўская” “Апытанка” азадачана тэмай сацсетак. Спрыяюць ці замінаюць? Джэймс Кэмеран (удзел у “Апытанцы” не прыняў), казаў неяк, што  “прыматам патрэбна група”, ім, маўляў, проста неабходна сядзець і перабіраць адзін на адным поўсць, і называецца гэта “узаемная чыстка”. Жорстка, але, мабыць, слушна. Апытаныя “Маладосцю” параўноўваюць сацсеткі з алкаголем: “і першым, і другім можна сапсаваць сабе жыццё, а можна час ад часу карыстацца — каб трохі расслабіцца”.

Інакш кажучы, седзячы ў «Аднакласніках», памятай, што каструля пачынае смыжыць адразу пасля таго, як перастае варыць, а чытаючы беларускае — чытай “Маладосць”.

{gallery}2014-01-23{/gallery}

Image

Ресурсы

Image
Image
Наш сайт использует файлы cookie

Наш сайт использует файлы cookie для сбора статистики. Нажав «Принять», вы даете согласие на обработку файлов cookie в соответствии с Политикой обработки файлов cookie.