Сэрвісы

Майстар-класы для студэнтаў-філолагаў

У лістападзе-снежні кафедрай гісторыі беларускай літаратуры БДУ былі праведзеныя майстар-класы па літаратурна-рэдакцыйнай працы для студэнтаў ІV курса спецыяльнасці «Беларуская філалогія».

У рамках святкавання 75-годдзя філалагічнага факультэта на сустрэчу з будучымі рэдактарамі і настаўнікамі быў запрошаны рэдактар выдавецтва «Пачатковая школа», былы галоўны рэдактар часопіса «Роднае слова», выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь М.М. Шавыркін. Ён даў майстар-клас на тэму «Асновы прафесійнай дзейнасці рэдактара», адказаў на шэраг пытанняў па гэтай актуальнай тэме.

16 снежня правяла майстар-клас К.М. Пучынская, рэдактар аддзела літаратуры навукова-метадычнага часопіса «Роднае слова». Падчас яе выступлення на тэму «Спецыфіка працы літаратурнага рэдактара» быў асветлены цэлы шэраг актуальных пытанняў, якія датычацца методыкі і практыкі літаратурнага рэдагавання. Напрыканцы каля паўгадзіны доўжылася жывая гутарка студэнтаў з дасведчаным прафесіяналам-рэдактарам і перакладчыцай.

Адбылася таксама прэзентацыя сёмага тома «Збору твораў» У. Караткевіча ў 25 тамах. Аб шэрагу тэксталагічных і рэдактарскіх праблем выдання рамана «Каласы пад сярпом тваім» распавёў навуковы рэдактар сёмага і восьмага тамоў доктар філалагічных навук, прафесар А.І. Бельскі.

На майстар-класах прысутнічалі таксама студэнты-завочнікі і выкладчыкі кафедры гісторыі беларускай літаратуры. Гэтыя творчыя сустрэчы адбыліся напярэдадні літаратурна-рэдакцыйнай практыкі, якую студэнты будуць праходзіць у часопісе «Роднае слова», «Выдавецкім доме “Звязда”», выдавецтве «Адукацыя і выхаванне» і інш.

Image

Рэсурсы

Image
Image