Кіраўнік праекта: студэнт спецыяльнасці «Класічная філалогія» Уладзімір Грыцэвіч.
Удзельнікі праекта: студэнты спецыяльнасці «Класічная філалогія» Аслюк Піліп, Гапеева Кацярына, Драгун Мацвей, Зарэцкая Кацярына, Саўрыцкі Павел.
Куратар праекта: загадчык кафедры класічнай філалогіі В. Г. Пракапчук.
Апісанне праекта.
Мэта праекта.
Уводзіны ў навуковы і грамадскі дыскурс недаследаванай грэка- і лацінамоўнай эпіграфічнай спадчыны беларускіх земляў, сабранай удзельнікамі праекта ў храмах, манастырах, музеях рэлігіі.
Задачы праекта:
1) збор эпіграфічнага матэрыялу, стварэнне электроннага каталога грэка- і лацінамоўных надпісаў храмавай культуры Беларусі;
2) пераклад на беларускую і рускую мовы з навуковым каментаваннем грэка- і лацінамоўных надпісаў, сабраных у храмах, манастырах, музеях рэлігіі Рэспублікі Беларусь, якія прадстаўляюць каштоўнасць для вывучэння гісторыі Беларусі;
3) папулярызацыя навуковай дзейнасці студэнтаў БДУ ў СМІ, у інтэрнэце, ва ўстановах адукацыі як у Рэспубліцы Беларусь, так і за мяжой шляхам ажыццяўлення выставачнай дзейнасці, чытання публічных лекцый, інтэрв’ю для газет і тэлебачання.
Значнасць і актуальнасць праекта.
Храмавыя грэка- і лацінамоўныя надпісы, якія тычацца гісторыі Рэспублікі Беларусь, дагэтуль цалкам не перакладзеныя і не вывучаныя, не сабраныя ў адзіны каталог. Прадстаўлены праект дапаможа пазнаёміць шырокую грамадскасць з храмавай грэка- і лацінамоўнай эпіграфічнай спадчынай, увесці яе ў навуковы абарот.
Мэтавыя групы праекта:
- наведвальнікі музеяў рэлігіі, праваслаўных храмаў і касцёлаў Рэспублікі Беларусь, як беларускія грамадзяне, так і замежныя;
- студэнты філалагічнага факультэта і інстытута тэалогіі БДУ, духоўных навучальных устаноў;
- вучні сярэдніх школ, гімназій і ліцэяў горада Мінска.
Кароткі змест праекта
Праект прадугледжвае збор, каталагізацыю, пераклад і каментаванне грэка- і лацінамоўных культавых надпісаў сіламі ўдзельнікаў праектнай каманды пры падтрымцы спецыялістаў кафедры класічнай філалогіі БДУ, каляровы друк рэпрадукцый надпісаў, перакладаў і каментароў да іх, экспанаванне выставачных матэрыялаў, якое будзе суправаджацца навукова-асветніцкай лекцыяй, падтрыхтаванай удзельнікамі праектнай каманды, на філалагічным факультэце і інстытуце тэалогіі БДУ, у Музеі гісторыі БДУ, у школах і гімназіях г. Мінска, у Школе юнага філолага, публікацыі ў зборніку матэрыялаў навуковай канферэнцыі студэнтаў і аспірантаў БДУ і ў сродках масавай інфармацыі.
Нясвіж – палац
Нясвіжскі палац з XVI па XX стагоддзе з’яўляўся рэзідэнцыяй князёў Радзівілаў. Ён быў закладзены М.К. Радзівілам Сіроткам у 1583 годзе, разам з Фарным касцёлам і абарончымі ўмацаваннямі. Палац – адзін з лепшых будынкаў у стылі барока ў Беларусі, упрыгожаны рэльефнымі дэкарацыямі і скульптурамі. За сваю доўгую і складаную гісторыю палац шмат разоў перабудоўваўся, разбураўся і адбудоўваўся зноў. Аднак усе лацінскія надпісы, якія можна пабачыць сёння на тэрыторыі замка, былі нанесены яшчэ Сіроткам у XVI ст. Яны перажылі шматлікія войны, савецкі перыяд і нават пажар. З 2003 па 2012 гады праводзілася маштабная рэстаўрацыя. Разам з інтэр’ерамі і экстэр’ерамі былі адноўленыя і надпісы на лацінскай мове.
Усе надпісы – гэта цытаты з «Вульгаты», якія знаходзяцца амаль над кожнымі дзвярыма і даступныя з унутранага дворыку.
«DATE ELEEMOSYNAM: ET OMNIA MUNDA SUNT VOBIS. LUC 11:41» («Давайце лепш міласціну [з таго, што ўнутры вас], тады ўсё будзе ў вас чыстае. Лк. 11:41»).
Цікавай асаблівасцю з’яўляецца тое, што цытаты маюць прамое дачыненне да таго, што было за гэтымі дзвярыма. Напрыклад, надпіс «VINUM LAETIFICAT COR HOMINIS. PS.103:15» («I віно вяселе сэрца людзіне. Пс.103:15»), хутчэй за ўсё, размяшчаўся над уваходам у вінны пограб, а зараз на месцы пограба – сувенірная крама.
Надпіс «LAVAMINI, MUNDI ESTOTE. IS. 1:16» («Абмыйцеся, ачысціцеся. Іс. 1:16»), магчыма, вёў у лазню ці нейкае іншае памяшканне такога тыпу.
А надпісы «FRANGE ESURIENTI PANEM TUUM. IS.58:7» («Каб ты адламіў галоднаму хлеба свайго. Іс. 58:7») і «SI ESURIERIT INIMICUS TUUS, CIBA ILLUM. PROV. 25:21» («Калі галодны непрыяцель твой, дай яму хлеба есці. Пр.25:21») размяшчаюцца над дзвярыма, якія маглі весці ў пякарню або сталовую.
Нясвіж – касцёл
Нясвіжскі (з 1773 г. фарны) касцёл Найсвяцейшага Божага Цела — архітэктурны помнік ранняга барока, першы езуіцкі касцёл на тэрыторыі Рэчы Паспалітай, пабудаваны ў 1584–1593 гг. Ініцыятарам пабудовы быў першы нясвіжскі ардынат князь М.К. Радзівіл Сіротка. Ён узводзіўся як састаўная частка комплекса Нясвіжскага калегіума езуітаў. Галоўным архітэктарам касцёла быў Джавані Марыя Бернардоні, якога запрасілі ў Нясвіж у 1586 г. Касцёл стаў адным з самых ранніх узораў барочнай архітэктуры ва Усходняй Еўропе ХVI ст., першай крыжова-купальнай базілікай ў Вялікім Княстве Літоўскім. З 1773 г. касцёл становіцца фарным, то бок належыць толькі парафіі.
Храм багаты на надпісы на лацінскай мове. Некаторыя з іх – на знешнім фасадзе. Самая вялікая: «ADORABO AD TEMPLUM SANCTUM TUUM IN TIMORE TUO». Гэта цытата з Псалтыра: «Пакланюся храму святому Твайму ў стра́ху перад Табою» (Пс. 5:8)). А вышэй – «ADORATE DOMINUM ATRIO SANCTO EIUS». Што можна перакласці як: «Кланяйцеся Спадару ў харашыні святасці [Яго]» (Пс. 28:2). Зайшоўшы ў храм, мы адразу сустракаем яшчэ адну інскрыпцыю, з кнігі Быцця: «NON EST HOC ALIUD NISI DOMUS DEI ET PORTA CAELI». У беларускім перакладзе гэта гучыць так: «Гэта нішто іншае, як дом Божы, і гэта брама нябёс».
Асобна варта выдзеліць цытаты на надмагіллях Радзівілаў. Можна пабачыць надпіс на надмагіллі княжны Эльжбеты Яўфіміі, гэта цытата з кнігі Ісаі: «PRAECISA EST VELUT A TEXENTE VITA MEA». «Я маю адрэзаць, як ткач, жыццё сваё» (Іс. 38:12). Такі выбар, хутчэй за ўсё, тлумачыцца ранняй смерцю жонкі Радзівіла, якая памерла ва ўзросце 27 гадоў.
Сынкавічы
У культурнай спадчыне беларускага народа важнае месца займае Свята-Міхайлаўская царква ў сяле Сынкавічы на Гродзеншчыне. Сынкавіцкі храм-крэпасць з’яўляецца адным з храмаў, які да гэтага часу застаецца поўны загадак, пачынаючы ад своеасаблівасці архітэктуры, гэтак нязвыклай для праваслаўных храмаў, заканчваючы адсутнасцю звестак пра будаўнікоў і нават час пабудовы, які звычайна вызначаюць у дыяпазоне XV–XVI стагоддзяў.
Да гэтага часу ідуць спрэчкі аб даце заснавання Свята-Міхайлаўскай царквы. І ёсць шмат здагадак на гэты конт: адны даследчыкі сцвярджаюць, што храм пабудаваны ў XVI стагоддзі, іншыя адносяць будаўніцтва царквы да пачатку XV стагоддзя, трэція прытрымліваюцца канцэпцыі больш ранняга заснавання храма. Але ў самім храме ёсць некалькі надпісаў, якія могуць даць адказ на гэтае пытанне. Яны прысвечаныя літоўскаму князю Альгерду. Адзін з іх – пахвальны (размешчаны на паўднёвай сцяне) – датуецца 1352 г. і абвяшчае: «Olgerdus domi militiaeque clarus. Ille validus mente, fretus amicitia, ingenio, opibus. An. 1352» («Альгерд слаўны дома і на вайне. Магутны ён мячом, давяраецца сяброўству, розуму,разбагаццею. 1352 г.»). На заходняй сцяне маецца другі надпіс – поўная супрацьлегласць першаму: «A. D. 1347. Eheu Olgerdus! Illos occidendo, hos accusando, civitatem labefecisti» («Лета Гасподняга 1347. О, Альгерд, адных забіваючы, а іншых абвінавачваючы, ты абразіў дзяржаву»). На жаль, у савецкі перыяд другі надпіс быў знішчаны і захаваўся ў дарэвалюцыйным апісанні гэтага храма, якое было складзена святаром Яўстафіем Міхайлаўскім.
Тэксты Сынкавіцкага храма па сваім змесце дзеляцца на свецкія і царкоўныя. У 2014 годзе настаяцель храма Св. Архістратыга Міхаіла протаіярэй Арсеній Ананка, прыступаючы да капітальнага рамонту, меў таемную надзею, што старажытныя надпісы не загінулі. З апорай на звесткі з дарэвалюцыйных апісанняў храма, у месцах, дзе меркавана знаходзіліся графіці, вяліся работы па размыўцы верхняга пласта фарбы з асаблівай увагай і асцярожнасцю. У выніку атрымалася зноў адкрыць некалькі старажытных тэкстаў, у тым ліку згадваюцца ў запісах тэксты з пасланняў ап. Паўла і ап. Іаана Багаслова. Дадзеныя тэксты цытуюцца па-грэчаску, згодна з Візантыйскай рэдакцыяй Новага Запавету, так званай Majority text «Тэкст большасці»:
Ἀγαπὴτοι μὴ παντὶ πνεύματι πιστεύετε, ἀλλὰ δοκιμάζετε /τὰ πνεύματα εἰ ἐκ τοῦ θεοῦ ἐστιν.
Узлюбленыя! Не кожнаму духу верце, а выпрабоўвайце духаў, ці ад Бога яны. (1 Ін. 4:1).
Ὀρ[θοδόξο]ς.
Праваслаўны.
Ὁ Κύριος Ιησοῦς Χριστὸς μετὰ τοῦ πνεύματός σου. Χίλια διακόσια δεκατρία έτεος.
Гасподзь Іісус Хрыстос з духам тваім (2 Цім. 4:22). Тысяча дзвесці трынаццаты год.
Цікава, што слова «Ὀρθόδοξος» (праваслаўны) кагосьці моцна раздражняла і яго пастараліся прыбраць, як гэта відаць на здымку. Аднак страчанае слова лёгка аднавіць, паколькі захаваліся першапачатковыя літары «Ορ» і апошняя «ς».
На калоне каля паўночных дыяканскіх дзвярэй знаходзіцца яшчэ адна Біблейская цытата: «Βλέπετε μή τις ὑμᾶς ἔσται ὁ συλαγωγῶν διὰ τῆς φιλοσοφίας καὶ κενῆς ἀπάτης κατὰ τὴν παράδοσιν τῶν ἀνθρώπων, κατὰ τὰ στοιχεῖα τοῦ κόσμου καὶ οὐ κατὰ Χριστόν». («Глядзіце, каб хто-небудзь не захапіў вас філасофіяй і пустым падманам паводле пада́ння чалавечага, паводле стыхій свету, а не паводле Хрыста» (Кал. 2:8)). Яна заклікае веруючых быць уважлівымі да свайго ўнутранага ўстраення і, як кажа надпіс, жыць і памятаць аб кароткачасоваці гэтага жыцця.
На паўднёвай сцяне Сынкавіцкага храма ёсць лаканічны надпіс, які заклікае чалавека задумацца аб каштоўнасці жыцця: «Vive memor laethi!» («Жыві, памятаючы пра смерць!»)
На адной са сценаў храма можна пабычыць частку надпісу: «A. Dom. 1330» (Anno Domini 1330), якая перакладаецца як «У лета Гасподняе 1330».
На жаль, у савецкі час частка графіці ў Сынкавіцкай царкве была знішчана. Сёння вядзецца праца па пошуку страчаных надпісаў.
Жыровіцы – Мінск
Жыровіцкі стаўрапігіяльны мужчынскі манастыр у гонар Спачыну Найсвяцейшай Багародзіцы. Святая абіцель размешчана ў пасёлку Жыровіцы Слонімскага району Гродзенскай вобласці і знаходзіцца пад непасрэдным кіраваннем Патрыяршага Экзарха ўсёй Беларусі мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Веніяміна.
Жыровіцкі манастыр заснаваны ўжо ў другой палове XVI стагоддзя пры праваслаўнай царкве, пабудаванай на месцы з’яўлення цудатворнай Жыровіцкай іконы Божай Маці ў лесе пастухам.
Пры манастыры доўгі час функцыянавала Мінская духоўная акадэмія, якая была пераведзена ў Мінск. Пры Акадэміі з 2015 года функцыянуе царкоўна-гістарычны музей Беларускай Праваслаўнай Царквы. Музейныя фонды фарміраваліся на аснове калекцыі царкоўных старажытнасцяў, сабранай Мітрапалітам Мінскім і Слуцкім Філарэтам, Патрыяршым Экзархам усяе Беларусі. Музейны збор, прадстаўлены ў трох залах, распавядае аб гісторыі Праваслаўнай Царквы на землях Беларусі.
У музеі можна сустрэць экспанаты (антымінсы і энкалпіён), якія змяшчаюць грэчаскія надпісы.
ΑΓΙΟС ΑΓΙΟС ΑΓ. ΘС ΧС СΑRΑΟΘ ΠΛΙΡ. С Ο ǒVΑΗΟС Κ Ι ΓΙ
Ἅγιος, Ἅγιος, Ἅγιος Θεὸς Χριστὸς Σαβαώθ, πλήρεις σου ὁ οὐρανὸς καὶ ἡ γῆ.
Святы, Святы, Святы, Хрыстос Бог Саваоф! Поўны табой неба і зямля.
ω θεος — О, Бог.
ΙΣ ΧΣ ΝΙΚΑ — Ἰησοῦς Χριστὸς νικᾷ – Іісус Хрыстос перамагае.
ΙΝΗΒ [INBI] — Ἰησοῦς ὁ Ναζωραῖος ὁ Bασιλεὺς τῶν Ἰουδαίων – Іісус Назаранян, цар Іудзейскі.
Нясвіж – Слонім (медальёны)
Касцёл Божага Цела з’яўляецца аднолькава вялікай святыняй і для сям’і Радзівілаў, і для кожнага веруючага чалавека.
19 жніўня 1584 года Сіротка падпісаў акт аб стварэнні ў Нясвіжы калегіума езуітаў. Будаўніцтва касцёла пачалося ў 1583 г. на месцы драўлянага храма. Пазней на гэтым месцы быў узведзены касцёл Божага Цела з камення.
У касцёле можна знайсці не толькі цудоўныя сюжэты, але і надпісы на лацінскай мове. Напрыклад, на адным з медальёнаў касцёла, «JEZUS CHRISTUS DEUS HOMO VIVIT, REGNAT, IMPERAT. MCMI» («Езус Хрыстус Бог-чалавек жыве, царуе, уладарыць. 1901»).
Такі ж надпіс можна пабачыць і ў Слоніме ў касцёле Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Дзевы Марыі, які з’яўляецца часткай архітэктурнага комплексу манастыра бернардынак. У 1645 годзе Канстанцін Юдыцкі ахвяраваў грошы на будаўніцтва манастыра для манахінь, якія ў тыя часы жылі ў Вільні. Бернардынкі пераехалі ў 1648 годзе і пасяляліся ў пабудаваным для іх драўляным манастыры. Знешне някідкі, унутры касцёл здзіўляе раскошнымі алтарамі. У касцёле ёсць другі лацінскі надпіс на медальёне: «IUBILAEUM A. D. 2000. CHRISTUS HERI HODIE SEMPER» («Юбілей 2000. Хрыстус учора, сёння, заўсёды»).
У рамках распрацоўкі раздзела тэмы НДР кафедры класічнай філалогіі БДУ «Лацінамоўныя надпісы ў храмавай і музейнай культуры Беларусі» студэнтамі спецыяльнасці «Класічная філалогія» ў 2018 годзе былі сабраны і даследаваны лацінамоўныя надпісы ў каталіцкіх храмах г. Мінска. Падчас даследавання былі вылучаны наступныя групы надпісаў: 1) надпісы-абрэвіятуры; 2) падзейныя надпісы; 3) надпісы-цытаты.
Найбольш распаўсюджаная група надпісаў, якая сустракаецца практычна ва ўсіх каталіцкіх храмах, – гэта надпісы-абрэвіятуры, якія маюць шматвяковую традыцыю выкарыстання ў царкоўным убранні, звязаную з самімі вытокамі зараджэння хрысціянства.
INRI (Iesus Nazarenus rex Iudaeorum ‘Ісус Назаранін, цар Юдэйскі’). Дадзеная абрэвіятура знойдзена намі ў Архікафедральным саборы Найсвяцейшага Імя Найсвяцейшай Панны Марыі, Касцёле Святога Сымона і Святой Алены і ў Касцёле Найсвяцейшай Тройцы (Святога Роха). Выраз узыходзіць да Новага Запавету (Мф. 27:37, Мк. 15:26, Лк. 23:38, Ін. 19:19). «Абрэвіятура малюецца на цітле распяццяў, над выявай Хрыста. Паводле Новага Запавету, першапачаткова выраз быў напісаны на таблічцы Понціем Пілатам і прымацаваны да крыжа, на якім укрыжавалі Хрыста». Часам на цітлах распяццяў сустракаецца поўны надпіс або надпіс са скарочаным імем Ісуса. Апошняя была знойдзена ў Архікафедральным саборы: IHS NAZARENUS REX IUDAEORUM.
Інскрыпцыя IHS адносіцца да ліку кантракцый святых імёнаў: «у лацінскіх хрысціянскіх тэкстах склалася група з шасці „святых імёнаў“, якія атрымалі ў палеаграфіі найменне nomina sacra». Адно з іх – дадзеная абрэвіятура. Манаграма IHS з’яўляецца скарачэннем лацінізаванай грэчаскай формы імя Ісуса – IHSOVS (ад ΙΗΣΟΥΣ = Ἰησούς). Пазней сталі прапаноўвацца наступныя варыянты расшыфроўкі дадзенай абрэвіятуры: «In hac salus» (‘У гэтым <крыжы> – выратаванне’); «Iesus hominum salvator» (‘Ісус, збавіцель людзей’); «Іn hoc signo <vinces>» (‘З гэтым знакам <пераможаш>’). Дадзеная абрэвіятура знаходзіцца ў Касцёле Святога Сымона і Святой Алены на табернакле, у якім захоўваюцца Святыя дары. Гэтую манаграму таксама часта малююць на вокладцы Бібліі, на покрывах алтара, рызах, адзенні, сцягах.
Частотная інскрыпцыя R.I.P (Requiescat in pace ‘няхай супакоіцца з мірам’) часта сустракаецца на надмагіллях, у паведамленнях пра смерць. Яе можна ўбачыць у Касцёле Найсвяцейшай Тройцы: дадзены надпіс нанесены на месцы пахавання ўрны Магдалены, апошняй прадстаўніцы дынастыі Радзівілаў. У ліпені 2017 г. прах Магдалены Радзівіл быў дастаўлены ў Мінск, а 17 лютага 2018 г. перапахаваны на тэрыторыі Касцёла Найсвяцейшай Тройцы ў Мінску.
Надпіс C†M†B можа расшыфроўвацца як Christus mansionem benedicat (‘Няхай дабраславіць Хрыстос гэты дом’) альбо ўяўляе сабой ініцыялы імёнаў валхвоў – Каспар, Мельхіёр і Бальтазар. Надпіс сустрэўся ў Касцёле Узвышэння Святога Крыжа: C†M†B 2018. 6 студзеня каталікі адзначаюць свята Богаяўлення, або ўрачыстасць Трох каралёў. У гэты дзень пасля імшы ў храмах раздаюць асвячоную крэйду, якой прыхаджане пішуць на дзвярах сваіх дамоў надпіс C†M†B і дату, якая паказвае цяперашні год.
Падзейныя надпісы на лацінскай мове прысвечаны значным гістарычным фактам каталіцкага жыцця.
Медальён з надпісам IUBILAEUM A.D. 2000. CHRISTUS HERI, HODIE, SEMPER (‘Юбілей 2000-годдзя Раства Хрыстова. Хрыстос учора, сёння, заўсёды’) сустрэўся ў Архікафедральным саборы і Касцёле Найсвяцейшай Тройцы. У 2000 г. каталіцкая царква адзначала Вялікі Юбілей – свята ўседаравання, радасці і абнаўлення. Першы Святы юбілейны год адзначаўся ў 1300 годзе.
Медальён Iubilaeum Extraordinarium Misericordiae MMXV A.D. MMXVI (‘Пазачарговы юбілей міласэрнасці 2015–2016 гг.’) знаходзіцца ў Архікафедральным саборы. Гэты медальён прысвечаны Пазачарговаму Юбілейнаму году, які пачаўся адкрыццём Святых варот у саборы Святога Пятра 8 снежня 2015 г. у свята Беззаганнага Зачацця Панны Марыі і завяршыўся 20 лістапада 2016 г. у свята Хрыста – Валадара Сусвету.
IESUS CHRISTUS DEUS HOMO VIVIT, REGNAT, IMPERAT. MCMI (‘Ісус Хрыстос, Бог <і> Чалавек, жыве, кіруе, загадвае. 1901 г.’). Дадзены надпіс адлюстраваны на медальёне, які знаходзіцца ў Архікафедральным саборы. Гэты медальён прысвечаны 1900-годдзю Раства Хрыстова.
На камені храма Святога Іаана Хрысціцеля зроблены наступны надпіс: Die 21 mensis Iunii A. D. 2008 Tarcisius Cardinalis Bertone Secretarius Status Hanc petram angularem benedixit (‘21 чэрвеня 2008 года ад нараджэння Хрыстова Кардынал Тарчызіа Бертонэ, Сакратар Святога Прастола, асвяціў гэты краевугольны камень’). 18–22 чэрвеня 2008 г. у Беларусі сустракалі Дзяржаўнага Сакратара Яго Светласці Папы Бэнэдыкта XVI, Яго Эміненцыю Кардынала Тарчызіа Бертонэ. Падчас сустрэчы з моладдзю 21 чэрвеня 2008 г. у Мінску ён асвяціў вуглавы камень новабудоўлі Касцёла Святога Яна Хрысціцеля.
Трэцяя група – гэта надпісы-цытаты з Бібліі і царкоўных тэкстаў.
FACTUS HOMO FACTOR HOMINIS FACTIQUE REDEMPTOR IUDICO CORPOREUS CORPORA CORDA DEUS (‘Я, Бог, які стаў чалавекам, стваральнік чалавека і адкупіцель тварэння, зрабіўшыся целам, суджу целы і сэрцы’). Надпіс на іконе Хрыста Уседзяржыцеля ў Касцёле Найсвяцейшай Тройцы. Арыгінал гэтай іконы знаходзіцца ў Спаса-Праабражэнскім саборы г. Чэфалу на Сіцыліі. На іконе Хрыстос трымае Евангелле, адкрытае на вершы з Ін. 8:12 на грэчаскай і лацінскай мовах: «Ἐγώ εἰμι τὸ φῶς τοῦ κόσμου· ὁ ἀκολουθῶν ἐμοὶ οὐ μὴ περιπατήσῃ ἐν τῇ σκοτίᾳ, ἀλλ᾿ ἕξει τὸ φῶς τῆς ζωῆς» – «Ego sum lux mundi; qui sequitur me, non ambulat in tenebris, sed habebit lumen vitae» (‘Я – святло сусвету; хто рушыць услед за Мною, той не будзе хадзіць у цемры, але будзе мець святло жыцця’).
Надпіс LEGIO MARIAE. O MARIA, SINE LABE CONCEPTA, PRO NOBIS AD TE RECURRENTIBUS ORA. 1830 (‘Легіён Марыі. О Марыя, без граху зачатая, маліся за нас, хто да цябе звяртаецца. 1830’) знаходзіцца ў Архікафедральным саборы. Легіён Марыі – гэта каталіцкі апостальскі рух міранаў. Надпіс змяшчаецца на Numisma mirabile – цудатворным медальёне. 27 лістапада 1830 г. Найсвяцейшая Панна з’явілася Св. Кацярыне Лябур, сястры міласэрнасці, і даручыла ёй вырабіць цудатворны медальён, узор якога Яна ёй і паказала.
NON NOBIS DOMINE NON NOBIS SED NOMINI TUO DA GLORIAM (‘Не нам, Госпадзе, не нам, а імю Твайму дай славу’). Гэтая фраза з Бібліі (Пс. 113:9 / 115:1) таксама знаходзіцца ў Архікафедральным саборы. Пры напісанні гэтага выказвання ў храме, была дапушчана памылка (no замест non). Яе паспрабавалі выправіць, дапісаўшы зверху патрэбную літару.
Jesu confido in te (‘Ісус, спадзяюся на цябе!’). Мы выявілі два варыянты надпісу: у першым выпадку на надпісы дапушчана памылка ў напісанні імя Jesu (Esu) ў Касцёле Святога Сымона і Святой Алены: Esu confido in te; у другім выпадку на надпісы прапушчаны прыназоўнік in у Архікафедральным саборы: Jesu confido te. Надпіс зроблены на іконе «Вобраз Ісуса Міласэрнага». 22 лютага 1931 г. Ісус явіўся сястры Фаустыне і прынёс вестку аб Сваёй Міласэрнасці ўсяму чалавецтву. Ён сказаў ёй адлюстраваць Яго так, як яна бачыць, і падпісаць ўнізе: «Ісус, спадзяюся на Цябе!». Ён патлумачыў значэнне прамянёў на гэтым вобразе: «Белы прамень азначае Ваду, якая робіць душы дабрадзейнымі. Чырвоны прамень азначае Кроў, якая душы ажыўляе. Хто жыве пад абаронай абодвух прамянёў, Бог таго будзе ахоўваць».
Ave Maria, gratia plena (‘Вітай, Марыя, поўная ласкі!’). Дадзены надпіс маецца ў Касцёле Святых Сымона і Алены, а таксама ў Касцёле Узвышэння Святога Крыжа. Гэты радок з самай папулярнай з каталіцкіх малітваў, якія звернуты да Святой Марыі, Маці Ісуса. Малітва вядомая як «Анёльскае прывітанне» («Salutatio angelica») і складаецца з дзвюх частак. Першая частка ўзята з Евангелля ад Лукі (1:28 і 1:42). Другая частка («Sancta Maria…») з’яўляецца толькі ў XIV ст. як зварот да Святой Марыі з просьбай маліцца аб нас. Канчатковы варыянт быў сфармаваны да XVI ст. і ўключаны ў зборнік малітваў, выдадзены Папам Піем V ў 1568 г.
Надпіс Pax vobis (‘Супакой вам’) размешчаны над уваходам у Касцёле Узвышэння Святога Крыжа. Выраз сустракаецца ў некалькіх фрагментах Евангелляў: «Stetit Jesus in medio eorum et dicit eis: Pax vobis» (‘Ісус стаў пасярод іх і сказаў ім: Супакой вам’; Лк. 24:36); «Venit Iesus ianuis clausis et stetit in medio et dixit: Pax vobis!» (‘Прыйшоў Ісус, калі дзверы былі замкнутыя, стаў пасярод іх і сказаў: Супакой вам!’; Ін. 20:26).