23 лютага на філалагічным факультэце з нагоды Міжнароднага дня роднай мовы і ў рамках правядзення Тыдня родная мовы адбылася “Беларуская інтэлектуальная гульня”. Мерапрыемства было арганізавана аспіранткай кафедры беларускай літаратуры і культуры, членам Савета маладых вучоных Ірынай Часнок і выпускніцай згаданай кафедры Алесяй Гурскай-Таболіч. Галоўнай мэтай правядзення гульні з’яўляецца папулярызацыя беларускай культуры – традыцыйнай і сучаснай.
У “Беларускай інтэлектуальнай гульні” прынялі ўдзел каманды студэнтаў і выкладчыкаў філалагічнага факультэта, а таксама каманды навучэнцаў іншых факультэтаў БДУ і ўніверсітэтаў г. Мінска. Інтэлектуальнае спаборніцтва прайшло ў азартна напружанай і ў той жа час сяброўскай атмасферы. Акрамя таго, непаўторны каларыт стваралі стыль выступлення і яскравыя жарты вядучага – Вадзіма Жыдовіча.
Падчас мерапрыемства перад удзельнікамі выступілі прадстаўнікі Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі зрасповедам пра цікавыя праекты, якія ладзяцца ў тэатры, і запрашэннем маладых аматараў роднага слова да творчага дыялогу. Вядомы паэт Віктар Жыбуль прачытаў свае вершы, якія, што не дзіўна, выклікалі ў слухачоў сапраўднае захапленне.
Пераможцамі сталі наступныя каманды: “Дзед” – 1 месца (зборная студэнтаў славянскай і рамана-германскай філалогій, факультэтаў радыёфізікі і камп’ютарных тэхналогій, філасофіі і сацыяльных тэхналогій), “Кату пад пяту” – 2 месца (студэнты беларускай філалогіі) і “Мова ў мундзіры” – 3 месца (студэнты рускай і славянскай філалогій і выкладчыкі). Пераможцы атрымалі прыемныя падарункі ад арганізатараў, а да таго ж, за першае месца – білеты ў тэатр ад Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі.
Віншуем пераможцаў гульні і дзякуем усім сябрам філалагічнага факультэта за цікавасць да нашых праектаў!
{gallery}2016-02-26{/gallery}


BY

