Першая - урачыстая - частка мерапрыемства праходзіла побач з домам-музеем Янкі Купалы. Хрысціянскім гімнам "Магутны Божа" адкрыла канцэртную праграму харавая капэла інстытута тэалогіі (кіраўнік - А.М. Каляда), пасля выступлення якой на святой купалаўскай зямлі ўсіх прывітала дырэктар музея Янкі Купалы А.Р. Мацевасян. Яна выказала шчырую падзяку кіраўніцтву універсітэта і студэнтам. Дарэчы, студэнты філалагічнага і гістарычнага факультэтаў напярэдадні акцыі прынялі актыўны ўдзел у добраўпарадкаванні тэрыторыі запаведніка. Алена Раманаўна перадала рэктару БДУ праф. В.І. Стражаву дакумент, які сведчыць пра тое, што БДУ на пачатку XX ст. павінен быў насіць імя Янкі Купалы, але гэтая прапанова беларускага ўрада, на жаль, засталася толькі на паперы.
З вітальным словам да удзельнікаў акцыі звярнуўся начальнік аддзела культуры Маладзечанскага райвыканкама А.В. Рамановіч. Ён зазначыў, што гэта не адзінае мерапрыемства такога плану і запрасіў прыняць удзел у святкаванні 125-годдзя з дня нараджэння Я. Купалы і Я. Коласа, якое адбудзецца 6 ліпеня.
Дружнымі апладысментамі сустрэлі студэнты рэктара БДУ В.І. Стражава, які павіншаваў прысутных са святам і выказаў спадзяванне, што сустрэчы ў Вязынцы стануць добрай традыцыяй. Не менш горача віталі прысутныя і дэкана філалагічнага факультэта І.С. Роўду. Пасля традыцыйнага віншавання ён нагадаў, што праз тыдзень пачынаецца сесія, і пажадаў, каб гэты дзень даў студэнтам і выкладчыкам той неабходны зарад энергіі, якога б хапіла на ўсе залікі і экзамены.
Таксама перад гасцямі свята выступілі старшыня Міжнароднага фонда Янкі Купалы праф. В.П. Рагойша і вядучы купалазнаўца дацэнт І.Э. Багдановіч.
Працяг купалаўскіх і коласаўскіх традыцый - у творчасці нашых студэнтаў. Студэнтка 5 курса філфака Ганна Серэхан, лаўрэат паэтычнага конкурса "Нашай Нівы", прачытала эсэ і верш, прысвечаныя класіку.
Вытокі Купалавай паэзіі - у народнай песні, якую ён чуў з калыскі маці. Таму ўласна канцэртную праграму было даверана распачаць салістцы Народнага фальклорна-этнаграфічнага ансамбля "Неруш", студэнтцы 1 курса французскай філалогіі Дар'і Федарэнцы, у выкананні якой прагучала беларуская народная песня "Гыля, гыля, шэрыя гусі". Мілагучнасць беларускай народнай песні была прадэманстравана таксама ў выступленні капэлы інстытута тэалогіі БДУ.
Цудоўны народны - песенна-танцавальны - нумар "Купалінка" атрымаўся ў студэнтак 1 курса гістарычнага факультэта. Пяшчотны спеў Іны Зуевай і густоўная балетная імправізацыя Ліліі Бондар нікога не пакінулі раўнадушным. Выкладчыкі кафедры нямецкага мовазнаўства (Святлана Бабок і Дзмітрый Каралёў) сумесна са студэнтамі выканалі народную песню "Ехаў Ясь на кані".
Адным з самых яркіх момантаў свята стала выступленне фальклорна-этнаграфічнага гурта "Багач", які існуе на філалагічным факультэце пры кабінеце-музеі беларускай народнай культуры. Народныя песні "Ой чырочка-пташэчка" і "Ручнікі", купалаўскія і філфакаўскія прыпеўкі прыемна здзівілі ўдзельнікаў акцыі. Як бачым, народныя традыцыі жывуць і знаходзяць сваё адлюстраванне ў творчасці студэнтаў, у чым вялікая заслуга кіраўнікоў гурта Т.М. Смольскай і І.В. Казаковай.
Па-новаму загучаў яшчэ адзін гімн беларусаў - верш "А хто там ідзе?" - у выкананні студэнта 2 курса беларускай філалогіі Івана Шаха. Упершыню на купалаўскай зямлі гэты верш прагучаў на турэцкай мове ў выкананні замежных студэнтаў філфака Адыгюзеля Рамазана і Міхмеда Мірджана. Кітайскія студэнты Джан Сю, Чжу Сло і Чжао Цзіньянь прачыталі ўрыўкі з паэмы Якуба Коласа "Новая зямля" на кітайскай і - што асабліва ўразіла ўсіх гледачоў - беларускай мовах.
Асобным моцным момантам канцэртнай праграмы можна лічыць чытанне студэнтамі вершаў з грамадзянскай лірыкі Купалы і ўласных твораў. Так, гледачам запомніліся выступленні студэнта 5 курса фізічнага факультэта Юрася Петухова і студэнта 2 курса філалагічнага факультэта Івана Шаха.
Асобную частку на канцэрце складалі песні, што былі напісаны на словы Купалы і Коласа. Так, у выкананні курсанта ваеннага факультэта Юрыя Саланога прагучала славутая купалаўская і мулявінская "Малітва". Песню Сымона-музыкі пад бурныя апладысменты прысутных выканаў выкладчык геаграфічнага факультэта А.А. Новік. Няблага слухалася і песня "Спадчына" ў выкананні студэнткі 1 курса англійскай філалогіі Наталлі Крымоўскай.
Сімвалічнае "раскіданае гняздо" збіралі навучэнцы юрыдычнага каледжа БДУ, якія вандравалі па старонках драматургічных твораў Янкі Купалы. Цудоўную вясновую мініяцюру па матывах любоўнай лірыкі Купалы выканалі студэнты
Чароўныя гукі паланезу надалі святу высакароднае, шляхетнае гучанне. Гэты прыгожы танец быў выкананы студэнткамі 1 курса польскай філалогіі і студэнтамі гістарычнага факультэта (кіраўнік - выкладчык М.А. Фамянкова).
Сапраўдную вакальную кропку на канцэрце паставіла студэнтка інстытута кіравання і сацыяльных тэхналогій БДУ Алена Стэльмаховіч, якая віртуозна выканала песню "Белая Русь".
Пасля канцэрта адбылося ўрачыстае ўскладанне кветак да помніка Янкі Купалы.
Другая частка акцыі - спартыўна-забаўляльная - адбывалася на маляўнічым ўзгорку, які па добрай філфакаўскай традыцыі называюць Парнасам. Тут прайшлі спартыўныя спаборніцтвы. Кожны студэнт мог паспрабаваць забіць гол у вароты, якія абараняў спачатку рэктар БДУ, а потым дэкан філалагічнага факультэта. Дарэчы, вароты В.І. Стражава так і засталіся некранутымі. Прысутныя маглі таксама выпрабаваць уласныя сілы ў перацягванні каната, у футболе і пляжным валейболе. Пасля такой фізічнай нагрузкі трэба як след падсілкавацца. Стравай дня стала "Каша ад рэктара", якой Васіль Іванавіч частаваў усіх жадаючых.
Неўзабаве на Парнасе пачаўся бардаўскі канцэрт. У ім прынялі ўдзел пераможца конкурса бардаўскай песні БДУ "Фэст-А" студэнт журфака Юрась Кастузік, авангардны дуэт братоў Лупасіных, Аляксей Бельскі і Віталь Шпакоўскі (гурт "Зімы не будзе"). Бурнымі апладысментамі гледачы сустракалі Мікіту Сідарэнку, Уладзіміра Галака і Алеся Елісеева з іх нумарам "Два манахі". Пасля быў аб'яўлены "Свабодны мікрафон", усе жадаючыя маглі прадэманстраваць свае вакальныя і паэтычныя здольнасці.
Свята скончылася, але доўга яшчэ на Парнасе гучалі песні, вясёлы смех, звон гітарных струн... Хочацца верыць, што гэтая слаўная універсітэцкая традыцыя ўжо ніколі не будзе перарваная - і наступнай вясной мы зноў усім Універсітэтам будзем святкаваць чарговую дату з дня нараджэння беларускіх класікаў.
Сяргей Чарняўскі і Надзея Шук, студэнты 1 курса беларускай філалогіі,
С.А. Важнік, намеснік дэкана філалагічнага факультэта БДУ


BY 
