10 лютага 2017 года на фiлалагiчным факультэце студэнты англiйскай фiлалогii мелi магчымасць паслухаць адразу трох брытанскiх лектараў. Лiтаратурны кансультант Брытанскага савета Даг Уолас прапанаваў шырокую панараму сучаснай брытанскай лiтаратуры ў яе тэматычнай, жанравай i стылёвай разнастайнасцi. Лектарам былi грунтоўна прадэманстраваны асноўныя тэндэнцыі развiцця сучаснай брытанскай слоўнасцi. Адметна, што Даг Уолас не прамiнаў згадваць пра наяўныя i падрыхтаваныя да друку пераклады твораў брытанскiх пiсьменнiкаў на рускую мову. I хаця студэнты не былi надта шчодрыя на публiчныя пытаннi да лектара падчас прэзентацыi, аднак ахвотна ўступалi дыскусiю з госцем падчас перапынку. Размовы датычылi як творчасцi асобных пiсьменнiкаў, уключаных ва ўнiверсiтэцкую праграму, так i спецыфiкі працы лiтаратурнага кансультанта, "лiтаратурнага негра" (ghostwriter) i выдаўца.
Лекцыя пiсьменнiка i паспяховага журналiста Эндру Дыксана была прысвечана рэцэпцыi Шэкспiра ў свеце. Аўдыторыя жыва адказвала на ўсе пытаннi лектара, якi не хаваў сваёй узрушанасцi ўзроўнем ведання Шэкспiра беларускiмi студэнтамі. Адказы на пытаннi i дыскусiя працягвалiся ўвесь вялiкi перапынак. У абвешчанай гульнi на лепшае пытанне лектару перамогу атрымала студэнтка 4 курса Надзея Дзямiдка, якая запыталася, пра што мог бы пісаць Шэкспір, калі б быў нашым сучаснікам. У якасцi прыза пераможца атрымала кнiгу Эндру Дыксана “Worlds Elsewhere: Journeys Around Shakespeare's Globe” з аўтографам аўтара.
Блiскучым было выступленне Джэйн Магi, якая не толькi пазнаёмiла прысутных з унiверсiтэтам St. Andrews i cпецыфiкай атрымання сярэдняй i вышэйшай адукацыi, але i цiкава распавяла пра культуру i традыцыi Шатландыi. Адбылася жывая дыскусiя пра англiйскiя акцэнты. Студэнты даведалiся, як гучыць iмя iх любiмага лiтаратурнага героя Гары Потара ў розных кутках англамоўнага свету, як мясцовыя жыхары Сэнт-Эндруса ладзяць з вялiкай колькасцю студэнцтва ў горадзе, як адаптуюцца замежныя студэнты да шатландскага ладу жыцця.
У падарунак лектары атрымалi кнiгi аб фiлалагiчным факультэце i кнiгi перакладаў санетаў Уiльяма Шэкспiра на беларускую мову.
Cлайдшоў, скарочаны варыянт лекцыi Дага Уоласа, прэзентацыю Эндру Дыксана i праспекты пра ўнiверсiтэт Cэнт-Эндрус можна атрымаць на кафедры замежнай лiтаратуры (аўд.54).
Фатакарткi Марыяны Груздзiловiч i Наталлi Ламека.
{gallery}2017-02-13{/gallery}


BY

