Сэрвісы

Мерапрыемствы да Дня беларускай навукі

Мерапрыемствы да Дня беларускай навукі

З 23.01.23 па 27.01.23 на філалагічным факультэце БДУ пройдзе шэраг мерапрыемстваў, прымеркаваных да Дня беларускай навукі. Адбудуцца пасяджэнні навуковых семінараў : кафедра кітайскай філалогіі плануе семінар «Беларускія даследчыкі кітайскай літаратуры», кафедра тэорыі і методыкі выкладання рускай мовы як замежнай – семінар «Стратэгіі навучання замежнікаў прадуцыраванню і рэпрадуцыраванню маўлення на рускай мове», кафедра рыторыкі і методыкі выкладання мовы і літаратуры – семінар «Інавацыі ў выкладанні філалагічных дысцыплін».

Кафедра тэарэтычнага і славянскага літаратуразнаўства і вучэбна-навуковая лабараторыя беларускага фальклору абмяркуюць за круглым сталом «Міждысцыплінарныя даследаванні – рухаючая сіла навукі ХХI ст.» актуальныя даследаванні на мяжы літаратуразнаўства і фалькларыстыкі. Кафедра рускай літаратуры запрашае да круглага стала «Актуальныя праблемы даследавання рускай літаратуры». Кабінет-музей беларускай народнай культуры плануе абмеркаванне тэмы «Традыцыйныя каштоўнасці ў фальклорнай спадчыне беларусаў. Народная педагогіка».

Пасяджэнне навуковага семінара ў рамках СНДЛ для студэнтаў старэйшых курсаў, магістрантаў і аспірантаў будзе прысвечана тэме «Канцэпцыя карнавалу ў працы М. М. Бахціна “Творчасць Франсуа Рабле і народная культура сярэднявечча і Рэнесансу”», на пасяджэнні студэнцкага навуковага гуртка “Нязрымая калегия» студэнты 1-2 курсаў будуць шукаць адказ на пытанне «Ці ёсць правілы ў фантазіі?» (па працы Дж. Радары «Граматыка фантазіі»).

У чытальнай зале бібліятэкі кафедра тэарэтычнага і славянскага мовазнаўства адкрые выставу «Лінгвістычныя даследаванні: мова, культура, творчасць», з рэдкімі навуковымі выданнямі якой студэнты змогуць азнаёміцца на працягу месяца. З працамі вучоных-беларусістаў серыі «Замежная беларусістыка» пазнаёмяць студэнтаў кафедра беларускага мовазнаўства (прэзентацыя зборніка выбраных прац акадэміка Рыгора Піўтарака) і кафедра гісторыі беларускай літаратуры (навуковы семінар з абмеркаваннем выбраных прац па беларускім літаратуразнаўстве Гун-Брыт Колер).

У праграме мерапрыемстваў – міжуніверсітэцкі круглы стол «Методыка выкладання медыцынскай і біялагічнай латыні», які кафедра класічнай філалогіі філалагічнага факультэта арганізуе сумесна з супрацоўнікамі кафедры лацінскай мовы БДМУ.

Пытанню традыцыі і інавацый у філалагічнай адукацыі будзе прысвечана пасяджэнне навукова-метадычнай школы БДУ «Тэорыя і практыка выкладання мовы, літаратуры і рыторыкі», а таксама работа дыскусійнай пляцоўкі кафедры тэарэтычнага і славянскага літаратуразнаўства «Сучасныя канцэпцыі літаратуразнаўства ў вывучэнні і выкладанні славянскіх літаратур».

Падрабязней з праграмай мерапрыемстваў можна азнаёміцца тут.

Запрашаем да ўдзелу ў навукова-практычных мерапрыемствах, прысвечаных Дню беларускай навукі!

Image

Рэсурсы

Image
Image