25 студзеня 2023 года на філалагічным факультэце прайшло пасяджэнне Міжуніверсітэцкага круглага стала «Методика преподавания медицинской и биологической латыни», арганізаванага кафедрай класічнай філалогіі і прысвечанага Тыдню беларускай навукі.
У мерапрыемстве прынялі ўдзел выкладчыкі лацінскай мовы Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта і мінскіх медыцынскіх каледжаў.
Былі абмеркаваныя розныя аспекты выкладання лацінскай мовы ў медыцынскіх ВНУ і каледжах, на прыродазнаўчых факультэтах універсітэтаў, падрыхтоўкі выкладчыкаў медыцынскай і біялагічнай латыні. Вялікую цікавасць выклікалі даклады дацэнта кафедры лацінскай мовы БДМУ Андрэя Цісыка, Юргіты Пузанайтэ, выкладчыка УА «Мінскі дзяржаўны медыцынскі каледж», Таццяны Макрыцкай, старшага выкладчыка кафедры лацінскай мовы БДМУ, дацэнтаў кафедры класічнай філалогіі Арыны Кірычэнка і Кацярыны Стрыга.
Сваім вопытам працы і ўражаннямі падзяліліся выпускнікі мінулага года кафедры класічнай філалогіі БДУ, а зараз выкладчыкі-стажоры кафедры лацінскай мовы БДМУ К.Д. Ярмоленка і К.В. Сянько. З асаблівасцямі выкладання лацінскай мовы ў БДТУ ўдзельнікаў пазнаёміла выкладчык кафедры міжкультурных камунікацый і тэхнічнага перакладу магістр А.Ю. Ціхановіч. Аб спецыфіцы працы з замежнымі студэнтамі, якія навучаюцца на англійскай мове, расказала Аляксандра Пісарук, старшы выкладчык кафедры лацінскай мовы БДМУ.
Старшы выкладчык кафедры класічнай філалогіі БДУ Дзмітрый Мінкевіч узняў пытанне аб неабходнасці стварэння падручнікаў, даведнікаў, дапаможнікаў для будучых медыкаў і біёлагаў на беларускай мове.





BY

