Сэрвісы

Сустрэча ў Нацыянальнай акадэміі навук

Сустрэча ў Нацыянальнай акадэміі навук

22 лютага студэнты 2 курса спецыяльнасці “Руская філалогія” і выкладчыкі філалагічнага факультэта наведалі Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Для адніх студэнтаў гэта быў першы візіт у Акадэмію, для іншых – працяг знаёмства з ёю пасля вытворчай практыкі ў межах вывучэння фалькларыстыкі.

З прывітальным словам выступіў першы намеснік дырэктара Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, кандыдат гістарычных навук Аляксандр Бараноўскі, які павіншаваў удзельнікаў сустрэчы з Міжнародным днём роднай мовы і падкрэсліў, што Акадэміі навук патрэбны філолагі, да таго ж не толькі ў аддзелах, звязаных з вывучэннем моў і літаратур.

Загадчык аддзела славістыкі і тэорыі мовы, кандыдат філалагічных навук Таццяна Аліферчык і загадчык аддзела фалькларыстыкі і культуры славянскіх народаў, доктар філалагічных навук Таццяна Валодзіна акрэслілі перспектывы вывучэння славянскай этналінгвістыкі як міждысцыплінарнага напрамку, які патрабуе ведаў у розных галінах гуманітарных ведаў.

З праблематыкай этналінгвістычных, дыялекталагічных, гісторыка-этымалагічных і сацыялінгвістычных даследаванняў, якія ажыццяўляюцца ў аддзеле славістыкі і тэорыі мовы зараз, студэнтаў пазнаёмілі загадчык сектара этналінгвістыкі і фальклору Алена Боганева і навуковыя супрацоўнікі сектара Цімур Буйко і Валерыя Леу.

Студэнты даведаліся пра новыя выданні, падрыхтаваныя супрацоўнікамі Нацыянальнай акадэміі навук, карысныя для юных філолагаў у іх вучэбнай і даследчыцкай дзейнасці.

Прадстаўленыя матэрыялы выклікалі вялікую цікавасць у слухачоў: студэнты аналізавалі змест лінгвістычных карт базы даных “Беларускі фальклорна-этналінгвістычны атлас” (у курсе рускай дыялекталогіі яны як раз зараз вывучаюць лінгвістычную геаграфію), актыўна абмяркоўвалі між сабой пачутае і пабачанае, задавалі пытанні. Юныя ўдзельнікі сустрэчы ўпэўніліся, што мовазнаўчыя праблемы, да якіх  яны звяртаюцца на занятках па фалькларыстыцы, лексікалогіі, рускай дыялекталогіі, гістарычнай граматыцы рускай мовы, з’яўляюцца прадметам сучасных навуковых даследаванняў, актуальных для нашай краіны.

Сустрэча з вучонымі Нацыянальнай Акадэміі навук, арганізаваная выкладчыкамі кафедры рускай мовы Вольгай Зуевай і Ганнай Кавалёвай, была накіравана на прафесійную арыентацыю студэнтаў філалагічнага факультэта, падтрыманне іх цікавасці да даследчыцкай дзейнасці, фарміраванне каштоўнасных адносін да навуковай працы, выхаванне патрыятызму праз разуменне ўнікальнасці нацыянальнай моўнай культуры.

Зычым нашым студэнтам поспехаў у абраных імі кірунках прафесійнай падрыхтоўкі і выказваем падзяку калегам з Нацыянальнай Акадэміі навук за цёплы і гасцінны прыём.

Image

Рэсурсы

Image
Image