12 лістапада 2024 года на філалагічным факультэце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта адбылося ЎРАЧЫСТАЕ АДКРЫЦЦЁ з пераразаннем чырвонай стужкі аўдыторыі імя заслужанага дзеяча навукі Рэспублікі Беларусь Ларысы Аляксандраўны Мурынай. Мадэратарам мерапрыемства выступіў дэкан філалагічнага факультэта БДУ Сяргей Аляксандравіч Важнік.
З 2023 года кафедра рыторыкі і методыкі выкладання мовы і літаратуры распрацоўвае праект “Спадчына Л. А. Мурынай”, у рамках якога і была падрыхтавана да адкрыцця імянная аўдыторыя. Мэта праекта: прасоўванне навуковай спадчыны Л. А. Мурынай і развіццё закладзеных ёю традыцый. Дадзеная аўдыторыя будзе выкарыстоўвацца як цэнтр прыцягнення для навуковых даследаванняў па рыторыцы, методыцы выкладання мовы і літаратуры, як месца працы навуковай школы БДУ “Тэорыя і практыка выкладання мовы, літаратуры і рыторыкі”, стане адной з прастораў для правядзення навуковай, выхаваўчай і прафарыентацыйнай работы філалагічнага факультэта БДУ.
З прывітальным словам да ўдзельнікаў мерапрыемства звярнуўся першы прарэктар БДУ Дзмітрый Міраслававіч Курловіч. Ён падзяліўся сваім бачаннем ролі вучэбнай аўдыторыі імя Л. А. Мурынай для студэнтаў і выкладчыкаў універсітэта, а таксама падкрэсліў значэнне імянных аўдыторый у адукацыйным працэсе.
Дэкан філалагічнага факультэта БДУ Сяргей Аляксандравіч Важнік акрэсліў уклад Ларысы Аляксандраўны Мурынай у станаўленне факультэта, расказаў пра яе як пра асобу, кіраўніка і педагога.
Дырэктар Мінскага дзяржаўнага мастацкага каледжа імя А.К.Глебава Аляксандр Валер'евіч Шантаровіч падзяліўся гісторыяй стварэння партрэта Л. А. Мурынай, супрацоўніцтва пры падрыхтоўцы стэндаў для аўдыторыі.
Загадчык кафедры рыторыкі і методыкі выкладання мовы і літаратуры Андрэй Аляксандравіч Акушэвіч пазнаёміў з кароткай біяграфіяй Л. А. Мурынай, праектам “Спадчына Л. А. Мурынай” і канцэпцыяй віртуальнага музея, прысвечанага прафесару.
З 1970 па 2005 г. працоўная біяграфія Л. А. Мурынай непарыўна звязана з БДУ. У 1988 г. заснавана кафедра рыторыкі і методыкі выкладання мовы і літаратуры, якую Ларыса Аляксандраўна ўзначальвала на працягу 16 гадоў і садзейнічала фарміраванню яе найлепшых традыцый. З 1993 па 1996 г. з'яўлялася намеснікам дэкана, з 1996 па 2002 г. – дэканам філалагічнага факультэта БДУ. Садзейнічала пашырэнню спектра спецыяльнасцей на факультэце, зацвярджэнню новых тыпавых і рабочых вучэбных планаў, укараненню камп'ютэрных тэхналогій у працэс навучання, пастаяннаму росту кваліфікацыі навукова-педагагічных кадраў. З 2005 г. Л. А. Мурына працавала галоўным навуковым супрацоўнікам навукова-метадычнай установы “Нацыянальны інстытут адукацыі” Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. Сфера навуковых інтарэсаў: праблемы культуры маўлення, развіцця маўлення вучняў, выбару перспектыўных метадаў і прыёмаў выкладання рускай мовы, рыторыкі, значэнне камунікатыўных метадаў у выкладанні мовы. Пад кіраўніцтвам і пры навуковым кансультаванні Л. А. Мурынай абаронена больш за 50 дысертацый (з іх – 6 доктарскіх) па методыцы выкладання рускай і беларускай моў. Л. А. Мурынай апублікавана больш за 500 навуковых прац. Вынікі даследаванняў вучонага выкарыстоўваюцца ў Рэспубліцы Беларусь і за мяжой. З іменем Л. А. Мурынай звязана станаўленне навукова-метадычнай школы БДУ “Тэорыя і практыка выкладання мовы, літаратуры і рыторыкі” (кіраўнік дадзенай школы – доктар педагагічных навук, прафесар кафедры рыторыкі і методыкі выкладання мовы і літаратуры Вольга Уладзіміраўна Праскаловіч).
Начальнік вучэбнага цэнтра адукацыйных і інфармацыйных тэхналогій філалагічнага факультэта БДУ Дзмітрый Андрэевіч С'янаў прэзентаваў “Віртуальны музей Л. А. Мурынай”, прадэманстраваў яго магчымасці. Гэта распрацоўка будзе выкарыстоўвацца як працяг аўдыторыі імя заслужанага дзеяча навукі Рэспублікі Беларусь Ларысы Аляксандраўны Мурынай, як элемент музейнай педагогікі. Віртуальны музей дазволіць паказваць студэнтам спецыфіку тэхналогіі віртуальнай рэальнасці, дапаможа навучаць рабоце з гэтай тэхналогіяй, а таксама будзе задзейнічаны ў прафарыентацыйнай і выхаваўчай рабоце. Наведвальнік віртуальнага музея можа пахадзіць па музейных залах, паглядзець на фатаграфіі Л. А. Мурынай, даведацца пра асобныя яе дасягненні, пазнаёміцца з аўдыё- і відэаматэрыяламі, з кнігамі прафесара.
Удзельнікі мерапрыемства змаглі таксама ўбачыць фрагменты інтэрв'ю Л. А. Мурынай да 60-годдзя філалагічнага факультэта БДУ (1999 г.).
Працягнулася мерапрыемства выступленнем калег і вучняў Л. А. Мурынай, якія падзяліліся ўспамінамі аб прафесары, аб яе дзейнасці як кіраўніка і выкладчыка, адзначылі асобныя знакавыя гісторыі з жыцця, расказалі пра ЧАЛАВЕКА, НАСТАЎНІКА і ПРАФЕСІЯНАЛА.
Слова ўзялі:
Іван Сямёнавіч Роўда, доктар філалагічных навук, загадчык кафедры рускай мовы філалагічнага факультэта БДУ;
Мікалай Георгіевіч Яленскі, доктар педагагічных навук, галоўны навуковы супрацоўнік лабараторыі спецыяльнай адукацыі ДУА “Акадэмія адукацыі”;
Галіна Іванаўна Нікалаенка, доктар педагагічных навук, прафесар кафедры педагогікі і менеджменту адукацыі ДУА “Акадэмія адукацыі”;
Вольга Уладзіміраўна Зелянко, доктар педагагічных навук, прарэктар па навуковай рабоце ДУА “Акадэмія адукацыі”;
Ганна Міхайлаўна Валочка, доктар педагагічных навук, галоўны навуковы супрацоўнік лабараторыі гуманітарнай адукацыі ДУА “Акадэмія адукацыі”;
Васіль Фёдаравіч Русецкі, доктар педагагічных навук, начальнік навукова-даследчага цэнтра ДУА “Акадэмія адукацыі”.
Студэнтка 4 курса спецыяльнасці “Беларуская філалогія” Алеся Віктараўна Бахун зачытала ўспаміны пра Л. А. Мурыну доктара педагагічных навук, прафесара кафедры рыторыкі і методыкі выкладання мовы і літаратуры Вольгі Уладзіміраўны Праскаловіч.
Аддзел абслугоўвання філалагічнага і эканамічнага факультэтаў Фундаментальнай бібліятэкі БДУ падрыхтаваў выставу навуковых работ Л. А. Мурынай (загадчык аддзела – Крысціна Аляксандраўна Палянская).
Апошнім акордам мерапрыемства прагучаў адыёзапіс словаў на дарогу Л. А. Мурынай, прамоўленых ёю у 2015 годзе.
Студэнты, выкладчыкі, госці факультэта і прадстаўнікі сям’і Л. А. Мурынай адзначылі высокі ўзровень арганізацыі мерапрыемства, ацанілі канцэпцыю і магчымасці аўдыторыі.
Завяршыць аповед аб адкрыцці аўдыторыі імя заслужанага дзеяча навукі Рэспублікі Беларусь Л. А. Мурынай хочацца яе цытатай: «...Сапраўдную сілу мае толькі слова, насычанае сэнсам».





BY

