21 лютага выкладчыкі і студэнты філалагічнага факультэта наведалі ўрачыстае адкрыццё Дня праваслаўнай кнігі ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.
У 2025 годзе святкаванне Дня праваслаўнай кнігі прысвечана юбілейным датам Беларускай праваслаўнай царквы – 900-годдзю заснавання Спаса-Еўфрасіннеўскага жаночага манастыра ў г. Полацку, 800-годдзю заснавання Свята-Елісееўскага Лаўрышаўскага мужчынскага манастыра, 55 выданні «Апостала» Францыскам Скарынам, і 230-годдзю прастаўлення свяціцеля Георгія (Каніскага).
Ва ўрачыстым адкрыцці Дня праваслаўнай кнігі прынялі ўдзел Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Рэспублікі Беларусь Аляксандр Румак, генеральны дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Вадзім Гігін, кіраўнік прадстаўніцтва Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы ў г.Мінску Анатоль Маркевіч, святары, прадстаўнікі, дзяржаўных і царкоўных выдавецтваў і бібліятэк, выкладчыкі і студэнты рэспубліканскіх ВНУ і прадстаўнікі СМІ.
Патрыяршы Экзарх Усяе Беларусі Веніямін выступіў з прывітальным словам, у якім адзначыў, што ў рамках святкавання Дня праваслаўнай кнігі ў нашай краіне праводзіцца мноства мерапрыемстваў, арыентаваных на розны ўзрост чытачоў. Шырокая праграма накіравана на тое, каб звярнуць увагу сучаснага чалавека на чытанне духоўнай літаратуры для яго маральнага выхавання і далучэння да тысячагадовай хрысціянскай традыцыі.
У рамках мерапрыемства адбылася канферэнцыя на тэму «Асвета беларускіх земляў праз кнігу. Юбілейныя даты Беларускай праваслаўнай царквы».
У фае Нацыянальнай бібліятэкі для ўсіх прысутных разгарнулася таксама экспазіцыя навінак кнігавыдання Беларускай праваслаўнай царквы па гісторыі Праваслаўя на беларускіх землях, выпушчаных за 2024 год і за апошняе дзесяцігоддзе.
Святкаванне Дня праваслаўнай кнігі працягнецца ў духоўна-асветніцкім цэнтры «Каўчэг» у Свята-Елісавецінскім манастыры Мінска. Там з 23 па 28 лютага будзе праходзіць выстава «Чытаючы горад», наведвальнікі якой змогуць сустрэцца з пісьменнікамі, узяць удзел у прэзентацыі кніг, літаратурных гульнях і розных майстар-класах.
Водгукі студэнтаў:
«Дзень праваслаўнай кнігі» - гэта важная падзея для ўсіх, хто шануе духоўную і культурную спадчыну. Гэты дзень падкрэсліў значнасць праваслаўнай літаратуры ў жыцці вернікаў і грамадства ў цэлым.
Таксама "Дзень праваслаўнай кнігі" нагадвае аб тым, як важна захоўваць і перадаваць духоўныя веды з пакалення ў пакаленне. Гэтая падзея натхніла нас на чытанне і вывучэнне святых тэкстаў, а таксама на асэнсаванне іх значэння ў нашым жыцці.
Гэтае мерапрыемства аб'ядноўвае людзей вакол агульнай ідэі — імкнення да духоўнага развіцця і пошуку сэнсу жыцця праз чытанне» (Шут Антон, Нежавец Варвара, Тарасевіч Валерыя; 6 група 1 курса)
“21 лютага нам пашчасціла трапіць на святкаванне Дня Праваслаўнай кнігі ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. Адкрыў мерапрыемства Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі, Патрыяршы экзарх усяе Беларусі.
У праграму ўваходзіла таксама канферэнцыя. На паверсе бібліятэкі была прапанавана вялікая і цікавая экспазіцыя кніг па гісторыі праваслаўя на беларускіх землях.
Я вельмі радая, што мне прадставілася магчымасць наведаць імпрэзу! Гэта быў незабыўны і вельмі карысны досвед» (Пахоменка Алёна; 6 група 1 курса).
«Нацыянальная бібліятэка Беларусі стала годнай прасторай для падзеі, дзе духоўнасць і філалагічная глыбіня злучыліся ў адзінае цэлае. Асноўны акцэнт быў зроблены на ролі праваслаўнай кнігі ў фарміраванні культурнай і гістарычнай спадчыны Беларусі. Асаблівая ўвага нададзена сувязі богаслужбовых тэкстаў з развіццём мовы, літаратуры і нацыянальнай самасвядомасці.
Цэнтральным элементам стала выстава рэдкіх выданняў — ад рукапісных фаліянтаў да першых друкаваных кніг, што наглядна падкрэсліла пераемнасць традыцый. Лекцыі і дыскусіі адрозніваліся змястоўнасцю, пазбягаючы абстракцый: абмяркоўваўся ўплыў сакральных тэкстаў на беларускую літаратуру, адукацыю і этыку.» (Цімафей Антонаў; 5 група 2 курса)






BY

